Першы дзень вайны

Дыханне вайны жыхары Начы адчулі ў першы ж яе дзень. Бамбардзіроўка аэрадрома, пажарышчы, смерць людзей, паніка і страх.
Дзень 22 чэрвеня 1941 года застаўся ў памяці маіх землякоў як адзін з самых жудасных, страшных, крывавых. Вось якім яго памятае Марыя Антонаўна Сяпцілка, 1934 г.н. (у дзявоцтве Махнач): “Наша сям’я жыла ў той час на “акалёні” (хутары), там нам далі зямельны надзел. Хоць мне на той час было толькі 7 гадкоў, я вельмі добра памятаю, як усё адбывалася. Гэта была нядзеля, мы з мамай, як звычайна, пайшлі ў Начу ў касцёл. Не памятаю ўжо чаму, але я выйшла дадому з касцёла раней за маму. Каля жытнёвага поля сустрэла ваеннага, відаць, начальнік — меў камандзірскую сумку цераз плячо. Раптам чую страшэнны гул: “У-у-у-у!” Падымаю вочы — а ў небе хмара самалётаў, кружаць над аэрадромам, над будынкамі, хіляцца набок, і з іх нешта падае. У неба ўзнімаюцца вялізныя слупы агню і дыму, чуваць страшныя выбухі. Гэты камандзір, што ішоў па дарозе, толькі крыкнуў: “Девочка, ложись, ложись!”
Як потым даведалася ад старэйшых, нямецкія самалёты разбамбілі склады з гаручым, з прадуктамі, якія знаходзіліся непадалёку ад аэрадрома на хутары, дзе раней пражывала сям’я Вільканец”.
Антаніна Пятроўна Дзерангоўская, 1933 г.н. (у дзявоцтве Урбановіч) таксама вельмі добра запомніла першы дзень вайны. Вось вытрымкі з яе ўспамінаў: “Спачатку ў небе з’явіўся адзін самалёт, пакружыўся над аэрадромам і, як нам здалося, памахаў нечым белым, потым яшчэ адзін. Гэтыя самалёты хутка паляцелі. А праз нейкі час іх ужо з’явілася многа і пачалася бамбёжка. Хоць мы і былі далекавата ад гэтага месца, але добра чулі выбухі, бачылі дым і агонь, якія высока ўзнімаліся над зямлёй”.
Саму вёску самалёты не бамбілі, але і тут панавалі паніка, страх. Успаміны сваёй маці Вікторыі Канстанцінаўны Клімашэўскай пра гэты дзень пераказвае Тэадора Чаславаўна Сяпцілка, 1945 г.н.: “Гэта здарылася дзесьці ў абед, бо ў касцёле толькі што скончылася імша, народ пачаў разыходзіцца. Тут, у вёсцы, пачалася паніка, чуліся крыкі. Невядома адкуль узяліся ваенныя, нехта з іх крычаў: “В костел прячьтесь, в костел!” Казалі, што народу там набілася столькі, што ад іх дыхання па сценах касцёла цякла вада.
А ўжо пазней вяскоўцы назіралі такую карціну: па дарозе на Радунь ішла вялізная калона людзей, якая расцягнулася на некалькі кіламетраў. Гэта былі зняволеныя, якія працавалі на будаўніцтве аэрадрома”.
Страшная карціна паўстала перад тымі, хто адважыўся пасля бамбёжкі пайсці ў раён аэрадрома. Разбітая машына, а ў ёй забіты шафёр і мёртвая, з адарванай нагой маладая дзяўчына ў форме. Напэўна, медсястра. Вакол — глыбокія варонкі ад выбухаў, забітыя, знішчаныя агнём пабудовы, рэшткі таго, што было на складах. Мясцовыя пачалі разбіраць усё, што ўцалела і магло спатрэбіцца ў гаспадарцы. Гэта была небяспечная справа, бо на тэрыторыі засталося многа неразарваных бомбаў, і людзі падрываліся на іх. Мае суразмоўцы ўспомнілі некалькі такіх выпадкаў і нават назвалі прозвішчы тых, хто падарваўся.
Ганна ЯЗУКЕВІЧ,
жыхарка в. Нача, настаўніца Нацкай СШ.
Гістарычная даведка

На карце вызначаны вобласці, далучаныя да БССР у 1939 годзе.
З 17 верасня 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучана да Усходняй, акруга звалася Заходняй асобай ваеннай акругай. Статус “асобай” атрымала за непасрэдны судотык з часткамі вермахту. І ёй як прымежнай акрузе ставілася задача “...аба-раняць дзяржаўную мяжу ад раптоўнага ўварвання ўзброеных сіл праціўніка на тэрыторыю СССР. Часткі праціўніка, якія прарвуцца праз мяжу, акружаць і знішчаць”.
Для вырашэння пастаўленай задачы першапачатковай мерай сталі размяшчэнне і матэрыяльнае забеспячэнне савецкіх войскаў, перакінутых на тэрыторыю заходніх абласцей Беларускай ССР. Патрэбны былі казармы, аэрадромы, палігоны для забеспячэння жыццядзейнасці і баявой падрыхтоўкі амаль 300-тысячнага савецкага войска. Абсталяванне тэрыторыі Беларусі патрабавала як мага хутчэй утварыць аэрадромную сетку. 24 сакавіка 1941 года Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову “Аб забеспячэнні будаўніцтва і рэканструкцыі аэрадромаў”. Толькі ў Баранавіцкай вобласці, куды ўваходзілі і нашы тэрыторыі, планавалася пабудаваць іх 14, адным з якіх і быў аэрадром у Начы. Ён значыўся як аб’ект №80. З архіўных дакуметаў Гродзенскай вобласці вядома, што будаўніцтва праводзілася ў выключна цяжкіх умовах: “аб’екты не забяспечаны механізмамі, усе работы вядуцца ўручную, … будаўнікі не маюць бетонамяшалак, каменедрабілак, бракуе машын, трактароў, прылад і іншых механізмаў”.
Каб у запланаваныя тэрміны выканаць такія маштабныя работы, патрабаваліся дзясяткі тысяч рабочых і фурманак з возчыкамі, пагэтаму да работ прыцягвалася мясцовае насельніцтва на ўмовах падраду. Як успамінае мясцовы жыхар Багдан Браніслававіч Жамойтэль, 1927 г.н., працаваў на гэтым аб’екце разам з бацькам. Яны на сваім кані вазілі каменне на аэрадром. На кожнага гаспадара даводзілася норма, якая была вельмі вялікай. Разам з мясцовым насельніцтвам па зменах працавалі і жыхары суседніх Лідскага і Шчучынскага раёнаў. На самім аэрадроме працавалі зняволеныя. Пляцоўку пад будучы аэрадром высцілалі каменнем, а на яго клалі бетонныя пліты. На пачатак вайны будаўніцтва гэтага аб’екта не было завершана.
