За ўзорны парадак — новенькі “Беларус”

Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь  сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Гіркі” па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў” узнагароджаны Дыпломам і трактарам МТЗ-82.

Каму перадаць новую тэхніку —   у старшыні гаспадаркі Тадэвуша Мушынскага ніякіх сумненняў не было,  і ў гэтыя дні за рулём новенькага “Беларуса” вопытны механізатар Леанід Палубенка. У гаспадарцы працуе амаль 30 гадоў, увесь час на трактары. Апошнім часам  (пайшоў ужо трэці год, як ён на малочна-таварным комплексе “Лелянцы”) заняты на раздачы кармоў жывёле. Новым трактарам задаволены, кармы жывёле будуць развезены як і належыць па тэхналогіі.

Калі гаварыць аб техналогіях увогуле, то ў СВК “Гіркі” іх строга прытрымліваюцца як у раслінаводстве і жавёлагадоўлі, так і ў зберажэнні ўсёй маючайся ў гаспадарцы тэхнікі. Прыклад таму — машынны двор у Гірках. Чысціня, парадак. Плугі, культыватары, грэбенеўтваральнікі, каткі, валакушы, граблі… больш за 80 адзінак прычапных агрэгатаў, і кожнаму сваё адведзенае месца. Нягледзячы, што яшчэ адносна нядаўна закончыліся палявыя работы, агрэгаты чыстыя і працэнтаў на 70-80 хоць заўтра зноў гатовы да работы.

Але першачарговая асаблівая ўвага — корма- і збожжаўборачным камбайнам і іншай складанай тэхніцы. Усе яны пастаўлены на кансервацыю ў асобным прасторным ангары, ачышчаны, быццам і не было напружаных дзён на лугах і палях. Калёсы падважаны, шыны пабелены, складзены дэфектныя ведамасці. На працягу зімовых месяцаў недахопы, якія існуюць, будуць выпраўлены. Нягледзячы на тое, што праводзяцца рамонтныя работы, у механічнай майстэрні быў парадак. Да бытавых паслуг механізатарам асобны ўтульны і цёплы пакой, дзе можна пераадзецца, паабедаць, папіць гарбаты, маецца халадзільнік і мікрахвалевая печ.

Вядома ж, такі парадак на машынным двары — гэта вялікая заслуга начальніка цэха механізацыі Мечыслава Дзянькоўскага, чалавека энергічнага як ў гаворцы, так і ў справах.

— Я тутэйшы, з вёскі Слабодка, — расказвае Мечыслаў Мечыслававіч. — Мае дзяды і прадзеды жылі на гэтай зямлі, ад іх усё пераняў, пачаўшы працаваць з 1984 года. Потым служба ў арміі. А ў 1992-ім адразу пасля заканчэння БІМСГ (цяпер БАТУ. — Аўт.) вырашыў застацца на роднай зямлі назаўсёды. Час быў тады цяжкі, хтосьці кудысьці паехаў шукаць больш лёгкага хлеба, а я не. Так і працую тут. Люблю парадак, каб усё было,  як у сваёй хаце, як на сваім падворку. Дзякую і пастаянна працуючым побач са мной кавалю, двум токарам, тром зваршчыкам, а таксама механізатарам. Усе хлопцы добрасумленныя, дысцыпліна на ўзроўні, калі і бываюць якія парушэнні, то гэта за вялікім выключэннем.

— Для СВК “Гіркі” гэта справядлівая і заслужаная ўзнагарода, — адзначае галоўны інжынер-інспектар дзяржтэхнагляду Іван Шчэрбачэня. — Адносяцца да сельскагаспадарчай тэхнікі тут заўсёды беражліва, як, дарэчы, і ў СВК “Доцішкі” і “Больцішкі”, КСУП э/б “Кастрычнік” і “Пагародна”. А вось іншым гаспадаркам трэба падмітусіцца. Увогуле ж, як паказаў праведзены нядаўна агляд пастаноўкі тэхнікі на зімовы перыяд, у асноўным галоўныя патрабаванні ва ўсіх гаспадарках выконваюцца. Тыя ж камбайны і іншая насычаная электронікай тэхніка знаходзіцца ў спецыяльных крытых памяшканнях і пастаўлена на кансервацыю. Пры гэтым зазначу, што трактары і ўсе глебаапрацоўчыя агрэгаты павінны быць адрамантаваны да 1 сакавіка, кормаўборачная тэхніка — да 1 мая, а збожжаўборачная — да 1 ліпеня будучага года.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымках: старшыня СВК “Гіркі” Т. Мушынскі; механізатар Л. Палубенка;  на машынным двары М. Каткоўскі, Ул. Касоўскі, С. Страчынскі, М. Дзянькоўскі, Г. Базылевіч, В. Берцэвіч, В. Ельяшэвіч.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*