15 сентября — День библиотек. Маладосць i кнiга — поруч

Калі размова ідзе пра бібліятэкара, то ўяўляецца дасціпная жанчына, хутчэй за ўсё сярэдняга ўзросту, у акулярах. З гэтага ўсталяванага вобраза выбіваецца малады спецыяліст аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Карына Пашкевіч. Больш за год сустракае яна чытачоў сваёй ветлівай усмешкай. За гэты час паспела вывучыць іх літаратурныя густы і ўжо можа трапна парадзіць цікавую кнігу.
— Існуе меркаванне, што сённяшняя моладзь не сябруе з кнігай. А такая прафесія, як бібліятэкар, увогуле ў яе не ў пашане. Чаму Вы вырашылі выбраць менавіта гэты прафесійны шлях? — не магла не пацікавіцца пасля кароткага знаёмства з дзяўчынай.
— Напэўна, не ўсе меркаванні маюць рацыю, — усміхнулася Карына. — Проста я з дзяцінства вельмі любіла чытаць. Праўда, у школьныя гады перавагу аддавала замежным пісьменнікам, якія пісалі фантастыку і жахі. Аднак ад класікі не адмаўлялася — за лета перачытвала ўсю зададзеную настаўнікамі літаратуру. Таму, мяркую, пасля 11 класа рашэнне паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “бібліятэкар, бібліёграф, менеджмент” прыйшло невыпадкова. Была задаволена, калі размеркавалі мяне на маю малую радзіму, Воранава. Тут цудоўна сустрэў мяне калектыў, адчуваю значную падтрымку ад старэйшых калег. Хоць і не хачу загадваць далёка наперад, але думаю, што праца ў раённай бібліятэцы — на гады.
Цяпер Карыну Пашкевіч разгубленым з-за мноства кніг і аўтараў бібліятэкарам не назавеш. Яна даволі няблага арыентуецца ў фондзе. Актыўна аказвае паслугу дастаўкі кніг на дом людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
— У працы з людзьмі няма дробязяў. Кожны патрабуе індывідуальнага падыходу, — упэўнена дзяўчына. — Бываюць і ў бібліятэцы напружаныя дні, калі нас наведвае каля ста чалавек. Неабходна ўлічваць узроставыя прыхільнасці. Мужчыны ў асноўным цікавяцца дэтэктывамі, а жанчыны бяруць раманы. Бывае, чытачы шукаюць рэдкія кнігі, з якімі за невялікі прафе-сійны стаж мне не давялося ні разу сутыкацца. Тады на дапамогу прыходзяць калегі. Сёння хачу павіншаваць іх з прафесійным святам. Жадаю плёну ў працы, цікавых кніг і верных чытачоў!
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
