9 снежня – 65 гадоў з дня нараджэння Ігара Пракаповіча
Пракаповіч Ігар Міхайлавіч – беларускі пісьменнік, географ, краязнавец, педагог. Нарадзіўся 9 снежня 1960 года ў г. Паставы, беларускі пісьменнік.
Маленства правёў у родным горадзе, але часта, асабліва ўлетку, наведваў Мядзельшчыну, Нарачанскі край – радзіму бацькоў. У 1985 годзе скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у Апідамскай васьмігадовай школе, старшынёй Палескага сельскага Савета. 3 1986 года – настаўнік геаграфіі СШ № 1 г. Паставы і кіраўнік навуковага краязнаўчага таварыства школьнікаў «Ювента». Займаецца літаратурай, краязнаўствам, турызмам, педагогікай.
У 1994 годзе Ігар Міхайлавіч быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Працуе пераважна ў жанры паэзіі. Першая публікацыя (вершы «Няўтульная асенняя пара», «Гарыць агнём мой даўні лёс…», «I зноў настане дзень…») з’явілася ў пастаўскай раённай газеце «Звязда» 13 снежня 1986 года. Выдаў зборнікі вершаў: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999). За кнігу паэзіі «Рэха малітваў» атрымаў званне лаўрэата прэміі часопіса «Маладосць». Працуе таксама ў жанрах прозы, драматургіі, займаецца перакладамі. Аўтар шэрагу артыкулаў па гісторыі, тапаніміцы, культуры раёна («Старажытная гісторыя Пастаўшчыны», «Пастаўская воласць у сярэдзіне XIX стагоддзя», «Забыты шлях», «Што ў назве?», «3 роду фундатараў і мецэнатаў» і інш.). Адкрыў месца старажытнага паселішча каля возера Саранчаны і курганны могільнік каля в. Міхаліна.

Аўтар шэрагу вучэбных праграм, некалькіх навукова-педагагічных прац, у тым ліку: «Сістэма школьнага краязнаўства», «Методыка вывучэння роднага краю», «Геаграфічныя назвы мацерыкоў». Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000). Аўтар зборнікаў: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999), «Луска вечнасці» (2005), «Калядны ранак» (2007), «О Беларусь, мая шыпшына…» (2007) і іншыя. У 2014 годзе пабачыла свет невялічкая энцыклапедыя Пастаўшчыны – «Чароўны край – Пастаўшчына».
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.
