Пагародзенская скарбонка

Страницы истории 19 апреля 13 1650

Як прыгожа і мілагучна спявалі калісьці на вячорках дзяўчаты, калі пралі, ткалі або вышывалі ручнікі. Здавалася, у іх руках ажывалі ткацкія станкі і калаўроткі — яны нібы падыгрывалі сваім юным умеліцам. Гэтая чароўная мелодыя разлівалася на ўсю аколіцу... Уявіце сабе, якія ў такой атмасферы прыгожыя вырабы атрымліваліся!

Напэўна, многія скажуць, што такія вечарынкі даўно адышлі ў небыццё і ніхто ўжо зараз не збіраецца і не пяе песні, а тым больш — не прадзе. Дазволю з імі не пагадзіцца. Ёсць на Воранаўшчыне прыгожы куточак — аграгарадок Пагародна, дзе супрацоўнікі мясцовага сельскага Цэнтра дасуга і народнай творчасці аб’ядналі вакол сябе тых дзяўчат, якія калісьці гуртаваліся на вячорках. Нягледзячы на тое, што сёння ім ужо за 70 год, яны па-ранейшаму збіраюцца, прыгожа спяваюць. Іх рукі не забылі, як карыстацца калаўроткам ці прасліцай. Шануюць і берагуць тут як зрэнку вока жывых носьбітаў народных традыцый: Станіславу Міхно, Марыю Кіроль, Ядзвігу Коўзу і Марыю Сакалоўскую. Стараюцца пераняць ад іх усё. Любяць бываць на такіх вячорках, якія зазвычай праходзяць у пакоі-музеі, дзяўчынкі Даша Будрэвіч і Мілана Філон. Яны з вялікім захапленнем слухаюць байкі і вучацца народнаму рамяству (на здымку).

Каб зберагчы традыцыі, якім наканавана жыць у вяках, з аматараў народнай творчасці быў створаны фальклорна-абрадавы гурток “Спадчына”, які аб’яднаў людзей рознага ўзросту. Яго ўдзельнікі валодаюць невычарпальнай скарбніцай народных песень, гульняў, абрадаў. Таму работнікі Пагародзенскага СЦДіНТ паставілі перад сабой задачу: з мэтай вывучэння мясцовага фальклора аднавіць традыцыі продкаў, сабраць песні, байкі. І нават плануюць выдаць зборнік песень і абрадаў “Пагародзенская скарбонка”.

На вячорках пабывала Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*