Баявы і працоўны подзвіг земляка

08 апреля 14 2050
…У чэрвені сорак першага варожыя снарады разарваліся на нашай зямлі. Адборныя фашысцкія дывізіі перайшлі мяжу Савецкага Саюза. Беларусь акупавалі немцы. Многія не паспелі пайсці на фронт. Так застаўся ў тыле ворага і Канстанцін Адольфавіч Імпяровіч. “Што ж рабіць?” — такая думка часта ўзнікала ў майго земляка. Звязацца з партызанамі не ўдалося. І ён вымушаны быў дачакацца нашых войск. І вось гэты дзень — дзень вызвалення — прыйшоў.
Канстанцін Адольфавіч, не чакаючы павесткі з ваенкамата, ідзе на фронт. З баямі салдат рухаецца на Захад. Шмат было імклівых перапраў, крывавых змаганняў. Але кулі не траплялі ў байца. Ён атрымаў многа ўзнагарод, у тым ліку медаль “За адвагу”. Гэта знакавая ўзнагарода для салдата.

9 мая 1945 года… Гэты дзень К.А. Імпяровіч сустрэў у Берліне. На яго грудзях з’явіўся яшчэ адзін медаль — “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”…

Так напісаў шмат год  таму назад пра земляка Віталій Кашлей, былы вучань Забалацкай школы, сачыненне якога я знайшла ў музеі Забалацкага НПК, рыхтуючы артыкул з нагоды юбілея ветэрана.

І сёння Канстанцін Адольфавіч не можа забыць баявых дарог. Памяць не-не дый вяртаецца ў далёкі 1944 год, калі ён у складзе 12-га стралковага палка Войска Польскага змагаўся за вызваленне Радзімы, за мірнае жыццё нашых людзей. З гонарам ветэран паказвае ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. На вочы сплывае скупая мужчынская сляза: “Кулі ляцелі над галавою. Але страшна не было: да ўсяго чалавек прывыкае…”.

Калі салдат-пераможца вярнуўся ў родную вёсачку Дзеткі, ратны подзвіг змяніў мірны. У 1949 годзе ў гэтай мясцовасці арганізоўваўся калгас імя Матросава. Аднавяскоўцы абралі Канстанціна Адольфавіча яго старшынёй. Пачынаць, канешне ж, як і любую справу, было складана. Дзяржава дала пазыку. Дзякуючы гэтаму купілі трох кароў, чатырох свіней. Напачатку дзейнасці гаспадаркі зямлю апрацоўвалі з дапамогай коней, насенне збіралі па хатах. Было складана, але сяльчане пад умелым кіраўніцтвам працавалі дружна.

1952 год прынёс карэктывы ў працоўную дзейнасць К.А. Імпяровіча. У гэты час узбуйняліся калгасы. Вёска Дзеткі стала вытворчым участкам калгаса імя Леніна, а Канстанцін Адольфавіч — яго загадчыкам аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

Усе свае сілы былы франтавік аддаваў рабоце, любоў да зямлі была неад’емнай часткай яго жыцця. Не раз Канстанцін Адольфавіч быў героем артыкулаў журналістаў “Воранаўскай газеты”. Сумленны, адданы сваёй справе працаўнік узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. А за высокія паказчыкі ў развіцці народнай гаспадаркі мае пяць медалёў як удзельнік ВДНГ СССР.

4 красавіка Канстанцін Адольфавіч адзначыў сваё 95-годдзе. Любага тату, дзядулю і прадзядулю віншавалі родныя. Ветэрану вайны і працы свае найлепшыя пажаданні выказалі і прадстаўнікі раённай улады, раённага савета ветэранаў, Радунскага сельсавета, аб’яднанага СВК “Гіркі” і сацыяльнай службы.

З юбілеем Вас, Канстанцін Адольфавіч!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*