З памяццю аб мiнулым, з надзеяй у будучыню

Актуально 06 июля 12 1388

3 ліпеня жыхары раёна і госці сабраліся ля брацкай магілы загінуўшым воінам і партызанам г.п. Воранава, каб ушанаваць мужнасць, адвагу і гераізм тых, хто змагаўся са зброяй у руках супраць фашысцкай навалы і набліжаў вызваленне Беларусі.

— Сёння мы адзначаем адну з самых значных датаў у гісторыі — 68-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень  у чарговы раз схіляем галовы перад веліччу подзвігу ветэранаў. Дзякуючы ім кавалася Перамога, здабывалася незалежнасць Айчыны, падымаліся з руін гарады і вёскі, — гэтымі словамі адкрыў мітынг старшыня райвыканкама Мікалай Розум. — Мы пабудавалі сваю незалежную дзяржаву, прыярытэт якой — захаванне міру для сучаснікаў і нашчадкаў. Наша Воранаўшчына ўпэўнена ідзе разам з усім беларускім народам па шляху стварэння.

Мікалая Аркадзьевіча падтрымалі член раённага савета ветэранаў, ветэран працы Казімір Чарнэль і начальнік разлікова-касавага цэнтра №5 г.п. Воранава аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Ірына Сцефановіч.

З удзячнасцю ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мірнае неба над галавою дзеці ўручылі кветкі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з палёў бітвы.

Ужо стала добрай традыцыяй 3 ліпеня выказваць словы падзякі людзям, якія сваёй працай унеслі вялікі ўклад у эканамічнае развіццё раёна. 16 лепшым працаўнікам Воранаўшчыны, 3 калектывам і адной шматдзетнай сям’і Вечар старшыня райвыканкама М.А. Розум уручыў пасведчанні аб занясенні на раённую дошку Гонару.


Удвая прыемным стаў гэты дзень і для К.І. Вайткуна. За шматгадовую працу па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў і маральна-патрыятычнае выхаванне моладзі яму быў уручаны знак  “Ганаровы ветэран” Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.




I лiлася песня...


“Завешся ты ласкава Белай Руссю” — менавіта так называўся святочны канцэрт, які прапанавалі гледачам самадзейныя артысты Воранаўшчыны. Прыгожыя і лірычныя вершы, прысвечаныя нашай роднай краіне, гучалі з вуснаў вядучых А. Шадюля і С. Вашкевіч. Песні аб Беларусі і для Беларусі спявалі ўдзельнікі ансамбляў народнай песні і музыкі “Вясёлка” і “Лявоны”. Сваю творчасць гасцям свята дарылі і сольныя выканаўцы, і дуэты з устаноў культуры раёна. Парадавалі сваімі здольнасцямі і танцавальныя калектывы “ДэКаДэнс” і “Радунскія словікі”.


На працягу святочнага дня ў гарадскім парку працавалі тэатралізаваныя падворкі і забаўляльныя праграмы, атракцыёны, выставы народных майстроў. Усе жадаючыя змаглі адведаць салдацкай кашы, якую прыгатавалі на палявой кухні.







Фінальным акордам святкаванняў стаў канцэрт артыстаў тэатра Ірыны Дарафеевай — удзельнікаў і фіналістаў тэлевізійнага праекта канала АНТ “Акадэмія талентаў”. Маладыя выканаўцы на працягу паўтары гадзіны імкнуліся стварыць добры настрой у воранаўцаў і гасцей. Як адзначылі шматлікія гледачы, самадзейныя артысты Воранаўшчыны спяваюць не горш, а можа і лепш, за гэтых сталічных спевакоў.

А пасля ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам” над гарадскім пасёлкам гучала ўрачыстая песня. Сёлета споўнілася 10 год, як быў зацверджаны Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Наталля ІВУЦЬ.

Спартыўныя баталіі



3 ліпеня было насычана таксама і спартыўнымі падзеямі.

На гарадскім стадыёне сабраліся сапраўдныя фанаты нашай футбольнай каманды “Камунальнік”. Футбалісты не падманулі спадзяванні сваіх балельшчыкаў — з лікам 2:0 абыгралі каманду “Надзея” з Іўя.

У парку выпрабоўвалі свае сілы каманды сяльгасарганізацый раёна. У чарговы раз перамогу ў перацягванні каната атрымала РУСП с-з “Воранаўскі”.


На валейбольнай пляцоўцы за першынства раёна па пляжнаму валейболу сярод аматараў змагаліся 4 каманды. Па выніках спаборніцтва лепшымі прызнаны Антон Юргель і Міхаіл Бурак.

Літаральна горача было на міні-футбольнай пляцоўцы, дзе за кубак Воранаўскага раёна па міні-футболу змагаліся шэсць арганізацый. Перамогу атрымала каманда Воранаўскай ЦРБ. Другое месца за Дэпартаментам аховы МУС РБ.

Прыгажосць сілы



Яркім і захапляльным было паказальнае выступленне ўраджэнца Воранава, чэмпіёна свету па гіравому спорту Аляксандра Багінскага.

Трэба сказаць, што Аляксандру 27 год, а гіравым спортам ён пачаў займацца ў 20. За гэты час ён дасягнуў значных поспехаў. У 2006г. на Кубку Гродзенскай вобласці выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. У 2007-м на Чэмпіянаце рэспублікі ў Віцебску — нарматыў майстра спорту. Багінскі — пераможца і прызёр раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спартакіяд, турыстычных злётаў.

Падчас паказальнага выступлення Аляксандр Багінскі падняў 24-кілаграмовую гіру за 30 хвілін 594 разы (!), па чарзе змяняючы рукі і не апускаючы спартыўны снарад на зямлю.

Каміла КАНЕВІЧ.

Фота Алега Бельскага.
Добавление комментария
CAPTCHA
*