Музыка для Бога — асалода для душы

27 октября 15 1282


Кожны чалавек выбірае медодыі і песні па свайму густу. 24 кастрычніка аматары арганнай музыкі — жыхары Воранаўшчыны і шматлікія суседзі-лідчане — сабраліся ў касцёле Святога Юрыя ў вёсцы Асава. Спеў на лацінскай, беларускай, рускай і польскай мовах, мелодыі, што выплывалі з арганаў і віяланчэлі, зачаравалі ўсіх слухачоў.

Супакой і гармонія луналі падчас канцэрта ў касцёле. У душу кожнага пранікла знаёмая мелодыя “Ave Maria”, выкананая Таццянай Глазуновай, салісткай заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам М. Фімберга. Напярэрадні лістапада — месяца ўспамінаў аб памёрлых — была дарэчы песня-малітва Андрэя Міхневіча, ма-гістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі, арганіста касцёла Святой Троіцы ў Гервятах. Слёзы, якія замерлі ў вачах вернікаў, былі аб тым жывой сведкай. Не менш цеплыні і любові да Бога і чалавека было ў мелодыях, выкананых віяланчалісткай, салісткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццянай Боравай. Сама прырода, шчодра адорваючы выканаўцу сонечным арэолам, нібы радавалася кожнай нотцы, што растваралася ў ве-лічы храма. Калі ж з-пад чуткіх пальцаў Аляксандра Музыкантава, саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выпускніка Лонданскай каралеўскай акадэміі музыкі, выплыў знакаміты паланэз Агінскага, слухачы замерлі і, здавалася, па-сапраўднаму адчулі хваляванні душы аўтара далёкага васямнаццатага стагоддзя…

Асалоду ад духоўнай музыкі, без перабольшвання, атрымалі ўсе прысутныя. А для настаяцеля касцёла, ксяндза Яна Пецюна гэтая канцэртная праграма стала асаблівым падарункам да 30-годдзя святарства.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: А. Міхневіч, Т. Борава, А. Музыкантаў і Т. Глазунова.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*