Сустракаем хлебам-соллю

Актуально 05 февраля 14 2964


Гэта проста цудоўна, што новы 2014 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гасціннасці. Спрадвек мой народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю. Для госця знаходзілі ў хаце самае пачэснае месца, імкнуліся накарміць як мага смачней. Беларусы заўсёды давалі прытулак вандроўнікам, усім тым, хто стаміўся ў дарозе, дый проста жабракам, накарміць якіх, лічылася, трэба абавязкова. Гасцей мы  сустракалі і працягваем сустракаць у ХХІ стагоддзі хлебам-соллю.

Цікава, што раней у народзе гасцей называлі ветліва, амаль паэтычна — гасціна. Дарэчы, гасцінай называўся і сам прыём гасцей, частаванне. І з гасцінай лічылася справай гонару весці змястоўную і цікавую бяседу. Узгадаем радкі Максіма Багдановіча:

Усяго стаяла досыць для гасціны:

Нават мёд быў і чмяліны, і  пчаліны.

Госцейка! Менавіта так ласкава звярталіся нашы продкі да свайго госця. Нават нечаканых гасцей любілі і шанавалі.

Мой народ-паэт нават дарогу, якая вельмі часта вяла ў бацькоўскую хату, назваў прыгожа — гасцінец. Такі гасцінец спрадвек беларусы абсаджвалі дрэвамі. І сёння ў краіне захавалася шмат гасцінцаў, абсаджаных тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Імі і сёння да нас едуць турысты з розных краін. І ад таго, як мы прымаем гасцей, залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая старонка працягвала заставацца самай гасціннай краінай у свеце, каб больш гасцей запрашалася на рознага кшталту ўрачыстасці — сямейныя ды вытворчыя.

Што ж такое гасціннасць? Гэта, канешне, вялікае жаданне і гатоўнасць прыняць гасцей і добра пачаставаць іх. Гэта і ветлівасць, і сардэчнасць у абыходжанні не толькі са сваякамі, але і з чужымі людзьмі.

І як тут не ўзгадаць радкі з верша Янкі Сіпакова, якія вельмі любіў цытаваць мой бацька:

На стол пакласці ўсё, што ёсць, —

Такі ўжо звычай наш спрадвечны.

Як толькі ў хату ступіць госць —

Адразу смажыцца яечня.

Менавіта стол у беларускай хаце спрадвек  быў своеасаблівым алтаром. Нашы продкі лічылі яго далонню Бога. Сямейны стол — гэта гаючая пупавіна прадстаўнікоў аднаго роду. Першае, што заносілі ў новую хату, быў засцелены, з хлебам-соллю стол. Прычым у хаце ён абавязкова павінен быць засланы чыстым абрусам (настольнікам),  а хлеб — заўсёды знаходзіцца на ім! Лічылася, што голы стол непазбежна прывядзе сям’ю да нястачы і беднасці. Выходзячы з-за стала, трэба абавязкова падзякаваць Богу за хлеб, мір і спакой у хаце. Калі ж удзячнасць гучала ў адрас гаспадароў, то тыя адразу ж  пераадрасоўвалі яе Богу.

Спрадвек быў на стале беларусаў і другі  хлеб — бульба. Вось як апісвае яго мой любімы пісьменнік Уладзімір Караткевіч  у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: “Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць, і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць, і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да “клёцак з душамі”, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна — дзіва”.

Любілі нашы продкі і бліны, і аладкі, і наліснікі, і каржы, і хрушчы і іншае печыва. Яшчэ  больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Гэтая страва стала вядомай пад назвай верашчака ў гонар яе вынаходніка. Беларусы і сёння ядуць яе з блінамі — мачаюць, і таму яшчэ называюць мачанкай. Нам сёння трэба толькі адрадзіць забытыя стравы — тады не будзе сорамна нават перад гасцямі-гурманамі!..

Так што ёсць нам, беларусам, што прапанаваць іншым! Наша краіна заўсёды рада гасцям, суайчыннікам і заморскім. Сардэчна запрашаем!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.
Добавление комментария
CAPTCHA
*