“У перадкаляднай мітусні важна не забыць пра Бога”. Прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касцёла ксёндз Юрый Марціновіч расказаў пра тое, як падрыхтавацца да святкавання Каляд

Культура и духовность 24 декабря 23 367

“У перадкаляднай мітусні важна не забыць пра Бога”. Прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касцёла ксёндз Юрый Марціновіч расказаў пра тое, як падрыхтавацца да святкавання Каляд

Часы перад Калядамі з’яўляюцца самымі доўгачаканымі ў годзе.

Напярэдадні светлага свята Нараджэння Хрыстова прэс-сакратар Гродзенскай епархіі рымска-каталіцкай царквы ксёндз Юрый Марціновіч расказаў карэспандэнту “ГП” пра тое, як выхаваць у сабе любоў да Бога і чаму варта забыць старыя крыўды на блізкіх.

“У Калядах важныя не толькі ёлка і падарункі” 

Часы перад Калядамі з’яўляюцца самымі доўгачаканымі ў годзе. Аднак у перадкаляднай мітусні важна не забыць пра Бога, падкрэслівае ксёндз Юрый Марціновіч. Ён адзначае: неабходна нагадваць людзям простую праўду: Каляды – гэта перш за ўсё рэлігійнае свята. 

 Зараз Каляды шмат у каго асацыіруюцца з вячоркамі, падарункамі ці ўпрыгожваннем ёлкі. Але важна помніць, што перад гэтым святам кожны з нас мусіць упусціць Бога ў сваё сэрца: знайсці час на малітву, наведаць храм. Акрамя таго, у Святым Пісанні сказана, што на Каляды трэба прымірыцца з бліжнімі. Тады чалавек адчуе Боскую ласку, – расказвае ксёндз Юрый.

“Мы ўсе браты і сёстры ў Хрысце”

Дэвіз цырымоніі прыбыцця Бэтле-емскага святла міру ў Беларусь гучыць як “будзем чыніць мір”. Як адзначыў ксёндз Юрый, слоган заклікаў тых, хто сустракаў Каляды, да цярплівасці, а таксама нагадаў пра важнасць сямейных каштоўнасцей.

– Асабліва перад Калядамі хачу нагадаць, што галоўная каштоўнасць у жыцці чалавека – гэта сям’я. На жаль, на Захадзе дадзенае паняцце спрабуюць перакруціць, што параджае ў свеце яшчэ большую агрэсію. Але ж калі бацькі будуць закладаць дзецям сямейныя каштоўнасці, тады грамадства стане дружным. Помніце, што ўсе мы браты і сёстры ў Хрысце, – заўважыў ксёндз Юрый. 

Час перад Калядамі – найлепшы час для добрых учынкаў. – Зычу, каб кожны сустрэў Каляды з ласкай у сэрцы. Помніце, што добрыя ўчынкі набліжаюць чалавека да Бога. Тым больш адна з галоўных запаведзяў – “Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе”, – сказаў святар. 

Наведаць храм і падзяліцца аплаткай

Кажучы пра тое, як святкаваць свята Нараджэння Хрыстова, святар зазначае: у першую чаргу трэба наведаць касцёл, а пасля – упарадкаваць дом, накрыць святочны стол і абавязкова падзяліцца аплаткай. У апошнія дні касцёлы на радасць святароў перапоўнены парафіянамі. На Гродзеншчыне створаны ўсе ўмовы для споведзі вялікай колькасці парафіян. 

– У апошнія дні штовечар перад службай заўсёды велізарная чарга з жадаючых трапіць на споведзь. Гэта вельмі цешыць. Асноўныя Калядныя набажэнствы ў касцёлах Гродзеншчыны пачынаюцца вечарам 24 снежня. Заўважу, што надыходзячая куцця прыпадае на нядзелю. Можна лічыць адвент гэтага года асаблівым. Расклад набажэнстваў для парафіян можна паглядзець на сайце msj.by або непасрэдна ў храме, – растлумачыў ксёндз Юрый. 

Трансляцыі службаў

Традыцыйна 24 і 25 снежня тэлеканал “Беларусь 1” пакажа прамую трансляцыю набажэнстваў з Мінска і Ватыкана. А тэлеканал “Гродна Плюс” – для парафіі абласнога цэнтра. Падчас куцці тэлеканал “Беларусь 1” запрашае вернікаў да экранаў у 22.20. Трасляцыя перадсвяточнай нядзельнай службы з Фарнага касцёла ў Гродне пачнецца ў 15.00 на тэлеканале “Гродна Плюс”.

25 снежня трансляцыя каляднай службы з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска пачнецца ў 0.05 на тэлеканале “Беларусь 1”. У 8.50 вернікаў чакае вітальнае слова архібіскупа Іосіфа станеўскага. Віншаванне Біскупа Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча пакажуць 25 снежня ў эфіры тэлеканала “Гродна Плюс” у 7.00, 10.55 і 14.55. Прамая трансляцыя святочнага набажэнства з Фарнага касцёла пачнецца ў 15.00.

Падрыхтавала Дар’я Пракаповіч

Фото:з адкрытых інтэрнэт-крыніц

https://grodnonews.by/


Добавление комментария
CAPTCHA
*