Адпачынак цікавы і карысны арганізаваны для выхаванцаў аздараўленчага лагера ў Паляцкішскай школе
“ЛетаГрад” – так называецца выхаваўча-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання, які працуе ў Паляцкішскай базавай школе. Для дзяцей ва ўзросце 10-13 гадоў арганізаваны цікавы і карысны адпачынак. Выхаванцы аб’яднаны ў атрад з прыгожай назвай “Васількі”.
Пад кіраўніцтвам педагога Алены Зыгмундаўны Пажарыцкай навучэнцы паспяхова асвойваюць праграму выхаваўчай работы лагера.
Выхавацелі Марыя Уладзіміраўна Балінская, Аляксандр Мар’янавіч Васько, Тэрэса Станіславаўна Дзюк ладзяць для дзяцей цікавыя мерапрыемствы. Кожны дзень лагернай змены мае тэматычны напрамак - “Сімвалы Беларусі”, “Дзень талентаў”, “Дзень экалогіі”, “Кола гісторыі”, “Спорт і здароўе”, “Свет прафесій”, “Дзень сямейных каштоўнасцей”, “Дзень прававых ведаў”.
Штодзённая ранішняя гімнастыка і хвілінкі здароўя дапамагаюць стварыць станоўчы эмацыянальны настрой і добры фізічны тонус на ўвесь дзень.
У пачатку лагернай змены дзеці працавалі над міні-праектам “Дом, у якім мы жывём”. Кожны дзень праходзяць забаўляльныя конкурсы, пазнавальныя віктарыны. Захапляльнай была квэст-гульня “Прыгажосць нашай прыроды”. Праведзены экалагічныя дэсанты, прысвечаныя Году добраўпарадкавання.
З задавальненнем працавалі выхаванцы ў творчай майстэрні “Зрабі сам”, дзе выраблялі кветкавае пано і розныя ўпрыгожванні з кветак.
Спадабалася дзецям экскурсія на хлебапякарню гарадскога пасёлка Воранава, дзе ўдзельнікі лагера ўбачылі, як адбываецца “нараджэнне” хлеба і хлебабулачных вырабаў, пачаставаліся свежавыпечанымі румянымі булачкамі.
Пабывалі ў Воранаўскім рённым Доме рамёстваў, пазнаёміліся з работамі народных умельцаў, прадстаўленымі на выстаўцы, прынялі ўдзел у майстар-класе “Беларуская выцінанка”.
Здзейснілі віртуальныя падарожжы па знакамітых мясцінах Беларусі. Асабліва спадабалася дзецям экскурсія ў горад Гродна, падчас якой наведалі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, здзейснілі аглядную экскурсію па горадзе.
У госці да дзяцей прыязджалі намеснік начальніка Воранаўскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях Іван Сайко і супрацоўнік аддзялення ДАІ Воранаўскага РАУС Яўген Барташэвіч. Падчас сустрэч адбыліся гутаркі аб правілах пажарнай бяспекі, захаванні правіл бяспечных паводзін на дарогах. Прадэманстраваны навучальныя фільмы па названай тэматыцы.
З удзелам фельчара Паляцкішскага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяны Ненартовіч праведзены мерапрыемствы па прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Падчас лагернай змены ўдзяляецца ўвага прафілактыцы шкодных звычак і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
Напрыканцы кожнага дня дзеці даюць ацэнку асабістых дасягненняў у розных сферах дзейнасці – творчасць, інтэлект, спорт, праца, этыкет, удзел у жыцці лагера.
Іван ГАБІС,
настаўнік Паляцкішскай базавай школы.