Без мінулага няма і будучага

26 чэрвеня ў рамках рэспубліканскага марафону моладзі і студэнцтва «Moladz.by: ствараем якаснае будучае!» на Воранаўшчыне прайшоў Дзень традыцый.
Насычаная праграма ў гэты дзень дазволіла кожнаму акунуцца ў свет беларускай культуры і традыцый. Асаблівую цікавасць выклікала выстава народнай творчасці «Наша спадчына» у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе былі прадстаўлены вырабы мясцовых умельцаў: ручнікі, выцінанкі, розныя віды народных лялек-матанак, вырабы з саломы і гліны.
Майстар-класы, якія праходзілі на працягу ўсяго дня, дазволілі ўдзельнікам паспрабаваць сябе ў народных рамёствах. Вядучыя майстры Анжэла Лявон і Галіна Мялько падзяліліся з навучэнцамі Воранаўскага дзяржаўнага каледжа сакрэтамі і тэхнікамі вырабу абярэгавых лялек-пялянашак і выцінанак «Дрэва жыцця». Удзельнікі з задавальненнем пагрузіліся ў свет самабытных народных рамёстваў і стварылі свае ўласныя ўпрыгожванні і абярэгі.
Не менш яскравай падзеяй дня стала экскурсія ў пакой-музей «Тут Радзімы маёй пачатак» у Пагародне. І тут не абышлося без забаў: падчас экскурсіі мясцовыя дзеці прынялі ўдзел у майстар-класе па ткацтве ад Анжэлы Ладыш і паўдзельнічалі ў народнай гульні «Вясёлы чаўнок». Завяршылася экскурсія пачастункам — унікальнай пагародзенскай стравай «Маканкай».

— З кожным годам усё больш людзей цікавіцца мінулым сваіх продкаў, іх побытам, традыцыямі свайго народа. Наша моладзь не выключэнне, гэта не можа не цешыць! — падзялілася загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Наталля Бобіна.
Дзень традыцый на Воранаўшчыне стаў сапраўдным святам адзінства пакаленняў, магчымасцю пагрузіцца ў аўтэнтычную атмасферу беларускай культуры. Моладзь змагла не толькі дакрануцца да вытокаў нацыянальнай культуры, але і яшчэ раз пераканацца ў тым, што традыцыі — гэта не проста словы, гэта тое, што аб’ядноўвае нас і робіць мацнейшымі.


Юлія ЛЫШЧЫК, стэдэнтка ГрДзУ імя Янкі Купалы.
Фота аўтара.
