Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы па-доцішску

Штогод наша школа далучаецца да рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў, прымеркаваных да значных падзей. Сёлета святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў сценах нашай школы было напоўнена крэатыўнасцю і нетрадыцыйнасцю.
Бадзёры настрой з самай раніцы ўсім падаравалі навучэнцы 8 і 9 класаў. Дзяўчаты і хлопцы заінтрыгавалі ўсіх сваімі цікавосткамі, прапанавалі рашыць лексічныя задачы і атрымаць за гэта салодкі пачастунак. Пасля інтэлектуальнай трэніроўкі ўсіх чакала цікавая сустрэча. У актавай зале настаўнікі і навучэнцы сустрэліся з “замежнымі гасцямі”. Кітаец і француз наперабой расказвалі пра культуру і традыцыі сваёй краіны. “Іншаземцы” хваліліся тым , наколькі распаўсюджанымі і папулярнымі з’яўляюцца французская і кітайская мова. Спыніць гэтую дыскусію змог маленькі беларус, які пераканаў усіх у тым, што беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай і гарманічнай мовай у свеце. А гарантам міру ва ўсім міры — узаемапавага народаў і нацый.

Дзякуючы навучэнцам 6 класа, кожны з прысутных змог пашырыць свае веды пра гісторыю развіцця беларускай мовы. А інфармацыя пра “Чырвоную кнігу моў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння” падштурхнула кожнага аб нечым задумацца.


Навучэнцы сярэдняга звяна распрацавалі фотабутафорыю ў беларускім стылі з сучаснымі лагатыпамі і хэштэгамі. Вясёлыя малюнкі садзейнічалі пашырэнню слоўнікавага запасу дзяцей. Акрамя інавацыйных форм работы ў Міжнародны дзень роднай мовы старшакласнікі звярнуліся да класікі.
Вечарына “Я на ўсё жыццё абраў дарогу”, прысвечаная жыццю і творчасці Аркадзя Куляшова, стала фінальным акордам святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.
Педагогі і бацькі ў гэты дзень не засталіся без увагі. Усе жадаючыя далучыліся да напісання Гродзенскага абласнога дыктанта “Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Стагоддзямі складвалася, шліфавалася і ўзбагачалася беларуская мова. Тысячы людзей слова да слова, гук да гука збераглі гэты неацэнны скарб. Задача маладога пакалення — зберагчы яго. Гучы, жывое ў вяках, беларускае слова!
Юлія Андруконіс,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
