Марыя, дзякуем i давяраем. Фэст у Тракелях (фота)

Духовность 11 июля 16 3779


Кожны год у пачатку ліпеня да святыні ў аграгарадку Тракелі прыбываюць шматлікія пілігрымы, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай. Больш за 6 000 каталіцкіх вернікаў прыбылі ў святыню са сваімі просьбамі. Адны з болем у сэрцы прасілі аб заступніцтве Багародзіцы для сваіх родных, другія з радасцю ў душы дзякавалі за атрыманыя ласкі. Моладзь традыцыйна звярталася да Маці Божай Тракельскай за дапамогай у справах вучобы.

Сёлета ў Тракелі, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, прыйшло каля 17 пілігрымак, у якіх прынялі ўдзел больш за 1 500 тысяч чалавек. Самыя працяглыя, якія ішлі некалькі дзён, былі з Гродна і Ашмян. Пілігрымы прыбывалі сюды таксама на веласіпедах, аўтобусах, аўтамабілях; нават на матацыклах — аж з Польшчы! Усе яны, схіліўшы галовы ў малітвах, выстойвалі чаргу, каб зайсці ў касцёл і, апусціўшыся на калені, прайсці вакол алтара і дакрануцца рукой да святога абраза, укаранаванага папскімі каронамі за здзейсненыя цуды.

Праграма ўрачыстасцяў была разнастайнай і цікавай. Дэвіз сёлетніх тракельскіх святаў: «Дзякуем і давяраем Марыі». Падчас Марыйнага апэлю была праведзена канферэнцыя “Часам ласкі і даверу”. Пасля былі выстаўленне Найсвяцейшага Сакраменту і Эўхарыстычная адарацыя з нагоды 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі, у якой прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, сем’і, моладзь і дзеці.

Традыцыйную імшу а поўначы распачаў біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў Богу за дар Панны Марыі, якая вядзе дарогамі міласэрнасці:

— Няхай Маці Божая выпрошвае ў свайго Сына ласку жывой веры, каб кожная хрысціянская сям’я кіравалася ў жыцці Божымі запаведзямі і евангельскімі каштоўнасцямі, і тады ў нашых дамах запануюць згода, радасць, узаемапавага і сапраўдная любоў.

Правёў начное богаслужэнне біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка. У гаміліі пінскі ардынарый адзначыў: прысутнасць пілігрымаў у Тракелях сведчыць пра тое, што Маці Божая з’яўляецца вялікім скарбам для іх, для Гродзенскай дыяцэзіі, што ўсё больш людзей імкнецца пераймаць шлях Марыі. Антоній Дзям’янка падзякаваў тым, хто, як Марыя, сваім служэннем даваў і дае прыклад новым святарам, якія з’явіліся дзякуючы старэйшым людзям, якія абудзілі гэтыя святарскія пакліканні.

Пасля благаслаўлення вернікі засталіся на начное трыванне, каб быць побач з Маці Божай — Каралевай беларускіх сем’яў, якія патрабуюць і малітвы, і адвагі, і моцнай веры, каб вытрымаць у Божай праўдзе і радасці. Маліліся на ружанцы, разважаючы Таямніцы Святла, вернікі Радунскага дэканата. Вернікі з Ліды маліліся вяночак да Божай Міласэрнасці. Моладзь узносіла хвалебныя песні разам з гуртом “ОРЕN”.

Паколькі ў гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі і служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча, урачыстасці ў Тракелях былі своеасаблівай падзякай Пану Богу за біскупскае служэнне і гады існавання дыяцэзіі. Юбілею 25-годдзя Касцёла на Гродзеншчыне быў прысвечаны даклад ксяндза-каноніка Антонія Грэмзы. У пачатку свайго выступлення ён растлумачыў значэнне слова «юбілей» і падрабязна распавёў пра традыцыю святкавання юбілейнага года для хрысціян, спыніўшыся на сёлетнім — Годзе міласэрнасці. Гаворачы пра святароў, якія нясуць сваё служэнне ў дыяцэзіі, кс. Антоній падкрэсліў, што за гэтыя гады вырасла цэлае пакаленне духавенства і свецкіх асобаў, якім старэйшае пакаленне перадало скарб веры і любові да Касцёла, а колькасць святыняў узрасла з 85 да 148. Акрамя інтэнсіўнага адраджэння парафіяльнага жыцця, 25-гадовы перыяд быў таксама часам інтэнсіўнай знешняй працы і ўзаемнага здзяйснення душпастырскіх праграм, правя-дзення наведванняў парафій копіямі цудадзейных абразоў, якія спрыялі знешняму прабуджэнню веры ў вернікаў дыяцэзіі. На завяршэнне кс. Антоній Грэмза прачытаў малітву Пантыфіка ў інтэнцыі Святога года, каб юбілей міласэрнасці быў годам ласкі ад Пана.

Тры новапрэзбітэры Гродзенскай дыяцэзіі — ксяндзы Андрэй Скамарошка, Ян Варанецкі і Павел Скуба — пасля ранішняй Святой імшы ў тракельскім санктуарыі Маці Божай атрымалі прызначэнні ў свае першыя парафіі і неўзабаве распачнуць служэнне ў якасці вікарыяў.

Духавенства Гродзенскай, Мінска-Магілеўскай, Пінскай дыяцэзій, вернікі сабраліся а 10 гадзіне ля галоўнага алтара на ўрачыстую імшу, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцызіі Алег Буткевіч. Ардынарый перш-наперш павіншаваў Гродзенскую дыяцэзію з сярэбраным юбілеем і зазначыў, што менавіта гэтая дыяцэзія выгадавала трох новых біскупаў, і ён сам атрымаў фармацыю і стаў святаром менавіта тут. Гродзенская дыяцэзія — як сям’я, дзе няма чужых, дзе ўсе з’яўляюцца дзецьмі Божымі. Фундамент гэтай сям’і — прынцып служэння, прыклад якога мы бачым у Марыі, сказаў падчас сваёй гаміліі віцебскі ардынарый. І няхай Гродзенская дыяцэзія застаецца прыкладам веры для астатняй Беларусі, асабліва для яе ўсходняй часткі, дзе Касцёл будуецца на людзях, многія з якіх родам з Гродзеншчыны. Няхай Бог благаслаўляе ў юбілейны год і надалей, каб было як мага больш сэрцаў, якія будуць верныя Марыі і Касцёлу. Біскуп падкрэсліў, што ў сувязі з Годам міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле на першае месца сярод учынкаў міласэрнасці варта паставіць прабачэнне. Звяртаючыся да моладзі, ён параіў падзякаваць асаблівым чынам за сучасныя сродкі камунікацыі, якія дапамагаюць быць разам з іншымі людзьмі нават на адлегласці. Аднак заўважыў, наколькі важная сустрэча «твар у твар», як зараз, ідучы ў піліграмках. Біскуп дадаў, што ў пазнанні Бога таксама дапамагаюць тэх-нічныя сродкі, але яны ніколі не заменяць жывой сувязі з Богам.

Ганаровыя граматы з нагоды 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі з рук біскупа гродзенскага Аляксандра Кашкевіча артымалі мецэнаты і кіраўнікі пілігрымак. Сярод узнагароджаных — старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум, яго лідскі калега — Міхаіл Карповіч, кусташ санктуарыя Маці Божай Тракельскай — кс. Аляксандр Рудзевіч, а таксама кіраўнікі сёлетніх пешых пілігрымак з Гродна, Іўя, Навагрудка, Ваўкавыска і Ашмян. Таксама была выказана падзяка многім святарам і свецкім асобам, якія сваім служэннем спрыяюць духоўнаму жыццю дыяцэзіі і развіццю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Біскупу гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, які сёлета адзначае 25-годдзе біскупскай сакры і 40-годдзе святарскага служэння, была падаравана копія абраза Маці Божай Тракельскай.

З падзячным словам звярнуўся да прысутных і грэміяльны канонік Гродзенскага катэдральнага капітула, дэкан Радунскага дэканата, ксёндз Генрых Яблонскі. Ён заўважыў, што дзякаваць, сапраўды, трэба за многае, бо за 25 год існавання дыяцэзіі, дзейнасці адноўленых структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі адбыліся шматлікія прагрэсіўныя змены. Ксёндз Генрых таксама выказаў словы падзякі раённым і мясцовым уладам за дапамогу ў падрыхтоўцы ўрачыстасцей у тракельскім санктуарыі і за ўвагу да патрэбаў каталіцкіх святыняў на Воранаўшчыне.

Напрыканцы імшы прысутным было ўдзелена пастырскае благаслаўленне. Вернікі, з напоўненным дабрынёй сэрцам, падмацаваўшыся ма-літвай і верай, вярнуліся да сваіх дамоў, каб працягваць свае жыццёвыя справы.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.

















































































































































































Добавление комментария
CAPTCHA
*