“Дарога да святыняў”. Старт экспедыцыі 3 верасня ў Мінску

Культура и духовность 04 сентября 25 140
“Дарога да святыняў”. Старт экспедыцыі 3 верасня ў Мінску
Міжнародная  навукова-асветніцкая і духоўна-рэлігійная экспедыцыя “Дарога да святыняў” распачынае сваю вандроўку па Гродзенскай вобласці.  Больш за тры дзесяцігоддзі яна з’яўляецца пачаткам штогадовых святочных мерапрыемстваў, прысвечаных  Дню беларускай пісьменнасці.  Напярэдадні свята роднага слова да нас у горад завіталі прадстаўнікі дэлегацыі, а гэта вопытныя навукоўцы, пісьменнікі, фотакарэспандэнты вядомых беларускіх часопісаў. Лідская цэнтральная раённая бібліятэка гасцінна адкрыла дзверы для зацікаўленых гасцей канферэнцыі-сустрэчы.

Распачаў мерапрыемства вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Шаладонаў Ігар Міхайлавіч. Ветліва прывітаўшы прысутных у зале, ён расказаў аб мэце дадзенай экспедыцыі, яе задачах і сутнасці правядзеня падобных сустрэч.

– Вось ужо 32 гады запар у першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускай пісьменнасці,  нацыянальнае свята, якое мае для ўсіх нас вялізнае культурна-гістарычнае значэнне. Сёлета сталіцай беларускага пісьменства стане ваш прыгожы горад з мілагучнай назвай Ліда. Для таго, каб расказаць людзям аб  праекце, запланаваных мерапрыемствах, каб ахоп зацікаўленых гасцей быў як мага большым на свяце, каб беларусы яшчэ больш аб’ядналіся ў духоўнасці і асвеце,  – для гэтага наша экспедыцыя створана і працуе штогод.  Удзельнікі дэлегацыі, а гэта 25 чалавек – прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлегенцыі розных  галін навукі, адукацыі, мастацтва, інфармацыі, наведаюць установы адукацыі, бальніцы, сацыяльныя прытулкі для правядзення творчых гасціных, лекцый, абмена думкамі і разважаннямі. Адбудуцца і крэсныя хады па святынях Гродзеншчыны, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, прыхажанамі. Наш маршрут складзе роўна 777 км. Ён пройдзе праз Баранавічы, Зельву, Дзятлава, Казлоўшчыну, Ашмяны, Іўе. Завяршыцца экспедыцыя ў Лідзе 6-7 верасня. 

Ігар Міхайлавіч расказаў прысутным аб сваёй асноўнай дзейнасці ў Інстытуце ў аддзеле літаратуры на кафедры 20 і 21 стагоддзяў, дзе ён займаецца даследаваннем прозы пісьменнікаў Беларусі. Спыніўся на апошняй сваёй публікацыі, набытку па творчасці паэмы Я. Коласа “Новая зямля”. 

На канферэнцыі свае вершы зместу прадэкламаваў Вадзім Браніслававіч Спрынчан – беларускі паэт,  перакладчык, вядомы літаратуразнаўца. Яго творы глыбока кранулі сэрцы слухачоў, так як раскрываюць галоўную сутнасць чалавечага быцця, паўсядзённыя жыццёвыя праблемы, пры гэтым яны прасякнуты  хрысціянскімі матывамі. 

Не менш цікавым было і выступленне знакамітага журналіста, фотакарэспандэнта рэспубліканскіх часопісаў і газет, вядомых мінскіх выдавецтваў Аляксандра Міхайлавіча Лабады, які падзяліўся сваімі цікавымі гісторыямі, што адбываліся пад час яго работы ў СМІ, а таксама ўражаннямі і назіраннямі аб штогадовым удзеле ў экспедыцыі “Дарога да святыняў”. 

Меркаванні ў тэму

Тэрэза Смольская: 

– Канферэнцыя з удзельнікамі экспедыцыі “Дарога да святыняў” для мяне стала своеасаблівым падарункам. Радасна было сёння пазнаёміцца з  цікавымі людзьмі, навукоўцамі, творчымі асобамі Беларусі. Асабліва кранула духоўная паэзія Вадзіма Спрынчана, якая была насычана  глыбокім сэнсам і філасофскімі разважаннямі пра месца чалавека ў свеце. А яшчэ цікава было паслухаць успаміны аб першым прыездзе ў Ліду Аляксандра Міхайлавіча Лабады, журналіста, фотакарэспандэнта, у далёкім 1979 годзе. Наш горад і тады быў адметным не толькі сваімі прадпрыемствамі, гістарычнымі помнікамі, культурай, але і гасціннымі людзьмі, якія засталіся надоўга не толькі ў памяці журналіста, але і ў нас, лідчан. 

Кацярына Янчэўская, паэт, мастацтвазнаўца, настаўнік:

– Асабіста для мяне сённяшняя сустрэча – гэта магчымасць у чарговы раз наблізіцца да беларускага слова, літаратуры праз цікавую сустрэчу з прадстаўнікамі творчай і навуковай інтэлегенцыі нашай роднай Беларусі. Экспедыцыя яднае навуку, мастацтва, літаратуру, асвету. Гэта радасна, бо я таксама працую ў розных сферах, сумяшчаю іх. Размова на канферэнцыі  ішла аб багатай  культурнай спадчыне беларусаў, аб нашай незгасальнай хрысціянскай веры. Сустрэчу я чакала, рыхтавалася да яе. Вершы Вадзіма Спрынчана гучалі з вуснаў аўтара настолькі ўзнёсла, глыбока, ішлі ад сэрца, што створаная атмасфера паэтычнага натхнення заставалася з прысутнымі ў зале  да канца мерапрыемства. Дзякуй арганізатарам экспедыцыі за радасць знаёмства, магчымасць адкрытых размоў, зносін са знакамітымі літаратарамі і дзеячамі  культуры і навукі нашай краіны. З нецярпеннем чакаю чарговай сустрэчы ўжо ў  Дзень беларускай пісьменнасці.
https://lidanews.by/
Добавление комментария
CAPTCHA
*