Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: “Я рады, што пабываў у Пелясе”

Духовность 28 сентября 16 2193

Пасля ўрачыстасцей у гонар святога Лінаса ў  Пелясе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі і думкамі:


— Я ўпершыню прыехаў у Пелясу, раней многа чуў пра гэтую парафію, пра гэты астравок літоўскай культуры ў Беларусі, пра людзей, якія тут жывуць. Таму быў вельмі рады запрашэнню. І тое, што я сёння тут убачыў і адчуў, мяне ўразіла. Перш за ўсё людзі, якія стараюцца захаваць сваю культуру, развіваць яе. Вельмі важна, што Святыя імшы праходзяць на некалькіх мовах, усё гэта адбываецца ў згодзе і ў пашане адзін да аднаго. Паглядзіце, што зараз робіцца ў свеце і ў Еўропе… Мы ж дзеці адной Зямлі, хоць і розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Зямля — наш адзіны дом, у якім павінны быць мір і супакой. І вось прыклад гэтай маленькай вёсачкі паказвае, як можна жыць у згодзе, разумець адзін аднаго, з павагай ставіцца да культурных традыцый, разам маліцца і святкаваць, працаваць і адпачываць.


Падчас набажэнства я бачыў людзей, якія былі не проста гледачамі, у думках іх не было, каб хутчэй гэта ўсё завяршылася. Яны ўважліва, з зацікаўленасцю слухалі. Я маю ўжо вялікі вопыт святарства і бачу людзей, разважаючых над словам Божым. Дзень літоўскай культуры вёўся на дзвюх мовах, у ім прымалі ўдзел і дзеці, і старэйшыя людзі, сапраўдныя носьбіты культуры — бабулі — вось гэта і ёсць прыклад, як можна захоўваць сваю спадчыну. Тым больш, што для гэтага нашай дзяржавай створаны ўсе ўмовы. Мяне ўзрушылі словы вядучай алітускага гурту. Яна сказала, што яе прыемна ўразілі прыгажосць і чысціня ў нашай краіне. А яшчэ тое, што ў святыні было многа моладзі. Бачыце, для Літвы гэта ўжо праблема: іх маладыя людзі выязджаюць з краіны. Па яе словах, менавіта тут, у Пелясе, яна адчувае сябе, як на радзіме, бо тут гучыць родная мова, тут спяваюць знаёмыя з дзяцінства песні, тут захавалі любоў да літоўскай культуры, пры тым з павагай ставяцца да культуры краіны, у якой жывуць, вучаць дзяцей беларускім вершам, музыцы, песням.


Сённяшні дзень, які я правёў у Пелясе, успрымаю пазітыўна. Трэба дзякаваць Богу за тое, што ёсць, і далей гэта развіваць. І добра, што ў пялясцаў ёсць літоўская школа, якая зберагае і развівае культуру, клапоціцца пра духоўнасць сваіх вучняў. Бо сёння моладзь і дзеці знаходзяць “альтэрнатыву” Божаму слову — гэта інтэрнэт, дыскатэкі, канцэрты, гандлёва-забаўляльныя цэнтры.




На мой погляд, каб супрацьстаяць выклікам сучаснасці, патрэбна весці велізарную працу, па-першае, у сям’і. Я з дзяцінства памятаю, як мае бацькі кожны вечар ставалі на калені разам з намі і маліліся, дзякавалі Богу за пражыты дзень. І мы, дзеці, гэтую любоў да Бога нясём праз гады і перадаём другім. Сёння патрэбна ўмацоўваць веру, каб бацькі паказвалі прыклад сваім дзецям.



У нядзелю перш за ўсё патрэбна пайсці ў касцёл, а ўжо потым у кіно ці на канцэрт, штораніцы і штовечар трэба гаварыць малітву і дзякаваць Богу за перажыты дзень, папрасіць міласці і блаславення на новы. Не знімаю абавязкаў па выхаванню са святароў, якія самі павінны заўжды вучыцца і быць інфармаванымі, весці катэхізацыю дзяцей, асабліва тых, хто ўжо прыняў першую камунію, бо некаторыя пасля гэтага — “рэдкія госці” ў касцёле. Дзеці і моладзь хочуць быць моднымі і сучаснымі, і не трэба ім забараняць, але патрэбна пастаянна клапаціцца пра іх духоўнасць, выкарыстоўваць для гэтага сучасныя сродкі, гаварыць з імі на іх мове. Больш арганізоўваць для іх пілігрымак. Менавіта ў такіх малітоўных падарожжах яны ўпэўнена крочаць да духоўнасці. Моладзь трэба выхоўваць на прынцыпах Евангелля, каб яна магла б плыць супраць цячэння выклікаў часу і не паддавацца іх уплыву. Пры ўсім гэтым, неабходна дзякаваць Богу і прасіць Яго блаславення, памятаючы, што толькі Бог дасканалы, і ўвесь час самім імкнуцца да дасканаласці.




Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*