15 верасня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Івана Мельнічука

Культура и духовность 15 сентября 24 224
15 верасня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння  Івана Мельнічука

ІВАН МІХАЙЛАВІЧ МЕЛЬНІЧУК (1939) — беларускі пісьменнік, паэт, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Нарадзіўся 15 верасня 1939 года ў сялянскай сям’і. У 1944 годзе, пасля вызвалення Прыбужжа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бацька разам з вялікай сям’ёй, у якой нарадзіліся чатыры хлопчыкі і тры дзяўчынкі, пераехаў спачатку на Украіну, а затым – на Беларусь і пасяліўся на радзіме прадзедаў у вёсцы Сычы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Тут і прайшло дзяцінства Івана Міхайлавіча.

У пачатковай школе Іван паспрабаваў пісаць вершы, а ў хуткім часе яго творы пачалі з’яўляцца ў абласным і рэспубліканскім друку. У 1955 годзе Іван Мельнічук стаў пераможцам літаратурнага конкурсу, які праводзіўся газетай «Піянер Беларусі», і быў прэміраваны цэлым стосам кніг. Перамога акрыліла маладога аўтара, і ён з натхненнем узяўся за стварэнне новых вершаў.

За пятнаццаць кіламетраў дабіраўся ў Воўчынскую дзесяцігодку, а пасля яе заканчэння (1956) год адпрацаваў у Брэсцкай раённай машына-трактарнай станцыі. Затым паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, працягваў пісаць і друкавацца. Цікаўны розум, працаздольнасць, шырату душы Івана Мельнічука заўважылі і ацанілі яго аднакурснік Мікола Купрэеў, выкладчык Уладзімір Андрэевіч Калеснік, брэсцкі паэт Мікола Засім. У 1961 годзе, калі Іван Мельнічук вучыўся на чацвёртым курсе, яго запрасілі на працу ў брэсцкую раённую газету «Социалистический путь» («Заря над Бугом»). Так пачалася яго журналісцкая кар’ера.

Пасля заканчэння інстытута і службы ў Савецкай Арміі быў уласным карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена» па Брэсцкай вобласці, затым працаваў у партыйных і савецкіх органах, быў намеснікам начальніка ўпраўлення па друку Брэсцкага аблвыканкама. Праца ў сур’ёзных арганізацыях не перашкаджала творчай дзейнасці, хоць свае вершы, адрасаваныя ў асноўным дзецям, Іван Міхайлавіч мала каму паказваў.

ad3f674819f9f20ebb210dc2efd48891.jpg     meln_book2.jpg     

У 1982 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік «Кто разбудит солнце». Другі зборнік выйшаў праз восем гадоў пад назвай «Диво сами сотворим» (1990), у 1997 – «Добрый лучик». У 2003 годзе выйшла чарговая кніга для дзяцей «Как муравьишка Ишка себя наказал», затым выйшлі «Сказки – добрые подсказки» (2006), «Хлеб насущный» (2009), а нядаўна – «Чудеса в решете» і «Гасцінец» (абедзве 2014 г.). Піша пераважна на рускай мове. Вершы Івана Мельнічука адзначаюцца яркай вобразнасцю, даступнай дзіцячаму ўспрыманню, гукавой суладнасцю. Яны дапамагаюць дзецям пазнаць навакальны свет, яго хараство.

Зараз Іван Міхайлавіч працягвае сваю актыўную літаратурную і грамадскую дзейнасць, са снежня 2009 года з’яўляецца старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Член рэдкалегіі літаратурнага альманаха “Жырандоля”.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*