У Воранаве адбылося свята фальклору “Адзінства традыцый”
У Воранаве адбылося свята фальклору “Адзінства традыцый”. Калектывы і аматары творчасці Воранаўшчыны падарылі землякам насычаную музычную праграму, напоўненую мілагучнымі народнымі спевамі, танцамі і абрадамі.
Святочныя пляцоўкі сталі сапраўдным парталам у мінулае, дзе кожны жадаючы мог дакрануцца да багатай спадчыны нашых прадзедаў. Тут былі шырока прадстаўлены народныя рамёствы, традыцыйныя песні і танцы. Гасцям прапанавалі паспрабаваць стварыць прыгожыя выцінанкі і вырабы з саломы, далучыцца да ткацтва падчас майстар-класаў.
Сапраўды цікавым действам стала рэканструкцыя абраду «Вяселле па-воранаўску», якую таленавіта аднавілі работнікі культуры. Акрамя таго, кожны мог пачаставацца славутымі стравамі з таркаванай бульбы, навучыцца побытавым танцам і далучыцца да запальнага марафону «Танцуем па-даўнейшаму».
Свята пакінула пасля сябе шмат цёплых эмоцый. І прымусіла задумацца: на жаль, пераймаць старадаўнія традыцыі і непасрэдна вучыцца майстэрству ў народных носьбітаў гэтага багацця суайчыннікі пакуль не вельмі спяшаюцца — актыўных удзельнікаў свята аказалася няшмат.
Юлія ЛЫШЧЫК.
Фота Марыны КАНДРАТОВІЧ.
