Віртуальнае падарожжа па святочнай Лідзе з кампетэнтным суразмоўцам

Журналіст сустрэлася з начальнікам аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталляй Леўшуновай.
Маршрут пракладзены
– Наталля Фёдараўна, давайце завочна пройдзем разам з Вамі па якім-небудзь маршруце арганізацыі свята. Уявім, што прыйшлі 6 верасня ў цэнтр горада, на месца правядзення. З чаго Вы параілі б нам пачаць і па якіх лакацыях пракладваць шлях?
– Я б пачала наш святочны маршрут ад Лідскага замка, паколькі там з самага ранку распачнецца культурна-відовішчнае мерапрыемства сярэднявечнай культуры. (Дарэчы, у замкавым двары пройдзе і афіцыйная сустрэча гасцей свята.) У замку будзе арганізаваны сярэднявечны рыцарскі лагер, які ўключае ў сябе не толькі месца стаянкі, але і кухню, зброевую майстэрню, рыцарскую варту, забавы накшталт пасвячэння ў рыцары і іншае. На тэрыторыі замка таксама размесцяцца шацёр і саксонскія палаткі, будзе разгорнута выстава рыцарскай зброі.
Не магу не згадаць і яшчэ пра адно мерапрыемства, якое адбудзецца 6 верасня ў замку. З 18 да 19 гадзін сваім канцэртам парадуе Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Квіткоў на яго набываць не трэба.
– А як пабудуем маршрут ад Лідскага замка?
– Думаю, першай нашай лакацыяй стане манументальна-дэкаратыўная скульптура “Верабейкі” ля Дома Таўлая. У 16 гадзін пройдзе яе ўрачыстае адкрыццё. Гэты інклюзіўны арт-аб’ект прысвечаны першаму вершу Валянціна Таўлая. Яго ён напісаў у 7 гадоў. Стваральнікам арт-аб’екта з’яўляецца наш зямляк Рычард Груша. Гэта яго падарунак гораду.
Ад “Верабейкі” рухаемся па вуліцы Замкавай. Не можам не звярнуць увагу на арт-пляцоўкі з ухілам на Дзень пісьменства грамадскіх аб’яднанняў: “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”. Сваю пляцоўку размесціць і Нацыянальнае агенства па турызму. На ёй будзе прэзентавацца новы маршрут турыстычнага падарожжа “Месцы сілы на Лідчыне”. Далей мы з Вамі заглянем на культурны марафон талентаў Лідчыны і ўсёй Гродзенскай вобласці пад назвай “Ліда мову ўслаўляе і гасцей усіх вітае!”. Ён будзе праходзіць на працягу дня на пляцоўцы недалёка ад помніка князю Гедыміну.
Ідзем далей і перамяшчаемся на вуліцу Савецкую. Падыходзім да помніка Францыску Скарыне. На 16:35 запланавана, што недалёка ад яго пройдзе цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXXII Дню беларускага пісьменства. Падрыхтаваны для гэтага цэлы творчы сюжэт.
Вядома, не прамінем мы вялікія павільёны дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” і адкрытага акцыянернага таварыства “Белкніга”, якія размесцяцца на пляцоўцы за помнікам Францыску Скарыне. Не толькі да Вашага ведама, але і да ведама ўсіх аматараў беларускай прозы і паэзіі таксама скажу, што з 9:15 да 13 гадзін у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі будзе праходзіць вельмі цікавая рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Лідскія чытанні” з удзелам навукоўцаў і літаратараў, а ў 14:30 тут распачнецца творчая сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом з удзелам народных артыстаў Беларусі Марыі Захарэвіч і Эдуарда Ханка. Хачу акцэнтаваць увагу на тое, што 6 верасня ўрачыста адкрые свае дзверы адноўлены магазін “Кніжны свет”, што па праспекце Перамогі. 
А чаму б не пабываць на адкрыцці тэматычнага муралу на будынку Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы?! Не магу не згадаць, што насценны жывапіс створаны пры фінансавай падтрымцы “Беларусбанка”. А яшчэ ў бібліятэцы пройдзе круглы стол пад назвай “80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты”. Арганізатары яго – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага. Шэраг цікавых мерапрыемстваў арганізуе сама Лідская раённая бібліятэка. Таксама каля яе будынка на працягу двух дзён свята будзе працаваць цікавая арт-лакацыя.
Па вуліцы Ленінскай прадставяць свае вырабы рамеснікі, на ёй жа, на супрацьлеглым баку, размесціцца выставачная галерэя ўстаноў дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі Лідчыны.
– Вядома, усюды, аб чым Вы расказалі, цікава будзе пабываць. Што і зробім. Але давайце рухацца далей па выбраным намі маршруце.
– Пасля таго, як мы наведалі павільёны Нацыянальнай бібліятэкі і “Белкнігі”, мы накіруемся да пляцовак, якія будуць прадстаўлены дзяржаўнымі музеямі гісторыі беларускай літаратуры, імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, бібліятэкамі Гродзенскай вобласці, музеямі ўстаноў адукацыі, Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і іншымі. А па вуліцы Мітрапаліта Філарэта нас чакае “Фестываль кнігі і прэсы”. У павільёнах Мінска і ўсіх абласцей рэспублікі размесцяцца тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі. На фестывалі можна будзе пазнаёміцца і з нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі.
Калі стрэлкі на гадзінніку наблізяцца да 18:40, мы паспяшаемся да святога для лідчан месца – Кургана Бессмяроцця. Тут адбудзецца цырымонія ўскладання ганаровымі гасцямі кветак, як даніна памяці нашым продкам – пераможцам у Вялікай Айчыннай вайне. А ў 19:00 у паркавай зоне мы станем гледачамі вельмі цікавай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “17 верасня 1939 года”. Яна будзе доўжыцца дзесьці паўгадзіны.
У 20:00 адбудзецца, бадай што, самы важны момант свята – урачыстае адкрыццё XXXII Дня беларускага пісьменства.
– Дзе пройдзе гэтае марапрыемства?
– На галоўнай сцэне каля Палаца культуры. Менавіта падчас яго будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Завершыцца цырымонія святочным феерверкам.
– Стаць сведкамі ўрачыстага адкрыцця Дня пісьменства зможа кожны жадаючы?
– Так, безумоўна.
Прыедуць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець
– На плошчы ля дзіцячай школы мастацтваў таксама ўстаноўлена вялікая сцэна. А што плануецца правесці на ёй?
– Адкрыты харавы фестываль-конкурс “Лідскі хор-фэст”. Для выступлення заяўлены 44 калектывы і амаль 600 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі. 6 верасня пройдзе конкурснае праслухванне. 7 верасня (ужо на галоўнай пляцоўцы каля Палаца культуры) адбудзецца гала-канцэрт, у якім выступяць пераможцы фестываля-конкурсу. Акрамя таго, музычныя творы выканае іх зводны хор. Дырыжыраваць ім будзе ганаровы грамадзянін Лідскага раёна Сяргей Бугасаў.
Хачу згадаць яшчэ пра адну цікавую лакацыю. У скверы паміж райвыканканам і аддзелам рамёстваў будзе знаходзіцца пляцоўка традыцыйнага рамяства “Ніці продкаў”. Плануецца, што на ёй размесцяць парадка дзесяці кроснаў, і на іх будуць даваць майстар-класы як майстры Лідчыны, так і Гродзенскай, Віцебскай абласцей.
Не менш цікава
– А што змогуць убачыць тыя, хто прыйдзе на другі дзень свята, 7 верасня?
– У другі дзень будуць працаваць лакацыі, як і ў першы дзень. Пра іх я Вам ужо казала. Цікавае мерапрыемства з 11 да 12 гадзін чакае гасцей ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Гэта прэзентацыя трох кніг: “Лідскі край: з любоўю і назаўжды”, “Край наш вольны, край любімы”, “З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі”. Прэзентацыя яшчэ аднаго выдання – “Мінэя 1724 г.” адбудзецца ў Лідскай гарадской бібліятэцы, што знаходзіцца на бульвары князя Гедыміна.
Хачу звярнуць увагу, што ўпершыню падчас Дня беларускага пісьменства пройдзе такое мерапрыемства, як абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворная крыніца” і свята кадрылі. Месца правядзення – плошча ля дзіцячай школы мастацтваў. Пачатак у 11 гадзін.
– Асобна спыніцеся, калі ласка, на мерапрыемстве, якое пачнецца 7 верасня ў 8:30 у Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы.
– З 3 па 7 верасня пройдзе XXXII Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Маршрут праляжа ад Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска па шэрагу вёсак і гарадоў да Ліды. З гэтай нагоды ў Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы адбудзецца Божая літургія, а затым яе ўдзельнікі крэсным ходам накіруюцца ад сабора да Свята-Георгіеўскай царквы.
– Наколькі я ведаю, у другі дзень усе мерапрыемствы свята будуць доўжыцца да 16 гадзін.
– Так. Але перад гэтым з 14 да 15 гадзін прысутныя стануць сведкамі вельмі яскравага закрыцця XXXII Дня беларускага пісьменства. Падчас яго на сцэне каля Палаца культуры ўрачыста будзе перададзены вымпел гораду-сталіцы Дня беларускага пісьменства наступнага, ужо 2026 года. А фінальнай кропкай свята стане выступленне на той жа сцэне Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Упэўнена, што гэтая канцэртная праграма не пакіне нікога з гледачоў абыякавым.
Удакладненні ў канцы размовы
– Ведаю, што нашых чытачоў зацікавіць, ці будзе працаваць на свяце гандаль?
– На пляцоўцы па вуліцы Янкі Купалы, 1 будзе праходзіць гастранамічны фестываль “Літаратура&Стравы”, а святочныя гандлёвыя рады і фуд-корты размесцяцца на вуліцах Я. Купалы і Савецкай.
– І яшчэ такое немалаважнае пытанне: з усім прадстаўленым на свяце жыхары і госці горада змогуць азнаёміцца і прыняць удзел бясплатна?
– Вядома. Выключэнне – рыцарскі турнір у Лідскім замку.

У нашай размове мы не змаглі згадаць усе мерапрыемствы праграмы свята, паколькі яна вельмі шырокая. Але, як кажуць, лепш адзін раз убачыць. Таму прыходзьце на свята беларускага пісьменства! Цікавага і пазнавальнага будзе шмат.
https://lidanews.by/
