Дзень падпісчыка ў Курчоўцах

Актуально 11 декабря 15 1360


У невялікіх вёсачках адзіным месцам, дзе можна сабрацца, каб абмеркаваць свае жыццёвыя праблемы ці падзяліцца з аднавяскоўцамі радасцю, з’яўляецца магазін. Менавіта туды ў час падпісной кампаніі ў вёсцы Курчоўцы Місявіцкага сельсавета мы і накіраваліся. Прыехалі не проста, каб заахвоціць людзей падпісацца на раённае выданне, але і каб даведацца, што хвалюе іх, якімі штодзённымі клопатамі яны жывуць.

Пакуль чакалі першых пакупнікоў, разгаварыліся з загадчыцай магазіна Жаннай Яўгеньеўнай Супрон. Жанчына раней многа год працавала на почце, таму з поўнай упэўненасцю заверыла, што раёнка — чаканая газета ў многіх дамах Курчоўцаў. Хутка падаспелі за неабходным таварам мясцовыя жыхары, яны з задавальненнем уключыліся ў размову. Вера Іванаўна Васько больш за сорак год выпісвае “ВГ”. Разам з жонкай чытае “Воранаўскую” і Генадзь Іосіфавіч Сікорскі. Былі і тыя, хто ўпершыню выпісаў газету. Спадзяемся, раёнка прыйдзецца да густу і яны будуць чытаць сваё.

За гутаркай час ляцеў хутка. Паскардзіліся нашы чытачы на стан дарогі. Праўда, рамонт яе пачаўся. Але стан дарогі ў в. Хутар Праважа і ад сельскага клуба да скрыжавання Курчоўцаў пакідае жадаць лепшага. Хацелася б жыхарам вёскі мець і свайго ўрача — ФАП не працуе. Адна радасць, па іх словах, што працягвае жыць клуб ды працуе магазін. Шкадуюць, што вымірае вёска...

На развітанне мы пажадалі сваім чытачам абнаўлення роднай мясціны, моцнага здароўя і, канешне ж, добрых навін.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: Ж. Супрон, В. Васько, Г. Сікорскі і Р. Квач выбіраюць раёнку.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*