27 чэрвеня – 60 гадоў з дня нараджэння Анатоля Крэйдзіча
Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч, нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 года ў вёсцы Заверша Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. У 1979 годзе разам з маці пераехаў у вёску Рудск Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, тут пайшоў у восьмы клас Рудскай школы.
Пасля заканчэння васьмі класаў Анатоль Крэйдзіч паступіў на агранамічны факультэт Ржэўскага саўгаса-тэхнікума, які скончыў у 1984 годзе. У 1984–1986 гадах служыў у Савецкай арміі ў гарадах Люберцы і Падольск Маскоўскай вобласці, быў мастаком-афарміцелем.
У 1986 годзе Анатоль Крэйдзіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.У тым жа годзе пачаў працаваць ў калгасе “Светлы шлях” (в. Рудск) інструктарам па спорце. У 1987 годзе прыняты на працу карэктарам іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”, хутка пераведзены на пасаду карэспандэнта. Затым – загадчык аддзела, рэдактар раённага радыё, зноў загадчык аддзела газеты. Адначасова публікаваў свае мастацкія творы – паэзію і прозу – у рэспубліканскай маладзёжнай газеце “Чырвоная змена”, літаратурных часопісах. У 1994 годзе ўбачыў свет у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” празаічны зборнік “Права на ўсмешку”. У 1992 годзе ў БДУ атрымаў дыплом журналіста.
У першай палове 90-х Анатоль Крэйдзіч працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”, у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці, пасля быў пераведзены ў газету “Народная воля” на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці.
З 1996 года – уласны карэспандэнт рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена” па Брэсцкай вобласці і абласной газеты “Заря” па Прыпяцкім рэгіёне.У 2003 годзе некаторы час працаваў намеснікам галоўнага рэдактара абласной беларускамоўнай газеты “Народная трыбуна” і зноў вярнуўся на ранейшае месца ў “Зарю”.
З 1997 года – член Саюза пiсьменнiкаў Беларусі. У 2001 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік прозы Анатоля Крэйдзіча “Палескі Напалеон”. У 2002 годзе – зборнік прозы “Параненыя мары”. Празаік піша аб тым, што яму баліць, што добра ведае. А ведае ён перш за ўсё вясковае жыццё, бо і сам жыве ў палескай глыбінцы з дзяцінства, працуючы журналістам, бадай, ці не кожны дзень сустракаецца з хлебаробамі. Вызначаюцца і творы, прысвечаныя каханню. Анатоль Крэйдзіч прафесійна валодае сюжэтам, мова яго апавяданняў сакавітая, па-сапраўднаму, беларуская. У 2005 годзе выйшла дакументальная кніга Анатоля Мікалаевіча “Анатолий Климец. Жизнь и судьба”, праз тры гады – “Михаил Климец: колесо судьбы”.
У студзені 2006 года Анатоль Мікалаевіч быў абраны старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 18 мая 2006 года гэтую дзейнасць сумяшчаў з пасадай рэдактара брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом”. З 8 верасня 2008 года – галоўны рэдактар іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”.
За час працы старшынёй аддзялення СПБ Анатоль Мікалаевіч ініцыіраваў і ажыццявіў некалькі буйных праектаў у галіне літаратуры. Напрыклад, стварэнне сумесна з філалагічным факультэтам БрДУ імя А. С. Пушкіна энцыклапедычнага выдання “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (2008); заснаванне штогадовай Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка (2007); заснаванне берасцейскіх нумароў у часопісах “Маладосць” (з 2006 г.) і “Нёман” (з 2009 г.). А таксама драбнейшыя праекты: штогадовыя літаратурныя падарожжы па рэгіёнах вобласці; заснаванне абласнога літаратурнага свята “Лунінская восень” (Лунiнецкi раён), у межах якога адбываецца ўручэнне літаратурных прэмій імя У. А. Калесніка; заснаванне штогадовага дзіцячага літаратурнага конкурсу; пошук маладых талентаў і рэдагаванне іх кніг; стварэнне сайта абласнога аддзялення СПБ і інш.
Анатоль Мікалаевіч – лаўрэат часопіса “Маладосць” (1992), прэміі БСМ у галіне журналістыкі і літаратуры (1995), прэміі часопіса “Беларуская думка” (2005), лаўрэат прэміі “Залатое пяро” Беларускага саюза журналістаў (2009), удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За плённую творчую дзейнасць і значны уклад у развіццё беларускай літаратуры” (2012), лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2012), Заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, таксама ўдастоены звання “Чалавек года” Брэсцкай вобласці ў галіне грамадскай дзейнасці і інфармацыйнай палітыкі (2015).
Людміла ФУРМАН,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.
