Дыялог улады i насельнiцтва

Актуально 31 июля 12 1520

На мінулым тыдні данесці свае праблемы да ўлады была магчымасць у жыхароў вёсак Ёткішкі, Курчоўцы і Смільгіні.

Жыхары Ёткішкаў адрасавалі набалелыя пытанні старшыні Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў С.Ул. Конану, пракурору Воранаўскага раёна В.А. Калесніку, прадстаўнікам Воранаўскай ЦРБ і Воранаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і старшыні Беняконскага сельсавета Т.Р. Тупко. У асноўным вяскоўцаў хвалявала праблема падвозу дзяцей у Іяткішскую, Беняконскую школы, Больцініцкі дзіцячы садок і адкрыцця групы садка ў мясцовай школе. Нараканні выклікалі адносіны да пацыентаў у рэгістратуры Воранаўскай ЦРБ, доўгае афармленне накіравання да ўрача, неадпаведнасць часу прыёму, які ўказаны ў талонах. Жыхары гэтага населенага пункта таксама выказалі незадавальненне тым, што ў аўталаўцы ёсць пратэрмінаваныя прадукты харчавання, патрабуе рамонту дарога, праз вёску ездзяць фуры. Асобныя просьбы яны скіравалі да кіраўніцтва КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”, сярод іх — вываз арганікі з падвор’яў за умераную плату, абслугоўванне службовага жылля.

У пачатку сустрэчы з жыхарамі Курчоўцаў С.Ул. Конан звярнуў увагу на тое, што некаторыя падворкі патрабуюць гаспадарскай рукі і папрасіў навесці на іх парадак. Затым вяскоўцы адрасавалі свае пытанні да прадстаўнікоў розных арганізацый. Начальнік Воранаварайгаз Я.Б. Мяцеліца падрабязна расказаў аб магчымасці газіфікацыі ў гэтым населеным пункце. Прадстаўнік ДРБУ-120 запэўніў вяскоўцаў, што ў хуткім часе будуць зроблены грэйдзіраванне абочын і ямачны рамонт дарогі праз Курчоўцы, а таксама прагрэйдзіравана дарога да в. Падэйкі. Да старшыні СВК “Місявічы” А.А. Бурноса звярнуліся з просьбай адрамантаваць службовае жыллё. Хвалявала прысутных выстаўленне жырнасці малака малаказборшчыкам (такая ж праблема ўзнікла і ў в. Смільгіні). Якасць малака, якое прымаецца ад насельніцтва, будзе на ўзмоцненым кантролі ў старшыні Місявіцкага сельсавета П.Ул. Жэшкі. Вяскоўцы гаварылі аб нязручнасці дабірацца да Воранава і Ліды, папрасілі ўнесці змены ў рэйсы да гэтых населеных пунктаў. Найбольш хвалявала іх магчымасць закрыцця ФАПа — выступілі з прапановай захаваць гэтую медыцынскую ўстанову і правесці яе рамонт.

Вялікая колькасць пытанняў уздымалася і ў Смільгінях. Сярод іх — малы асартымент тавараў у мясцовым магазіне, немагчымасць прайсці каля некаторых хат з-за сабак, вялікая колькасць варон у парку, які знаходзіцца на тэрыторыі бібліятэкі-клуба, арганізацыя адпачынку моладзі ў выхадныя дні, наяўнасць адной машыны хуткай дапамогі ў Радунскай бальніцы, выдзяленне сенакоса СВК “Місявічы” і рамонт ФАПа і пошты.

Некаторыя з агучаных праблем былі вырашаны на сходах, астатнія ўзяты на кантроль С.Ул. Конанам.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: на сходзе ў в. Курчоўцы.
Добавление комментария
CAPTCHA
*