Мiгаюць агеньчыкi, гучаць iмёны…

Актуально 30 октября 15 1638


У бліжэйшыя выхадныя каталікі і праваслаўныя будуць маліцца аб памерлых. У Дзяды і Дзмітраўскую бацькоўскую суботу прынята наведваць магілы сваякоў, прыносіць кветкі і прамаўляць малітвы аб супакоі іх душ.

Нядзеля перад днямі ўспамінаў выдалася надзвычай пагодлівай: усё спрыяла таму, каб падрыхтаваць захаванні памерлых родзічаў і блізкіх людзей. Напярэдадні памінальных дзён, ідучы па сцежцы на могілках, назіраеш… Як старанна жанчына выцірае помнік сваіх бацькоў. Людзі цэлай сям’ёй ладзяць надмагілле, якое з цягам часу крыху раскрышылася. Некаторыя магілы ўжо ўпарадкаваны,  хтосьці нават запаліў лампадкі. Напэўна, гэта той, хто ў дні памяці не зможа па нейкіх прычынах наведаць пагосты родзічаў. А вось бабулька з палачкай павольна абрывае траву каля жалезнага крыжа. Прачытаць на таблічцы, хто тут пахаваны, немагчыма. Час сцёр літары. На пытанне, хто тут спачывае, жанчына адказвае, што не ведае. Проста побач з гэтай магілай пахаваны яе сваякі. Яна заўважыла, што ніхто сюды не прыходзіць. Вось і прывыкла на працягу многіх гадоў прыбіраць месца чужога пахавання. Так робяць многія людзі. Бо бывае, што даглядаць за магілай проста няма каму: сваякі самі ўжо памерлі або ім гэта не па сілах. Заклікаюць вернікаў падтрымліваць парадак на могілках, прыбіраючы не толькі пахаванні блізкіх, але і тыя, што побач, і светары на службах у храмах.

Не застаюцца ў баку мясцовыя ўлады. Наладжаны вываз смецця з кантэйнераў, размешчаных каля могілкаў. Для яго вывазу дадаткова прыцягваецца тэхніка сельскіх гаспадарак. У гэты час на некаторых тэрыторыях мясцовыя жыхары арганізоўваюць суботнікі.

На працягу ўжо некалькіх год у нашым раёне праходзіць акцыя “Это нужно не мертвым, это нужно живым”. Актывісты РК ГА “БРСМ” пад кіраўніцтвам моладзевага лідара Э.В. Федаровіч і раённы савет ветэранаў арганізоўваюць добраахвотнікаў для прыбірання застаўшыхся без догляду магіл. Вось і зараз на іх прызыў адгукнуліся 18 навучэнцаў каледжа пад кіраўніцтвам настаўніка І.М. Казлоўскага, А.Ч. Муліца (РЭС), Т.Я. Дзіц (філіял “АтП №14”), М.С. Валіцкая (Воранаўская ЦРБ), Я.А. Бобін (ТЦСАН), П.Р. Ражаноўскі (РУП ЖКГ), І.Г. Андрушкевіч (БРСМ). За прыкладам Н.К. Пушнянковай, Т.Ф. Карповіч, Н.С. Дарашкевіч, Л.П. Урбановіч і Ф.І. Тумілевіч моладзь расчысціла ад пустазелля і хмызняку больш за пятнаццаць магіл. Да акцыі далучыліся і школьнікі некаторых навучальных устаноў раёна. Напрыклад, навучэнцы і педагогі школы-інтэрната не залежна ад пары года і не толькі перад памінальнымі днямі наведваюць з працоўным дэсантам магілы І.А. Котава і іншых былых ветэранаў-настаўнікаў, а таксама ахвяр фашызму.

Сучаснасць шануе традыцыі, а гэта значыць, што памяць пра Дзядоў будзе жыць.

Галіна ШЛЕМПА.

Фота аўтара.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*