Сіла роднага слова. Якім быў ХХХІІ дзень беларускай пісьменнасці
6 і 7 верасня эпіцэнтрам літаратурных падзей рэспубліканскага масштабу стала Ліда. Яна прымала XXXII Дзень беларускага пісьменства, які падкрэслівае непарыўную сувязь нацыянальнай культуры, духоўнай спадчыны і кнігадрукавання. Гэтая культурная з’ява злучыла ў адно гісторыю і сучаснасць, традыцыі і новыя арт-рашэнні, склікала вядомых пісьменнікаў і паэтаў, прадстаўнікоў вядучых СМІ і кнігавыдання, таленавітых айчынных выканаўцаў і майстроў.
У канцэпцыю свята сёлета было пакладзена некалькі тэм. У першую чаргу — 80-годдзе Вялікай Перамогі і Год добраўпарадкавання. Шмат ўвагі адведзена літаратурным датам. Акрамя юбілеяў класікаў беларускай літаратуры, самай знакавай з’яўляецца 500-годдзе з дня першай публікацыі на беларускіх землях кнігі “Апостал” Францыска Скарыны.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч перадала прывітальны адрас удзельнікам і гасцям фестывалю ад кіраўніка дзяржавы:
— Гэта знакавая падзея зноў і зноў звяртае кожнага з нас да гістарычнай памяці і традыцый продкаў, спрадвечных чалавечых каштоўнасцей, якія ў тым ліку праз кнігу выхоўваюцца з маленства: добразычлівасць і імкненне да ведаў, павага да чалавека і яго працы, сумленнасць і любоў да Баць-каўшчыны.
Фестываль кнігі і прэсы стаў сапраўдным святам для аматараў чытання і друкаванага слова. Асаблівая ўвага — рэгіёнам. Пляцоўкі прэзентавалі літаратурны патэнцыял абласцей, навінкі ў кнігавыданні. На стэндах выданняў Гродзенскай вобласці пачэснае месца заняла “Воранаўская газета”. Кожны жадаючы, гартаючы свежыя нумары раёнкі, змог даведацца, чым жыве Воранаўшчына, якія важныя падзеі ў нас адбываюцца і чым мы ганарымся.
Воранаўшчына прэзентуе
Воранаўская раённая бібліятэка вітала гасцей на літаратурнай пляцоўцы, прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі. Увазе гледачоў дырэктар бібліятэкі Наталля Камінская прадставіла праект “Праўнукі Перамогі: бібліятэка для будучага”. Былі арганізаваны фотазоны ваеннай тэматыкі, літаратурныя гульні. Найбольшую цікавасць выклікалі такія экспанаты экспазіцыі, як патэфон і драўляная перасоўная фотакамера. Заглянуць у аб’ектыў паспрабаваў і Вадзім Гігін, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды».
Найбольшым попытам на свяце карыстаўся “нацкі дзярун”. Паспрабаваць культурную спадчыну Воранаўшчыны згадзіўся старшыня аблвыканкама Юрый Караеў. На бульбяныя водары падаспелі і дзеці. Губернатар уважліва і па-бацькоўску прапанаваў малым паесці, а тыя з задавальненнем смакавалі страву. Прадстаўнік замежнай дэлегацыі не змог стрымаць замілавання ад іх дыялогу. Яшчэ большае здзіўленне госця з-за мяжы выклікаў той факт, што гэта не яго дзятва. На што губернатар з усмешкай адказаў: “Чужых дзяцей не бывае!” Да спадобы аказаліся “дзеруны” і Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Рэспублікі Зімбабвэ ў Беларусі Ігнаціусу Грэму Мудзімбе і яго жонцы.
Майстар па ткацтву каляровых ўзорных посцілак і дываноў Анжэла Ладыш у рамках праекта “Ад прадзіва да ткацтва” заклікала не толькі паназіраць за працэсам стварэння палатна, але і стаць аўтарам асабістых радочкаў з нітак. Вабілі і дзяцей, і дарослых рукатворныя сувеніры з саломы, паперы, тканіны масцярыц Воранаўскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Галіны Мялько і Анжэлы Лявон. Актывістка маладзёжнага крыла раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Юлія Мілінкевіч на свяце прадставіла саламяны герб Воранаўскага раёна. Дарэчы, тры найбуйнейшыя грамадскія арганізацыі краіны — БРСМ, Беларускі саюз жанчын і РГА “Белая Русь” — арганізавалі ля сцен Лідскага замка дзясяткі інтэрактыўных пляцовак.
На працягу двух дзён Ліда стала лакацыяй розных творчых конкурсаў і фестываляў. Прыемна, што сярод іх пераможцаў гучалі імёны нашых землякоў. Так, у намінацыі “Лепшая калекцыя гліняных вырабаў” абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Прынямоння фальклорная крыніца” дыпломам III ступені адзначаны Німатула і Наталля Шарыпавы з Германішак. Такая ж узнагарода ў Аляксандра Кукіна ў намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца фальклорнай песні”.
Чым здзіўлялі гасцей?
На два дні цэнтральныя вуліцы Ліды сталі месцам культурнага ўзбагачэння і развіцця. Тут адбыліся прэзентацыі кніжных навінак, праходзілі літаратурныя чытанні, інсцэніроўкі, гістарычныя рэканструкцыі і аўтограф-сесіі. Урачыстае адкрыццё свята адбылося ў фармаце тэатралізаванага паказу — гістарычнага падарожжа праз прызму мінуўшчыны і сучаснасці Лідчыны. З галоўнай сцэны гучалі вершы беларускіх паэтаў, песні. У цэнтры праграмы — паэзія класікаў і новых беларускіх літаратараў. Гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь стаў яркім завяршэннем свята.
У Лідзе адкрыліся новыя арт-аб’екты, мурал, адноўленая кнігарня. Некаторыя з вуліц і сквераў горада запоўнілі майстры ўнікальных для краіны рамёстваў. А які разнастайны гастрафэст з нацыянальнай і сучаснай кухняй заклікаў гасцей!
Знакавым момантам свята стала перадача вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства — у 2026 годзе ёю стане горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці.
Кацярына ГАЙЖЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.
