Што хвалюе жыхароў Забалаці?

Актуально 10 марта 15 1307

5 сакавіка падчас сходу грамадзян у аграгарадку Забалаць у цэнтры ўвагі было пытанне пераводу ацяплення з цэнтральнага на індывідуальнае. Пераканаць уладальнікаў шматкватэрнага жылля па вуліцах Савецкай і Юшкевіча ў неабходнасці гэтага працэсу прыехала раённая ўлада і прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый.

У пачатку сходу старшыні райвыканкама М.А. Розум і райсавета дэпутатаў В.В. Роік акцэнтавалі ўвагу на тым, што кацельная, якая агравае 22 кватэры пяці дамоў, прыносіць вялікія грашовыя страты. У прыватнасі, дырэктар РУП ЖКГ В.М. Жалудзевіч агучыў лічбу выдаткаў у год — яны складаюць 139 млн. рублей, а жыхарамі аплачваецца ўсяго толькі 14 млн. рублей. Таму ліквідацыя кацельнай — пытанне часу. А людзям патлумачылі, што сёння іх сабралі, каб папярэдзіць, што гэта непазбежна, і каб яны змаглі падрыхтавацца да пераходу на індывідуальнае ацяпленне жылля загаддзя.

Дырэктар ПУ “Воранаварайгаз” Я.Б. Мяцеліца, начальнік раённага ўнітарнага праектна-вытворчага архітэктурна-планіровачнага прадпрыемства А.С. Тракала растлумачылі, якія дакументы неабходны для гэтага, які будзе парадак выканання работ, агаворвалася і магчымасть крэдытавання.

Размова атрымалася неадназначнай. Канешне ж, звыклым да цэнтралізаванага ацяплення сваіх кватэр, у асноўным пенсіянерам, пераход здаецца складаным працэсам, да таго ж патрабуючым значнага ўкладу рубля. А раённы бюджэт падлічвае ўсе выдаткі і не можа больш закрываць вочы на выкідванне грошай на вецер. Аднак сышліся ў адным: да новага ацяпляльнага сезона яшчэ ёсць час.

Падчас гутаркі прысутныя змаглі задаць пытанні, якія іх хвалявалі. Прэтэнзіі былі выказаны да якасці вады. В.М. Жалудзевіч патлумачыў, што для паляпшэння яе якасці неабходна правесці аптымізацыю сістэмы водазабеспячэння вул. Савецкай — замяніць старыя ржавыя трубы на сучасныя. Востра стаіць праблема і адкачкі каналізацыі, якая знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Было зазначана, што ў бліжэйшай будучыні яна будзе перададзена на баланс РУП ЖКГ, якое і прывядзе яе ў парадак.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*