Добры пачатак годнай справы

Актуально 09 декабря 14 1855

Тое месца, дзе продкі паснулі,

Як святое ў душы берагу —

Гэта памяць і смутак матулі,

Гэта памяць, якою жыву...

Як многа значаць для нас, жывых, тыя, хто адышоў у нябыт, пра каго і сёння баліць душа… Яны, мы з упэўненасцю скажам, — наша боль, наша памяць. Аднак, зайшоўшы на могілкі, убачыўшы там смецце, зараслі, можна задумацца: наколькі дарагія нам памерлыя родныя і блізкія былі пры жыцці? Сапраўды аддаюць даніну павагі ім жыхары Забалацкага сельскага Савета. Згуртаваўшыся, яны  кожны дзень прыходзяць на мясцовыя могілкі, каб надаць ім належны выгляд.

Традыцыйна напярэдадні Дня Памяці ідуць на забалацкія могілкі людзі, каб навесці парадак. Не стаў выключэннем і гэты год. Вялікую дапамогу ў добрай справе аказалі гаспадарка “Гіркі” і “Стройвектар” г. Ліда, якія выдзелілі транспарт на ўборку смецця. Праца кіпела, але шмат чаго не паспелі зрабіць.  Таму ў канцы лістапада старшыня сельсавета Марыя Пятроўна Грынкевіч звярнулася за дапамогай да мясцовага светара —  ксяндза Генрыка Яблонскага. Разам яны практычна з пачатку снежня змаглі згуртаваць вернікаў на добрую справу. Фелікс Станіслававіч Новік, Станіслаў Браніслававіч Утаўка, Часлаў Браніслававіч Наркун, Ганна Эдвардаўна Букейка, Ганна Цэзараўна Маркевіч, Яніна Юзэфаўна Утыра, Галіна Антонаўна Лебядзевіч, Тэрэса Вікенцьеўна Федасевіч і іншыя дружна ўзяліся за навядзенне парадку на могілках. Прыбіралі скінутыя ў кучы старыя вянкі, свечкі, вырублівалі і спальвалі хмызняк. Адклікнулася на просьбу дапамогі і РУП ЖКГ. Яго працаўнікі прыбралі больш за 20 аварыйных дрэў. Кіраўніцтва СВК “Гіркі” выдзеліла транспарт, каб вывезці смецце, парубленыя дрэвы.



Жыхары вёскі Хутар Праважа, муж і жонка Ірына Антонаўна і Мечыслаў Браніслававіч Дудко тры гады назад ахвяраваліся сачыць за станам захаванняў не толькі сваіх памерлых сваякоў, але і чужых, нават невядомых людзей. Разам з імі працуюць і сыны Алег і Валерый. Летам іх часта можна было ўбачыць за пакосам травы. А гэтай зімой самымі актыўнымі працаўнікамі на могілках зноў жа сталі яны. “Нам не трэба слоў падзякі, — сціпла кажуць муж і жонка Дудко. — Гэта агульная, можна сказаць, святая справа. Памяць аб нашых продках павінна жыць. Калі мы будзем яе зберагаць, успомняць пра нас і нашы нашчадкі”.

Добры пачатак атрымаўся ў Забалацкім сельсавеце. Застаецца спадзявацца, што і іншыя жыхары нашага раёна яго падхопяць і будуць годна ўшаноўваць памяць дзядоў і прадзедаў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках:  старшыня райсавета дэпутатаў В. Роік і М.Грынкевіч аглядваюць могілкі; муж і жонка Дудко.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*