“Воранаўскі дранік” пад спеў “Драздоў”. 27 верасня ў Воранаве пройдзе смачны і гучны бульба-фэст
Запрашаем жыхароў і гасцей раёна наведаць брэндавае свята.
Вас чакае сапраўдны бульбяны БУМ: мноства дранікаў і страў з таркаванай бульбы, а таксама конкурсы і майстар-класы па іх прыгатаванні. Кожны жадаючы зможа весела правесці час і паказаць свае таленты.
Разнастайныя тэматычныя пляцоўкі запросяць вас да ўдзелу.
“Бульбу вараць, бульбу параць…” — кожнае сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна прадставіць разнастайнасць страў з таркаванай бульбы. Наведвальнікі пляцоўкі змогуць не толькі яе пакаштаваць, але і вызначыць пераможцу.
На пляцоўцы “Якасць-бульба! Лепшы сорт!” вы сустрэнецеся з прафесійнымі селікцыянерамі Гродзеншчыны. Бульбу розных гатункаў можна будзе набыць на кірмашы-продажы “Урадзіла бульбачка”.
На падворку “Байк-дранік” будуць гатаваць мужчыны-байкеры.
Паўдзельнічаць у майстар-класах па прыгатаванні дранікаў і страў з таркаванай бульбы вас запросяць на пляцоўках “Дранік-гаспадар” і “Дранік са смакам традыцый”.
Сямейным парам прыйдзецца даспадобы інтэрактыўная пляцоўка “Дранік-пікнік”, аматарам спорту — спаборніцтвы па сілавому экстрыму.
Цікава будзе паназіраць за адначасовым выпяканнем самых вялікіх дранікаў.
Канцэртная праграма свята абяцае быць яркай і насычанай. Сярод запрошаных зорак — Вольга Рыжыкава і Тэа, калектыў “Добрыя людзі” і “Уладары”, кавер-гурт “Креатив Бэнд”, народны фальклорны калектыў “Сĕнтĕр” эстрадны калектыў “Ліда-мюзікл”.
Хэдлайнерам фэсту стане гурт “Дразды”.
Завершаць свята вогненнае шоў, дыскатэка, праграма ад “Душевного радио”.


