Клаўдыё Гуджэроцці: “Першае ўражанне ад Гродзеншчыны — кантраст паміж нязносным холадам і гарачынёй сэрцаў, якія мяне прымалі”

Актуально 14 февраля 12 1405

16 ліпеня 2011 года Папа Бенедыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці Апостальскім нунцыем у Беларусі. Па прыбыцці ў нашу краіну 10 кастрычніка Апостальскі нунцый наведаў асобныя дыяцэзіі. У снежні 2011 года ён упершыню пабываў у Гродзенскай дыяцэзіі падчас аплаткавай сустрэчы светароў у Лідзе.

З 3 па 5 лютага Клаўдыё Гуджэроцці наведаў Гродна. Падчас гэтага візіту арцыбіскуп бліжэй пазнаёміўся з рэлігійным жыццём вернікаў дыяцэзіі, а асабліва горада Гродна.

Сустрэўся з супрацоўнікамі дыяцэзіяльнай курыі, з выкладчыкамі і алюмнамі Вышэйшай духоўнай семінарыі, губернатарам Сямёнам Шапірам.

Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці падчас свайго візіту ў нядзелю, 5 лютага, сустрэўся з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі як рэлігійных, так і свецкіх, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Беларусі, у прыватнасці Гродна. Карэспандэнты задавалі пытанні на розныя тэмы, на якія нунцый адказваў з уласцівым для італьянца пачуццём гумару.

— Якія ў Вас уражанні ад візіту ў Гродна, ад наведвання гродзенскіх касцёлаў і Вышэйшай духоўнай семінарыі? Што найбольш спадабалася?

— Першае ўражанне — кантраст паміж нязносным холадам і гарачынёй сэрцаў, якія мяне прымалі. Калі больш сур’ёзна, то гэта горад вялікай жыццядзейнасці і багатай культурнай спадчыны. Гэта сапраўды скрыжаванне розных культур і гісторый. Гродзеншчына — месца, дзе каталіцкі касцёл да сённяшняга дня захоўвае паслядоўнасць і значнасць сваіх традыцый.

Мне ўсё спадабалася! Я ўбачыў дух культуры і гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі, што з’яўляецца спецыфічным для гэтага рэгіёна. І разам з тым я мог назіраць за касцёламі, якія ўзводзяцца ў новых мікрараёнах. Гэта азначае, што побач са старажытнай традыцыяй існуе пастаральны клопат аб тым, каб ісці насустрач сённяшнім патрэбам. І калі цэнтральная частка горада з’яўляецца знакам прадаўжэння традыцыі, то новыя мікрараёны з вялікімі дамамі — патрэбы Бога, Слова Божага, якое мы павінны несці людзям. Таму мае ўражанні вельмі пазітыўныя. Дарэчы, яны мяне ўзбагацілі як асобу.

Семінарыя, на маю думку, з’яўляецца вельмі жыццядзейнай супольнасцю. Маладыя людзі тут маюць сваю ўпэўненую матывацыю, адным словам, энтузіясты. Яны гэта яскрава прадэманстравалі падчас святой імшы ў пераходзе ад старажытных грыгарыянскіх спеваў да сучаснай рокавай музыкі. Было вельмі прыгожа! Мяне насамрэч узрушыла тое, што маладыя людзі ведаюць, на якой мове сёння трэба звяртацца да сучаснага пакалення, каб расказаць аб Езусе Хрысце. Яшчэ мяне пазітыўна ўразіла, што ў семінарыі пануе клімат вялікай увагі да розных пачуццёвых сфер чалавека і яго патрэб. Відаць, што яе навучэнцы хочуць працаваць на карысць сваёй краіны.

— Што Вас здзівіла падчас побыту ў Гродне?

— Падчас візіту мяне вельмі ўзрушыла чаканне. Я маю на ўвазе чаканне беларускага народа: каб яго ведалі, каб яго любілі і шанавалі. Таксама мяне пазітыўна здзівіла адкрытасць менталітэту беларусаў, асабліва інтэлігенцыі. Дадам, што гэты менталітэт пакуль што не паддаўся вялікаму ўдару кансьюмерызму, які яшчэ сюды не дайшоў. Моладзь вельмі ўважлівая, гатовая наладжваць пэўныя адносіны і прыязнасць. І, безумоўна, касцёл, які яшчэ носіць на сабе вялікія раны пасля пераследу, што давялося выцерпець (бо 20 гадоў — гэта малы час: яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць, як цяжка было калісьці верыць). Але разам з тым бачна неверагоднае імкненне людзей да рэарганізацыі касцёла. І не толькі ўменне рэарганізавацца структурна, але і духоўна, каб нанова знайсці сваю значнасць і свядомасць у паўсюдным касцёле. Сапраўды, хоць маю вялікі вопыт працы, гэта рэч, якая моцна здзіўляе ў Беларусі.

— Ваша Эксцэленцыя, якія ў Вас планы як у Апостальскага нунцыя ў Беларусі? Можа ёсць  ініцыятывы ці праекты?

— Першае маё заданне — вучыцца. Я павінен ведаць беларускую культуру, вучыцца і назіраць, як выражаюць свае пачуцці беларусы ў архітэктуры, у культурнай дзейнасці. Бо нунцый, які не любіць народ, дзе жыве, не можа добра выконваць свой абавязак. А потым нараджаюцца ініцыятывы таму, што добра ведаеш народ. Я ўжо меў шматлікія сустрэчы на ўзроўні палітычным, а таксама на ўзроўні рэлігійным, наведваў розныя куточкі гэтай зямлі. Мы пачалі працаваць над канкрэтнымі, вельмі важнымі праектамі з Міністэрствам замежных спраў, што безумоўна з’яўляецца маім заданнем, як пасрэдніка ў вобласці дыпламатычнай місіі. І першае заданне, якое сёння стаіць перада мной, — зрабіць больш лёгкім, больш простым камунікацыю, размову паміж Беларуссю і краінамі замежжа. Зрабіць гэта такім чынам, каб Беларусь была вядомай і паважанай краінай. І мы маем для гэтага добра развітую сетку, калі ўзяць пад увагу тое, што мы з’яўляемся міжнацыянальнай супольнасцю, у якой  налічваецца больш за мільярд вернікаў амаль ва ўсіх краінах свету.

— Нам вядома, што сёння ў Вас адбудзецца сустрэча з праваслаўным экзархам. Гэта будзе візіт ветлівасці ці будуць абмяркоўвацца нейкія канкрэтныя пытанні?

— Па-першае, калі веруючыя наведваюць адзін аднаго, значыць, яны паважаюць і цэняць людзей. Па-другое, Папа Бенедыкт XVI агучыў некаторыя прапановы наконт падобных сустрэч. І таму, калі я сёння іду ў гэтае месца, то хачу таксама быць згодным з прапановамі. А яшчэ іду таму, што (хоць і дзеляць нас яшчэ нейкія літургічныя касцёльныя розніцы) я сустрэнуся з хрысціянамі, якія працуюць у гэтай краіне і (так як і мы) у мінулым працярпелі сапраўды шматлікія і цяжкія праследаванні. Я не маю ніякіх асаблівых праблемаў, якія павінны быць вырашаны з праваслаўнай царквой.

— Ці магчыма на тэрыторыі Беларусі сустрэча Святога Айца Бенедыкта XVI і Патрыярха Кірыла?

— Гэтае пытанне шматбаковае. Касцёл не імкнецца да сенсацый. Таму такая падзея для нас не настолькі важная, каб на яе ўсе звярнулі ўвагу. Нас больш цікавяць сапраўдныя сяброўскія адносіны паміж двума нашымі касцёламі і супрацоўніцтва паміж нашымі вернікамі. Прыйдзе час, калі абодва іерархі адчуюць, што сапраўды ёсць свабода і гэта можна зрабіць, бо за іх плячыма стаіць Божы люд, які гэтага жадае. Павінна быць сустрэча двух касцёлаў. Канешне, кожны з іх мае свой эмацыйны настрой. Можа, адзін больш гатовы да сустрэчы, а другі — адчувае пэўную ўнутраную ці знешнюю праблему і яшчэ не гатовы зрабіць першы крок. І калі ладзяцца сустрэчы двух вялікіх касцёлаў, то яны робяцца ў імя Бога, а не ў імя палітыкі і нейкіх асобных народаў.



Пасля прэс-канферэнцыі Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з супрацоўнікамі Катэхетычнага Інстытута ў Гродне.

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі ўзначаліў святую імшу, якая адбылася ў той жа дзень а 12-й гадзіне ў катэдры. Літургія была цэлебравана на лацінскай мове з прамаўленнем тэкстаў малітваў на польскай, беларускай і рускай мовах. Разам з Апостальскім нунцыем святую імшу канцэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На літургіі прысутнічалі ганаровыя госці — прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. На святой імшы, якую ўзначальваў прадстаўнік Ватыкана, прысутнічала многа гродзенцаў, нават былі вернікі з другіх касцёлаў дыяцызіі — катэдра была запоўнена цалкам, нягледзячы на моцны мароз.

У пачатку святой імшы ксёндз біскуп Аляксандр сардэчна прывітаў Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці ў гродзенскай катэдры. Ксёндз біскуп звярнуў увагу на тое, што катэдра, якая сабрала ўсіх на такую ўрачыстую святую імшу, мае багатую гісторыю, а яе пасляваенная біяграфія нагадвае сітуацыю ўсяго каталіцкага касцёла ў Беларусі.

У сваёй гаміліі Клаўдыё Гуджэроцці горача падзякаваў дыяцэзіі ў асобе ксяндза біскупа Аляксандра за надзвычай цёплы і сардэчны прыём у Гродне. Яго Эксцэленцыя адзначыў, што сам факт прысутнасці ў гэтым краі прадстаўніка Святога Айца вельмі значны, прытым што падчас візіту адбылася сустрэча з прадстаўнікамі свецкай улады. Трэба памятаць боль мінулага, калі касцёл быў занядбаны і праследаваны. Аднак неабходна крочыць у будучыню і смела адчыняць ёй дзверы.

Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што мае гонар прадстаўляць у Святой Сталіцы такі народ, які ўмее працаваць, любіць, які мае добрыя сем’і і ўмее верыць. Народ, які мае сумленне і робіць свой уклад у развіццё цывілізацыі на гэтых землях.

Нунцый сардэчна падзякаваў за прыём у Гродне, за малітву, цёплыя пажаданні і спевы. Яго Эксцэленцыя паабяцаў, што ў цяжкія хвіліны будзе згадваць цёплыя і шчырыя пажаданні гродзенскіх вернікаў.

На сустрэчы з Апостальскім нунцыем пабывала Наталля ІВУЦЬ.



Для даведкi:

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955г. у г. Верона, што ў Італіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982г. Cкончыў факультэт «Усходніх моваў і літаратуры» пры Венецыянскім дзяржаўным універсітэце «Ca Foscari», а таксама атрымаў вучоную ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме. У 1985г. паступіў на служэнне ў Апостальскую Сталіцу ў Кангрэгацыю па справах Усходніх касцёлаў. Да свайго прызначэння Апостальскім нунцыем у Беларусі нёс служэнне ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане.
Добавление комментария
CAPTCHA
*