Фестываль “Гальшанскі замак” сабраў ля сваіх сцен аматараў гісторыі і сярэднявечнай культуры

Культура и духовность 07 августа 22 423

Фестываль “Гальшанскі замак” сабраў ля сваіх сцен аматараў гісторыі і сярэднявечнай культуры

Фестыль прайшоў у 11-ы раз.

Ля сцен Гальшанскага замка прайшоў адзінаццаты па ліку фестываль сярэднявечнай музыкі і культуры, які з кожным годам прарастае сваімі каранямі ў сучаснасць і дорыць усім, хто наведваецца ў гэты дзень у Гальшаны, шыкоўны настрой і цудоўную магчымасць стаць часткай гісторыі, напісанай чатыры стагоддзі назад.

Амытыя ліўневым дажджом Гальшаны напачатку далі прытулак сваім гасцям у касцёле Святога Іаана Хрысціцеля. Тут яны не толькі перачакалі залеву, але і насалодзіліся канцэртам арганнай музыкі саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэата міжнародных творчых конкурсаў Аляксандра Музыкантава і магістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі музыкі, арганіста Чырвонага касцёла ў Мінску Андрэя Міхневіча. У іх выкананні прагучалі творы Баха, Гуно, Агінскага, Гендэля, Акуджавы, а таксама кананічныя псалмы на беларускай, польскай і літоўскай мовах.

IMG_5672.jpg

Пасля канцэрта гледачы далучыліся да тэатралізаванага шэсця, якое па старажытнай вуліцы Замкавай, урачыста абвясціўшы аб пачатку фестываля, пракрочыла да руін былой рэзідэнцыі Сапегаў. Вершнікі і рыцары з беларускіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі разам з персанажамі часоў княжання караля Ягайлы і містычнымі насельнікамі замка зліліся з людскім натоўпам, які з нецярпеннем чакаў пачатку насычанай фестывальнай праграмы.

IMG_5725.jpg

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося тэатралізаваным пралогам, які падрыхтавалі работнікі ўстаноў культуры Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Пасля невялікага экскурсу ў гісторыю Гальшанскай зямлі і знакамітага замка, які дзякуючы прадуманай дальнабачнай палітыцы нашай дзяржавы паўстаў перад намі ў новым абліччы, госці і ўдзельнікі свята акунуліся ў атмасферу мінулага.

IMG_5841.jpg

Сваё майстэрства прадэманстравалі на фэсце клубы гістарычнай рэканструкцыі «Шатландскі клан МакВітан» і «Веруш». Тут можна было пазнаёміцца з гісторыяй Шатландыі, пад сярэднявечную музыку станцаваць разам з мужнымі воінамі і дамамі іх сэрца і паназіраць за рыцарскімі баямі. А ў рыцарскіх станах паспытаць чаю, прыгатаванага на кастры па старажытным рэцэпце – на зёлках з верасовым мёдам, памераць рыцарскія даспехі і шлем, пастраляць з лука і даведацца, як залечвалі сярэднявечныя абаронцы Айчыны свае раны.

IMG_5936.jpg

Увагу гледачоў прыцягнуў сваім незвычайным гучаннем малады гурт Nеvrida. Песні творчага калектыву ўдала спалучалі ў сабе энергетыку сучаснай рок-музыкі і рамантызм сярэднявечных і рэнесансных мелодый. Без сумневу, гледачам запомніліся іх вобразныя тэксты і незвычайныя музычныя інструменты.

Велічнасць эпохі Сярэднявечча прадэманстравалі рыцары ваенна-гістарычнага клуба «Секерж» — пастаянныя ўдзельнікі свята ў Гальшанах. На пляцоўцы, дзе выступалі вершнікі, было надзвычай ажыўлена. Дасподобы прыйшлося іх выступленне і дзецям, і дарослым. Тут трэба адзначыць, што арганізатары свята – Ашмянскі раённы выканаўчы камітэт і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – паклапаціліся пра адмысловасць праграмы. Дзякуючы намаганням работнікаў раённага цэнтра культуры, усіх клубных устаноў, краязнаўчага музея, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры цікава тут было людзям усіх узроставых катэгорый. Гульні і забавы — для дзяцей, канцэрты — для моладзі і дарослых, святочны гандаль, рознапланавыя фотазоны, экскурсіі на паўночную вежу, майстар-класы ў “Горадзе майстроў” – сумаваць часу не было!

IMG_6176.jpg
IMG_5808.jpg
IMG_6431.jpg

Што тычыцца харчавання, то падсілкавацца можна было ў гандлёвых радах ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, Ашмянскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прыцягвала ўвагу казачная палатка спажывецкага таварыства, у якой прадаваўся брэндавы ласунак Гальшанскага фестывалю – пернік. Набыць яго можна было з рознымі выявамі, рознай формы і памеру. А калі кашалёк дазваляў, то і прывезці ў падарунак кулінарны шэдэўр – пернік-пано.

Асобнай увагі заслугоўвалі “жывыя” фігуры і фотазоны, пра якія паклапаціліся работнікі раённага цэнтра культуры і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Нават калі на Гальшаны спусцілася ноч, яны не пераставалі карыстацца папулярнасцю сярод наведвальнікаў фестывалю.

Вялікую колькасць гледачоў сабрала падчас вячэрняй канцэртнай праграмы выступленне ўдзельнікаў тэлевізійнага шоу «Х-фактар Беларусь» і яркае вогненна-піратэхнічнае шоу «Магія агню”.

IMG_6617.jpg

Фэст у Гальшанах падарыў шмат незабыўных эмоцый і засведчыў аб сабе як непаўторны момант насычанага і шчодрага на фестывалі лета. Цудоўны настрой і шчырыя ўсмешкі ашмянцаў і гасцей мерапрыемства сталі найлепшай падзякай арганізатарам за чарговую яркую старонку ў сваім жыцці, яшчэ адной падставай ганарацца гісторыяй роднай зямлі і рабіць усё неабходнае па яе захаванні.

osh.by

Добавление комментария
CAPTCHA
*