Вернікі воранаўскага каталіцкага прыхода развіталіся са сваім настаяцелем — ксяндзом Анджэем Вітэкам
Далей яго служба Богу і людзям пройдзе ў шпіталі польскага Шчэціна
Святар родам з Польшчы. 34 гады душпастарскай дзейнасці ён аддаў Воранаўшчыне. Пачынаў свой святарскі шлях у Беняконях, працаваў у Германішках і Тракелях. Па ініцыятыве ксяндза Анджэя ў 1993 годзе адбылася першая пешая пелігрымка да знакамітага на ўвесь свет абраза Маці Божай Тракельскай. Дзякуючы гэтаму ў аграгарадку паўстаў дыяцэзіяльны санктуарый.
Дваццаць год ксёндз Анджэй працаваў у Воранаве, з’яўляўся дырэктарам філіяла дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. Клопатам былі ахінуты не толькі каталіцкія сем’і, але і людзей іншых веравызнанняў.
У 2016 годзе намаганнямі настаяцеля касцёл райцэнтра набыў статус санктуарыя. Шмат намаганняў ксёндз Анджэй Вітэк прыклаў для добраўпарадкаваня тэрыторыі і самаго храма. За што святару вельмі ўдзячны прыхаджане.
Сёння яны падчас імшы выказалі словы падзякі за гэта і тое, што ён заўжды быў духоўнай падтрымкай вернікаў. Заверылі, што будзе ў іх сціплых сэрцах і шчырай малітве.
Да кветак і падарункаў ксяндзу Анджэю Вітэку ў дадатак — Грамата Воранаўскага райвыканкама.
— Ваша служэнне ў касцёле Божай Міласэрнасці пакінула незгладжальны след у сэрцах людзей, — звярнулася да настаяцеля святыні намеснік старшыні райвыканкама Гражына Крахмальчык. — Вы былі не проста святаром, але і сапраўднай духоўнай апорай для многіх сем’яў, актыўным удзельнікам шматлікіх рааённых мерапрыемстваў, сацыяльных ініцыятыў. Мы заўжды маглі разлічваць на Вашу падтрымку і мудрую параду. Няхай Ваша дзейнасць і ў далейшым прыносіць плён на ніве духоўнай працы.
Ксёндз Анджэй вельмі расчуліўся. Дзякаваў мясцовай уладзе за падтрымку і паразуменне, вернікам — за сумесныя малітвы і духоўны вопыт.
Па яго прызнанні, Беларусь стала для святара другім домам. Ён заўжды будзе рады бачыць варанаўчан і будзе ўзгадваць іх у сваіх малітвах.
Падрабязней пра духоўны шлях ксяндза Анджэя Вітэка — у бліжэйшым нумары “ВГ”.
