Наша бульбачка прыйшлася да смаку ў Малдове, Дагестане...

Актуально 19 апреля 13 1387

Леташні год выдаўся неблагі на ўраджай бульбы, здаецца б толькі радавацца. Перад кіраўнікамі некаторых сельгасарганізацый паўстала праблема: куды і каму яе прадаць, як зберагчы? Не хваляваліся толькі тыя гаспадары, хто рашуча адмовіўся ад дзедаўскага метаду захоўвання клубняў у капцах, а пабудаваў сучасныя бульбасховішчы.

— Мінулай восенню пры ўраджайнасці 335 цэнтнераў з гектара накапалі амаль 3,5 тысячы тон клубняў, — адзначыў пры сустрэчы старшыня СВК “Гіркі” Тадэвуш Мушынскі. — Дробную скармілі жывёле (цяпер шкадуем, што скармілі, маглі б выручыць немалыя грошы, попыт быў), астатнюю адсартыравалі на насенне, рэалізацыю і палажылі ў пабудаванае летась бульбасховішча. Ня-гледзячы, што разлічана яно на паўтары тысячы тон, спакойна ўмясцілі 1800. Харчовую пачалі прадаваць яшчэ з восені, потым усю зіму, а рэшткі рэалізоўваем цяпер. Пачыналі прадаваць па 1 400, апошнім часам ужо па 2 000 рублёў і больш за кілаграм, выручка склала 1,5 мільярда. Сховішча з сістэмай вентыляцыі, тэхнічным абсталяваннем для дапрацоўкі бульбы абышлося нам у 2 мільярды 700 мільёнаў рублёў. За ўзятыя крэдыты з “Белаграпрамбанкам” ужо  разлічыліся, а “Беларусбанку” вернем нязначныя даўгі сёлета. Лічы, што сховішча акупіцца за два гады, гэта ж супервыдатна!  Таму ў гэтым годзе плануем пабудаваць яшчэ адно сховішча на 2 тысячы тон, пры гэтым дзве камеры адвядзем пад захоўванне гародніны — морквы, сталовых буракоў і капусты, вырошчваннем якіх мы таксама займаемся. Абыйдзецца новае сховішча, якое праектуюць раённыя спецыялісты, у 9 мільярдаў рублёў, 4 з якіх выдаткуе бюджэт, астатнія — ільготныя крэдыты банка. Сховішча будзе тэхнічна больш мадэрнізаванае, бульбу зможам захоўваць як насыпам, так і ў кантэйнерах. А ўжо на будучую вясну мяркуем купіць фасовачную і мыючую машыны, каб прадукцыя мела дробную расфасоўку і добры таварны выгляд, што дазволіць нам значна пашырыць рынкі збыту і прадаваць бульбу па больш высокай цане.


— Трэба так разумець, што і сёлета бульбяныя палеткі ў гаспадарцы не зменшацца?

— Ні ў якім разе, пасадзім, як і ў мінулым годзе, 100 гектараў. Насенне ёсць, часткова яшчэ з восені назапасілі,  астатняе закупім, пасадзім толькі эліту і вышэйшай рэпрадукцыі. Павялічыць плошчы пакуль няма магчымасці з-за адсутнасці сучаснай тэхнікі для падрыхтоўкі глебы пад бульбу, тэхнікі па падборцы і сепарацыі тых жа камянёў. Як толькі адпаведны агрэгат, а таксама яшчэ адзін бульбауборачны камбайн прыдбаем, то плантацыі другога хлеба адразу ж пашырым. Вырошчванне, уборка бульбы, як і цяпер цукровых буракоў, будзе поўнасцю механізавана. Лічу, што толькі дыктатура сучасных тэхналогій, шырокая мадэрнізацыя ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці дасць кааператыву  магчымасць зарабляць больш грошай, а вяскоўцам жыць больш заможна і камфортна.

...А тым часам на бульбасховішчы ў вёсцы Салтанішкі работа ішла поўным ходам. Брыгада ўкраінцаў, 13 чалавек з Дубровіцкага раёна Ровенскай вобласці, перабірала бульбу і насыпала ў сеткі. Прыветлівая і вельмі ўжо гаваркая Надзея Ражко, начальніца брыгады, паведала, што на іх малой радзіме працу знайсці нялёгка, таму і прыехалі сюды зарабіць.

— Працуюць яны старанна, калі трэба, то затрымаюцца дапазна, бывае, што і ў выхадныя працуюць, — з павагай адазваўся аб украінцах загадчык участка і бульбасховішча Антон Троцкі. — Ды і нашы мясцовыя работнікі Анатоль Дабрынскі, Валянцін Рамашка, Іван Комінч і Віталь Бальцюкевіч таксама стараюцца. Кожны дзень па 20-30 тон бульбы адгружаем і прадаем у расійскія рэгіёны, звыш 100 тон рэалізавалі ў Малдову. Былі пакупнікі і з Гродна, Ліды, Навагрудка. Асаблівым попытам карыстаюцца гатункі “уладар”, “брыз” і “рэд скарлет”, іх мы прадаем дорага, крыху танней — “журавінку”. Выгадна мець такое сховішча, пры мінімальных стратах прадукцыі яно прыносіць значны прыбытак, а якасць харчовай бульбы і цяпер, вясной, высокая. Таму і едуць да нас пакупнікі.

— У вас надта смачная бульба, карысная для спажывання, добрыя гатункі. 20 тон павязу ў магазіны, на рынкі нашага горада, раскупяць імгненна. Дзякуй за шчырасць і працавітасць, толькі дабра жадаем, — задаволена сказаў Ахмед Шахназараў з далёкага дагестанскага Хасаюрта.


Смачна есці!

Дарэчы, добра “перазімавала” бульба, 1600 тон, і ў сховішчы эксперыментальнай базы “Кастрычнік”. Насенка ўжо амаль перабрана, буйную працягваюць прадаваць і ў гэтыя красавіцкія дні. Тут жа на сховішчы знаходзяцца і элітныя гатункі, з якіх 500 тон будуць рэалізаваны па разнарадцы камітэта сельскай гаспадаркі аблвыканкама сельгасарганізацыям не толькі нашага раёна, але і вобласці. Сёлета на палях гаспадаркі, акрамя добра зарэкамендаваўшых сябе гатункаў “скарб”, “уладар”, “журавінка”, “брыз”, “янка”, зарніца” і “лілея”, будуць пасаджаны яшчэ “рагнеда “ і “акцэнт”.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: праз рукі працавітых мужчын кааператыва “Гіркі” прайшла не адна тона бульбы; А. Шахназараў якасцю прадукцыі вельмі задаволены; начальнік вытворчага ўчастка “Жырмуны” Л. Гусць і галоўны аграном э/б “Кастрычнік” А. Венцкевіч.

Фота Вольгі МЯЛЬКО і Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*