Ад КНІГ да электронных ТЭХНАЛОГІЙ. Сёння — Дзень бібліятэк
Сёлета прафесійнае свята для бібліятэкараў Воранаўшчыны асаблівае. У верасні галоўная бібліятэка раёна адзначае сваё 80-годдзе.
Воранаўская скарбніца ведаў прайшла па гістарычных мерках невялікі шлях, але ён быў насычаны падзеямі, цёплымі сустрэчамі з чытачамі і творчымі людзьмі. Самы складаны перыяд — пасляваенны час, калі яна адчыніла свае дзверы. Тады бібліятэка “прапісалася” ў невялічкім пакойчыку, а кніжны фонд склаў усяго 700 кніг. Дый тыя ахвяравалі мясцовыя жыхары. Людзі цягнуліся да ведаў, кола чытачоў пашыралася, фонд паступова багацеў.
Знакавым для бібліятэчнай справы Воранаўшчыны стаў 1976 год: бібліятэкі раёна склалі ў адзіную цэнтралізаваную сістэму, што дазволіла аптымізаваць працу. Воранаўская ж атрымала статус цэнтральнай раённай і стала функцыянаваць як метадычны цэнтр.
Дзесяць год назад была ўтворана ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”. Сёння яна аб’ядноўвае 16 філіялаў і аддзел абслугоўвання і інфармацыі. Дзейнічаюць тры інтэграваныя бібліятэкі ў аграгарадках Забалаць, Жырмуны, Больцішкі, а ў вёсцы Бастуны — бібліятэка-клуб. Цяпер бібліятэчны фонд дастаткова багаты — налічвае каля 170 тысяч кніг, газет і часопісаў. Штогод ён папаўняецца новымі цікавымі выданнямі — выконваецца даручэнне Прэзідэнта па абнаўленні камплектавання бібліятэкі ў 12%. Кожны чытач тут можа знайсці выданне на любы густ — ад навуковых, твораў пра Беларусь, Вялікую Айчынную вайну да дзіцячай літаратуры, дэтэктываў і лёгкіх раманаў. А з гэтага года дзякуючы атрыманаму сертыфікату нашай скарбніцай ведаў варанаўчане могуць далучацца да электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі.
Несумненна, усе здабыткі — вынік плённай працы бібліятэкараў. Шмат сіл у гэтую справу ўклалі ветэраны працы Тэкля Браніславаўна Мікутайціс, Лідзія Цімафееўна Смірнова, Святлана Фёдараўна Садоўская, Чэслава Тадэвушаўна Бабкова, Таццяна Мікалаеўна Шчыгла, Валянціна Іванаўна Вайшвіла і іншыя. Многа год бібліятэчнай справе Воранаўшчыны аддала яе былы кіраўнік, энергічны чалавек Таццяна Рыгораўна Сушынская.
Сёння творчы калектыў узначальвае Наталія Віктараўна Камінская. Разам з калегамі годна працягваюць традыцыі ветэранаў. Аб гэтым гавораць іх дасягненні. Штогод бібліятэкі раёна атрымліваюць прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Два гады запар удала выступалі ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”: другое месца — у 2023 годзе, першае — у мінулым.
— Наша прафесійнае свята нагадвае аб важнай ролі бібліятэк у грамадстве, — зазначыла Н.В. Камінская. — Паважаныя калегі, вы — захавальнікі ведаў і культуры, ваша праца натхняе многіх землякоў. Жадаю вам творчых поспехаў, радасці ад зносін з кнігамі і чытачамі, а таксама штодзённых новых адкрыццяў!
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.
