Купальскае свята на гульні багата (ФОТА)
Ноч з 6 на 7 ліпеня ў славян адзначаецца як ноч Івана Купалы. Спрадвеку гэтае свята звязана з рамантычнымі традыцыямі і легендамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І ў нашыя дні яны захаваліся ў абрадах, якія ўзнаўляюцца падчас святкавання Купалля.
У нашым гарадскім пасёлку традыцыйныя тэматычныя гулянні разгарнуліся на беразе воранаўскага вадаёма. А дзявятай гадзіне вечара тут сабраліся і людзі, і казачныя персанажы — Купалінка, Купала, Кікімара, Лешы.
Рыхтуючы купальскае гулянне, работнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці вырашылі, што напрыканцы працоўнага тыдня дадуць людзям магчымасць пабавіць свой вольны час так, як здаўна рабілі гэта нашы продкі — з песнямі, танцамі, гульнямі, спаборніцтвамі, карагодам вакол купальскага вогнішча і абавязкова пошукам папараці-кветкі і пусканнем вянкоў па вадзе. І павесяліць народ, стварыць казачны настрой, атмасферу чароўных пераўвасабленняў у іх атрымалася.
Тэатралізаваная праграма працягнулася святочнай дыскатэкай. Для гасцей свята працавалі гандлёвыя рады.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.
