Чым здзіўляюць майстры Гродзеншчыны на XXXIII Дні беларускага пісьменства
Шацёр Гродзенскага рэгіёну стаў адным з самых наведвальных. Майстры са Свіслацкага, Астравецкага, Лідскага і Іўеўскага раёнаў пакарылі гасцей хупавымі выцінанкамі, вырабамі з саломы, палотнамі, вытканымі прама на вачах у прахожых, незвычайнымі шкатулкамі з лісця кукурузы і ўнікальнымі вырабамі чорнаглянцаванай керамікі.

Пры поглядзе на шацёр Гродзенскай вобласці ўвагу адразу прыцягвае вялізны саламяны зубр. Выраб па выставах возяць ужо 10 гадоў. Каб зрабіць вялізную жывёлу, спатрэбілася 4 месяцы карпатлівай працы. Аўтар працы Алена Малышава, майстар народных мастацкіх рамёстваў, расказвае:
– Саломы сышло вельмі шмат. Снапамі яе разразаеш, чысціш, варыш. Самым складаным было стварыць устойлівую постаць.

Алена Малышава саломапляценнем займаецца ўжо 15 гадоў, тры гады таму атрымала званне народнага. Дзе толькі за гэты час не пабывалі яе працы, але самай далёкай кропкай стала Індыя.
– На працягу 20 дзён я прадстаўляла беларускае саломапляценне на міжнародным фестывалі. Асаблівую цікавасць у замежнікаў выклікалі майстар-класы - у Індыі плятуць з пальмавага лісця, таму ім было цікава ўбачыць і нашы тэхнікі, – дзеліцца Алена Малышава.
Ёсць у палатцы Гродзенскага рэгіёна і рэдкія вырабы: адзіны ў Беларусі чорнаглянцаваны посуд.

Унікальная традыцыя ўзнікла ў канцы 19 стагоддзя. Пасёлак Поразава Свіслацкага раёна некалькі стагоддзяў таму быў буйным ганчарным цэнтрам – жыло там каля 200 ганчароў. Самай галоўнай лічылася дынастыя Шопікаў. Калі ў 90-х з жыцця сышоў Іосіф Шопік, мастацтва чарнаглянцаванага абпалу спыніла сваё існаванне – да шчасця, не назаўжды. З 2004 года ў Свіслацкі раённы цэнтр рамёстваў прыйшоў Яўген Мацяшук, зараз – майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, і пачаў адраджаць даўнюю традыцыю.
– У мінулым годзе мы пабудавалі спецыяльны двухкамерны горан для абпалу керамікі. Наш майстар Яўген Мацяшук усе свае навыкі і досвед перадае не толькі свайму сыну Раману, але і вучням, – падзялілася Аксана Васілько, загадчык адзела раместваў і традыцыйнай культуры ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
11 студзеня 2026 года мастацтву чараглянцаванага абпалу быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.








Фото:автора
