Таямніцы роднай мовы

Культура и духовность 23 февраля 23 842
Таямніцы роднай мовы

Вы паслухайце родную мову: 
Жаўруковаю песняй звініць… 
Колькі фарбаў, адценняў у слове! 
Як пявуча ліецца-гучыць! 

Лідзія Полазава

Роднае слова — люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова — наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

Дзень роднай мовы «Родная мова — крыніцы натхнення!» прайшоў у бібліятэках Воранаўшчыны. На працягу дня гучалі вершы на беларускай мове, ладзіліся турніры і гульні, літаратурныя кампазіцыі.

Інтэлектуальны турнір  «Таямніцы роднай мовы» адбыўся ў Воранаўскай раённай бібліятэцы для вучняў Воранаўскай сярэдняй школы.

Пачаўся турнір з уступнага слова бібліятэкара аб гісторыі паходжання міжнароднага свята Дня роднай мовы, якое адзначаецца 21 лютага. Далей дзецям прапанавалася паудзельнічаць у конкурсах: «Размінка», «Перакладчыкі», «Ведаем лексіку», «Перакладаем з рускай мовы”», «Чытаем па-беларуску», «Уключаем фантазію». У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзве каманды «Купалаўцы» і «Каласочкі». Хлопчыкі і дзяўчынкі з энтузіязмам спрачаліся над пытаннямі і, самі таго незаўважаючы, замацоўвалі веды, а самае галоўнае — яны былі адной камандай.

Прыгожа і эмацыянальна прагучаў верш П.Панчанкі «Родная мова» у выкананні Максіма Саланкі. Напрыканцы сустрэчы гасцям была паказана інсцэніроўка «Не прадаецца хата бацькоў «.

У філіяле «Бастунская сельская бібліятэка-клуб» прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў «Гучы, родная мова!»

Усе ўдзельнікі конкурсу  добра падрыхтаваліся і бліскуча выступілі, паказаўшы сваё майстэрства і арыгінальнасць выканання.

Дзень беларускай мовы «Роднаму слову гучаць!» прайшоў у філіяле «Больцішская інтэграваная сельская бібліятэка». Бібліятэкар вяла аповед пра тое, адкуль і як узнікла наша родная беларуская мова. Дзеці з задавальненнем праслухалі легенду «Адкуль пайшлі беларусы», успаміналі матуліны калыханкі, адгадвалі загадкі. Прымалі ўдзел у конкурсе «Пазнай твор па яго пачатку». А для таго, каб  больш даведацца пра  творы беларускіх аўтараў, была прапанавана кніжная выстава «Сузор’е беларускіх кніг». 

У філіяле «Радунская гарпасялковая бібліятэка» прайшла акцыя «Моўны дзень у бібліятэцы». Карыстальнікаў сустракалі супрацоўнікі бібліятэкі ў нацыянальных касцюмах і заахвочвалі размаўляць па-беларуску.

Дзень быў напоўнены цікавымі падзеямі: гучалі беларуская музыка і народныя песні, выстава-інсталяцыя «літаратурных прысмакаў» заклікала «пакаштаваць» літаратуру на любы густ. Акрамя гэтага прайшла займальная моўная гульня «Папацей, грамацей», дзе ўдзельнікі перакладалі словы і назвы казак, адгадвалі «Загадкі з вясёлай хаткі», тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, спрабавалі прагаварыць скорагаворкі. Самыя кемлівыя знаўцы мовы атрымалі салодкі пачастунак.

Акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску» прайшла ў філіяле «Тракельская сельская бібліятэка». Бібліятэкар не толькі размаўляла ўвесь дзень з чытачамі на роднай мове, але і прапанавала ім у гэты дзень у краме, на вуліцы, дома — усюды карыстацца роднай мовай.

Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць «зямлі бацькоўскай слова».

Шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!

 

Людміла Фурман, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК «Воранаўская раённая бібліятэка»

Фота з архіва бібліятэкі

Добавление комментария
CAPTCHA
*