Гульнёвы пакой у бiблiятэцы?!

Актуально 18 марта 14 1450

Так. Гэта не памылка. Вось ужо трэці год пры Воранаўскай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае гульнёвы пакой. Створаны ён з мэтай далучэння дзяцей малодшага ўзросту да чытання, пашырэння спектра пазнавальна-адукацыйнай дзейнасці бібліятэчных устаноў, развіцця комплексу платных паслуг. Гульнёвы пакой абсталяваны неабходнай мэбляй, пазнавальнымі гульнямі, сучаснай дзіцячай літаратурай і перыёдыкай, цацкамі, камп’ютарам.

Бібліятэкары Ганна Літвіновіч і Вольга Мыслівец працуюць у цесным кантакце з класнымі кіраўнікамі Воранаўскай школы, школьнай бібліятэкай, цэнтрам пазашкольнай работы, дзіцячымі садкамі. Асабліва добра наладжана работа з групамі падоўжанага дня. Тры разы на ты-дзень дзеці рэгулярна наведваюць бібліятэку, абменьваюць кнігі, удзельнічаюць у мерапрыемствах, асвойваюць кампьютар. Без увагі не засталіся і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. Большая частка наведвальнікаў —  маленькія чытачы. Супрацоўнікі бібліятэкі стараюцца дапамагчы ім у выбары кніг, падказаць навінкі літаратуры, калі ёсць такая неабходнасць, бясплатна выдадуць на дом кнігі з камерцыйнага фонду, часопісы з чытальнай залы.

— Звычайна нашы дзеці не выказваюць асаблівых запатрабаванняў, і амаль усе яны наведваюць бібліятэку самастойна, — расказвае загадчык дзіцячай бібліятэкі Алена Кашко. — Гэта дае магчымасць такім дзецям змяніць звычайны жыццёвы ўклад, пагутарыць з равеснікамі. Лічу, што такі досвед ім патрэбны.


Дарэчы, у гульнёвы цэнтр бацькі могуць прыводзіць дзяцей, якім больш за тры гады. Бібліятэкары правядуць з імі пазнавальныя гульні, конкурсы, віктарыны на матэрыяле твораў дзіцячай літаратуры. Самыя маленькія наведвальнікі дзіцячага цэнтра змогуць проста пагуляць, паслухаць казкі ці паглядзець фільмы.

Наталля ФЁДАРАВА.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*