Ліда: Горад дзе гісторыя сустракаецца з сучаснасцю

Общество 06 сентября 25 148
Ліда: Горад дзе гісторыя сустракаецца з сучаснасцю
Да Ліды cхіліліся галінкі нашага радавога дрэва, і яна, як маці, пяшчотна прытуляе нас і нашых блізкіх. Мы, лідчане, вельмі любім свой горад і ганарымся ім. І вось чаму.

Яна шаноўнага ўзросту…

Наша Ліда мае багатую гісторыю. І ў пацвярджэнне таму – шматлікія артэфакты. Хто не ведае пра Лідскі замак? Яго будаўніцтва, як апорнага пункта на шляху паміж Навагрудкам і Вільняй, распачаў у 1323 годзе князь Гедымін. За час свайго існавання замак пазнаў нямала. А зараз гэты помнік абароннага дойлідства служыць аб’ектам для турыстычнага паказу. Цікавасць да яго вялікая. Напрыклад, летась тут пабывала больш за 120 тысяч чалавек. 

Пра гісторыю Ліды можна атрымаць уяўленне з экспазіцый Лідскага гісторыка-мастацкага музея і прадметаў, якія там захоўваюцца. Дарэчы, шэраг з іх эксклюзіўныя, знойдзеныя непасрэдна на Лідчыне. Гэта старадаўняя касцяная матыка, наканечнік ножнаў скандзінаўскага мяча, шахматная ладдзя 14-15 ст., скарб манетаў 17-19 ст., скарб кніг пачатку 20 ст. піярскага калегіума, калекцыя з больш за дзвесце паштовак пачатку 20 ст. і іншае.

Мы, лідчане, як і наогул жыхары Беларусі, людзі талерантныя. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Лічы, па-суседству, на вуліцы Савецкай, размешчаны два дзеючыя храмы: праваслаўны – Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор і каталіцкі – касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Да месца будзе згадаць, што ў касцёле захоўваецца адзін  з самых старажытных абразоў Беларусі – Маці Божай Ружанцовай, прынесены ў Ліду манахамі-францысканцамі ў 1376 годзе. У саборы прыцягваюць увагу дзве вялікія іконы святога Амвросія Опцінскага і святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона, якія ўтрымліваюць часцінкі святых мошчаў, а таксама ікона Божай Маці Жыровіцкай.

А яшчэ хочацца сказаць пра наша вялікае пачуццё еднасці і вялікага патрыятызму, калі мы ў Дзень Незалежнасці Беларусі і ў Дзень Перамогі ўсе разам прыходзім да Кургана Бессмяротнасці. Ён быў закладзены ў Лідзе ў 1966 годзе ў памяць аб воінах і партызанах, якія загінулі пры вызваленні Лідчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і аб мірных жыхарах нашага рэгіёна, што сталі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб продках мы перададзім сваім нашчадкам. 

… і маладая

Наша Ліда хоць і мае шаноўны ўзрост, але з гадамі не старэе, а наадварот, набывае малады, сучасны выгляд. Дарэчы, у савецкія часы горад упэўнена рухаўся па колькасці жыхароў да 100-тысячнай лічбы. І дайшоў. А потым, падчас перабудовы, гэтая лічба паціху пачала змяншацца. Што мы канстатуем зараз? У Лідзе пражывае больш за 103 тысячы чалавек. Гэта сведчыць аб тым, што ў нашым горадзе хочуць жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. Недарэмна ў Лідзе вялося і вядзецца жыллёвае будаўніцтва. Раней актыўна прырастаў новымі шматпавярхоўкамі цэнтр горада і мікрараён Індустрыяльны, зараз вядзецца будаўніцтва новага мікрараёна “Поўнач”, разлічанага болей чым на 33 тысячы жыхароў. Узводзяцца і новыя дзіцячыя садкі, а значыць – горад глядзіць у будучыню.


Здаўна многія ведаюць Ліду як прамысловы горад. Ужо даўно на слыху не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі такія брэнды, як “Лідская мука”, “Лідская лакафарба”, “Лідскае піва”, “MiLida”, “Лідскія харчовыя канцэнтраты”, прадукцыя прадпрыемстваў машынабудавання і іншае. Разам з тым укараняюцца брэнды прадпрыемстваў, якія з’явіліся параўнальна нядаўна (напрыклад, “Індычка з Ліды”). У Ліду пачалі ездзіць вытворцы за шэрагам паслуг, якіх не было раней, адна з іх – па гарачаму ацынкаванню.

Лідчане з гонарам могуць казаць пра развіццё ў горадзе сацыяльнай сферы.

Адзначаецца высокая якасць нашай адукацыі. Работа ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама па выніках работы за мінулы год прызнана лепшай не толькі ў вобласці, але і ў краіне. 

Лідская цэнтральная раённая бальніца не так даўно пачала працаваць як міжраённы цэнтр (апорная клініка), які забяспечвае спецыялізаванай медыцынскай дапамогай не толькі насельніцтва нашага раёна, але і шэраг прылеглых. Для гэтага медыцынская ўстанова папоўнілася сучасным высокатэхналагічным медыцынскім абсталяваннем. І гэта, дарэчы, толькі пачатак удасканалення дзейнасці нашай установы аховы здароўя. 


У Лідзе з’яўляюцца аб’екты гандлю не горшыя, чым у сталіцы. Так, напрыклад, пустуючы будынак па вуліцы Качана ператварыўся ў шыкоўны гандлёвы цэнтр “ЛідаПарк”. Штосьці не менш уражлівае чакае лідчан пасля заканчэння будаўніцтва на скрыжаванні вуліц Ленінскай і праспекта Перамогі.

Ліда заўсёды славілася правядзеннем шматлікіх культурных мерапрыемстваў. У 2017 годзе з’явілася ідэя стварыць сімбіёз культуры, багатай гісторыі Лідчыны і турызму. Так быў пакладзены пачатак культурна-турыстычнаму праекту “Замкавы гасцінец”. Ён прыжыўся. І цяпер на пешаходнай вуліцы Замкавай  лідчане і госці горада кожныя летнія выхадныя становяцца сведкамі асаблівага дзеяння. На ёй выступаюць мясцовыя артысты, праводзяцца фестывалі, імправізаваныя выстаўкі, прадаюць свае вырабы рамеснікі, прапаноўвае прысмакі выяздны гандаль і іншае. Дарэчы, вуліца Замкавая стала пешаходнай некалькі гадоў назад, яе замасцілі брукаванкай, устанавілі зручныя лаўкі. Прызамкавая тэрыторыя яшчэ больш змянілася падчас падрыхтоўкі горада да Дня беларускага пісьменства. 

Верасень для Ліды багаты на брэндавыя мерапрыемствы. Па-першае, горад адзначае свой дзень нараджэння, і, як заўсёды, да свята прымеркаваны разнастайныя цікавыя імпрэзы. А хто не ведае пра фестываль “Lidbeer”, які традыцыйна праходзіць у нашым горадзе? На яго сцякаецца людскі паток з усёй Беларусі і замежжа. 



Мы назвалі толькі некалькі момантаў з таго станоўчага, што з’явілася за апошнія гады ў нашым горадзе. Безумоўна, за ўсім гэтым стаіць праца яго жыхароў. Але, калі казаць па шчырасці, галоўны сакрэт развіцця Ліды як сучаснага горада ў тым, што ёй (і гэта адзначаюць многія лідчане) шанцуе на кіраўнікоў раённай улады, людзей актыўных, ініцыятыўных, па сучаснаму думаючых. Эстафету сваіх папярэднікаў летась паспяхова пераняў Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі. І зараз Ліда прадаўжае рухацца наперад. Мы перакананы, што гэты шлях заўсёды будзе такім жа цвёрдым і ўпэўненым.


https://lidanews.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*