Пераступіўшы парог Дома Валянціна Таўлая

Культура и духовность 04 сентября 25 209
Пераступіўшы парог Дома Валянціна Таўлая
Свята беларускага пісьменства набліжаецца да Ліды. Мясцовыя пісьменнікі рыхтуюцца да сустрэч з аднадумцамі, гасцямі і прыхільнікамі мастацкага слова. Яно і зразумела: амаль што кожны лідскі пісьменнік мае на сваёй паліцы ўласны зборнік твораў (і нават не адзін) або калектыўны. Два месяцы назад сябры-літаратары ўжо збіраліся разам, каб адзначыць прэзентацыю літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў”, але толькі першай кнігі, на старонках якой знайшлі месца паэзія і пераклады. І вось 13 жніўня літаратары зноў згуртаваліся. У Доме Валянціна Таўлая адбылася прэзентацыя ўжо другой кнігі – зборніка “Ад лідскіх муроў” за 2022-2025 гады. На гэты раз на яго старонкі ўвайшла проза. Гэта самы вялікі па аб’ёму зборнік лідскай літаратуры. Калі сумясціць дзве часткі, то агульная колькасць старонак складае 756. А пачынаўся збор твораў з 1998 года, калі выйшаў першы нумар выдання “Ад лідскіх муроў” на 62 старонках.

Такім чынам лідская літаратура пашырылася. На старонках зборніка размешчаны творы на беларускай мове і ў перакладзе з рускай мовы. Акрамя прозы і паэзіі тут маюцца  матэрыялы пра літаратуразнаўства, навіны з літаратурнага жыцця Лідчыны і такія раздзелы, як “Мемарыял”, “Кнігапіс”. Зборнік надрукаваны ў прыватным унітарным выдавецтве “Пружмень”. Сярод масцітых пісьменнікаў на старонках абедзвюх кніг змяшчаюцца творы Віктара Праўдзіна, Уладзіміра Васько, Ірыны Багдановіч, Міхася Мельніка, Кастуся Якубчыка, Станіслава Судніка, Леаніда Лаўрэша, Алеся Хітруна, Сяргея Чыгрына, Ганны Рэлікоўскай, Ірыны Маркевіч, пераклады. Надрукавана таксама і аповесць “Бура” Ніны Тарас.

Разам з тым літаратары сталі сведкамі адкрыцця новай экспазіцыі “Пераступіўшы парог”. Наведвальнікі цяпер будуць знаёміцца з жыццём і творчасцю беларускага паэта Валянціна Таўлая. Яшчэ ў далёкім 1946 годзе паэт размясціў матэрыял у газеце “Літаратура і мастацтва” пад такой жа назвай. У тэксце ён вядзе гутарку з чытачом, дзеліцца планамі на будучае і знаёміць з раздзеламі падрыхтаванага да друку зборніка “Шляхі і краты”. В. Таўлай пазначае: “Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіўшы парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Якія ж творчыя перспектывы адчыняюцца перада мной за гэтым парогам?”

На экспазіцыі можна пабачыць шэраг фотаздымкаў, якія былі дасланы ў музей з розных архіваў і музеяў, бібліятэк. Між іншым, некаторыя з іх прадстаўлены ўпершыню. Здымкі акунаюць наведвальнікаў у жыццё паэта – барацьбіта за сацыяльную справядлівасць і нацыянальную самасвядомасць. Сваё жыццё ён прайшоў нібыта па лязе нажа. А ўсё дзеля таго, каб народ выйшаў з прыгнёту, каб жыхар Беларусі называўся беларусам, каб свае каштоўнасці, свая нацыя, свая мова не зніклі і засталіся для далейшых пакаленняў. На экспазіцыі прыхільнікі творчасці Валянціна Таўлая змогуць убачыць мемарыяльныя прадметы – сцізорык, які падчас вайны (1943-1944 гг.) перададзены быў паэтам камісару партызанскага атрада Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Мікалаю Грабёнкіну, стылёвую лінейку, якой карысталася жонка паэта Лідзія Казлоўская, фотаздымак, які перадала для захоўвання Ірына Клышко – хросная дачка роднай сястры паэта, Ніны Таўлай. І што важна – першая кніга паэта “Выбранае”, якая выйшла ў свет ужо пасля смерці яе аўтара, напрыканцы 1947 года.

Разам з тым на выставе змешчаны рукапісы вершаў Валянціна Таўлая. Адзін з іх – гэта спроба пяра – “Верабейкі”. Ён быў напісаны ў 9-гадовым узросце хлопчыка, у 1923 годзе, калі навучаўся Валянцін у лідскай усеагульнай школе №1 імя Тадэвуша Касцюшкі, якая размяшчалася за паўночным бокам Лідскага замка. Гэты твор цяпер даступны і для прадстаўнікоў з абмежаванымі магчымасцямі: тактыльную карціну мастака Васіля Зянько можна памацаць рукамі. А 6 верасня каля Дома паэта адбудзецца ўрачыстае адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры (інклюзіўны арт-аб’ект) “Верабейкі” работы лідскага скульптара Рычарда Грушы таксама з азбукай Брайля. 

Трэба адзначыць, што і мемарыяльны пакой паэта таксама атрымаў пэўныя змены. Такое адчуванне, што зараз ціха скрыпнуць дзверы, і ўвойдзе Валянцін Таўлай з жонкай Кірай. Ён адразу сядзе за стол і працягне шчыраваць за сваімі творамі, рыхтаваць чарговы матэрыял у лідскую газету “Уперад”, а гаспадыня ўвозьме ў рукі свежы нумар газеты або творы Якуба Коласа ці Янкі Купалы, наталіцца, чытаючы іх, звяжа рукавічкі для Ніны... Папоўніўся пакой не толькі новым сталом, але і піяніна. Па ўспамінах, паэт меў добры музычны слых, бо яшчэ жывучы ў Навагрудку, у яго было піяніна, і ён адным пальцам выстукваў знаёмыя мелодыі, у прыватнасці, “Кацюшу”. Вядома, што пры нараджэнні дачкі Галіны Валянцін прасіў другую жонку Лідзію Казлоўскую уключаць радыёпрыёмнік, каб Галіна прывыкала да музыкі. Галіна Валянцінаўна зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу, выходзіць час ад часу на сувязь з супрацоўнікамі Дома-музея. А ў Літве, між іншым, пражывае сястра Валянціна – Ніна Паўлаўна, якая таксама дапамагае музейшчыкам у зборы інфармацыі, дасылае фотаздымкі, дзеліцца ўспамінамі. 

Ліда помніць свайго патрыёта. У горадзе маецца вуліца імя Валянціна Таўлая, філіял раённай бібліятэкі па вуліцы Фурманава таксама названы ў яго гонар. Ну і яшчэ, безумоўна, захаваўся дом, у якім жыў паэт.
Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Добавление комментария
CAPTCHA
*