Н. Якжык: “Я шчаслiвая, што трапiла сюды, i не шкадую...”

С праздником 07 марта 12 2331

Наталля Віктараўна Якжык больш за 16 год аддала Пагарэльцаўскай школе, што ў  Нясвіжскім раёне на Міншчыне, а агульны педагагічны стаж — 20 гадоў. Калі сустрэла сваю палавінку, то без шкадавання змяніла месца жыхарства. Зараз жанчына жыве ў аграгарадку Канвелішкі і з’яўляецца дарэктарам Іяткішскай базавай школы. Яна з тых кіраўнікоў, якія ўмеюць арганізаваць справу, з’яднаць калектыў, не баяцца браць на сябе адказнасць.

Мы папрасілі Наталлю Віктараўну падзяліцца ўражаннямі аб нашым раёне.

— Сюды я прыехала ў мінулым годзе. Хачу адразу сказаць, што ваш край мне вельмі спадабаўся. Першае, што я зрабіла — пазнаёмілася з гісторыяй Воранаўшчыны, Ёткішак дзеля таго, каб абжыцца і стаць тут сваёй. Пагутарыўшы з калегамі і асабіста з намеснікам дарэктара па гаспадарчай частцы Тадэвушам Вітольдавічам Войшнісам, адчула, што яны ведаюць гісторыю ўтварэння школы і ганарацца сваёй установай.

Безумоўна, пакідаючы абжытыя мясціны, Наталля Віктараўна перажывала, як наладзіцца праца, як сустрэнуць яе ў калектыве, як яна, новы чалавек, зможа знайсці паразуменне з вучнямі і іх бацькамі. У хуткім часе ўпэўнілася: турбавалася дарэмна...

— Мне вельмі спадабалася, што мясцовыя дзеці выхаваныя, працавітыя, добрыя. Адчуваецца, што тут моцныя карані, канешне, на гэта паўплывала і рэлігійнае выхаванне (у раёне, дзе я раней працавала, яно неадчувальнае). Так мяркую не толькі я, але і мае калегі, якія раней працавалі ў Мінску, Гродне.

Школа наша маленькая, вучняў мала. Кожнаму з іх можна растлумачыць індывідуальна, што нельга зрабіць у класе, дзе шмат дзяцей. Радуе, што ўсе навучэнцы старанныя. Здзівіла мяне і спадабалася яшчэ тое, што бацькі з павагай адносяцца да настаўнікаў, дапамагаюць ім, прыслухоўваюцца да іх, раяцца. З імі можна вырашыць любое пытанне. У горадзе ж адносіны бацькоў да школы крыху адрозніваюцца.

Калектыў сустрэў мяне вельмі прыветліва. Цяпер магу сказаць, што настаўнікі гэтай школы — мой лепшы калектыў. Тут працуюць людзі, апантаныя працай і ўлюбёныя ў сваю ўстанову. Вельмі ўдзячна былому дарэктару школы Сяргею Сямёнавічу Кордзе, які не толькі пазнаёміў мяне з педагогамі, але і дапамог усталяваць сістэму, як працаваць з калектывам, дзе няма намесніка, а толькі адзін кіраўнік.

Установы навучання нашага раёна аказалі на Наталлю Віктараўну добрае ўражанне. Па яе словах, кожная з іх мае сваю адметнасць, асабліва ўразіў ландшафтны дызайн. Здзівіла яе і вялікая колькасць малых населеных пунктаў, размешчаных недалёка адзін ад аднаго. Асалоду адчула ад прыроды воранаўскага краю.

— Хачу адзначыць, што ў вашай старонцы адчуваецца, што зусім блізка Еўропа. Я на гэта адразу звярнула ўвагу. Вельмі прыгожыя жанчыны, модна і з густам апрануты.

Цудоўна, што Наталля Віктараўна адчула ў нашай мясцовасці сябе “сваім чалавекам”, што праніклася нашымі традыцыямі і звычаямі. Спадзяёмся, што і далей ёй будзе шанцаваць на воранаўскай зямлі.

Наталля ФЁДАРАВА.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*