“Агра-Лета” ў Канвелішскай сярэдняй школе

22 июля 26 70
изображение_viber_2026-07-22_16-35-59-299.jpg

Стацыянарны выхаваўча-аздараўленчы лагер “Агра-Лета” — выдатная пляцоўка для займальнага і карыснага адпачынку. Ён паспрыяў 20 школьнікам Воранаўскага раёна, каб лета стала не проста канікуламі, а часам новых адкрыццяў, ведаў, а таксама крокам да будучай прафесіі. Мы пацікавіліся ў сваіх сяброў, як праходзяць лагерныя дні.

изображение_viber_2026-07-22_16-35-59-254.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-35-59-573.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-206.jpg

Дамінік і Томаш Адамоніс, вучні 7 класа Воранаўскай СШ: “У лагеры цікава, бо кожны дзень насычаны і запамінальны. Нам падабаюцца спартыўныя мерапрыемствы і ранішнія прабежкі. Запомніліся Дзень хлеба, сустрэча з ветэранам працы, былым поварам Альфрэдай Станіславаўнай Даржынкевіч, якая ўспомніла свой перыяд жыцця, калі яна працавала ў сталовай і гатавала ежу для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Яна бачыла нялёгкую працу людзей, якія вырошчваюць хлеб, і добра разумее, колькі любові, цярпення, клопату ўкладаюць людзі ў гэтую справу. А мы павінны шанаваць, берагчы і паважаць іх працу, ставіцца да хлеба беражліва! У ходзе мерапрыемства таксама гучалі вершы пра хлеб, узгадваліся прыказкі. Мы разважалі пра карысць хлеба, паўтарылі правілы беражлівых адносін да яго і атрымалі некалькі простых і карысных парад”.

Аляксандра Зданюкевіч, вучаніца 10 класа Канвелішскай СШ: “У лагеры мне падабаюцца заняткі ў “Школе юных аграрыяў”, экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы Воранаўскага раёна. Мы знаёмімся з вядучымі аграрнымі ўстановамі Беларусі, сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі нашага раёна, з адметнасцю і асаблівасцямі прафесій аграрнага напрамку.

У рамках “Школы юных аграрыяў” прайшла сустрэча з прадстаўнікамі прафесійных дынастый хлебаробаў: сем’ямі Шурпіцкіх і Мілюнец. Мы даведаліся пра землякоў, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Ірына Іосіфаўна Мілюнец, былы галоўны бухгалтар калгаса імя Мічурына (цяпер КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”), расказала аб перавагах працы ў сельскай гаспадарцы, падкрэсліўшы, што гэта рэальная магчымасць зарабляць годныя грошы на роднай зямлі, асабліва ўлічваючы даплаты, якія належаць як студэнтам, так і маладым спецыялістам. Таксама Ірына Іосіфаўна падзялілася фактамі сваёй насычанай біяграфіі, якая цалкам прысвечана сельскай гаспадарцы”.

Марта Сахарэвіч, вучаніца 7 класа Канвелішскай СШ: “Лагер “Агра-Лета” — гэта магчымасць цікава правесці час. Я пазнаёмілася з гісторыяй аграгарадка Канвелішкі. Была пазнавальная фальклорная экспедыцыя па родных мясцінах разам з мясцовым краязнаўцам, былым настаўнікам нашай школы Рамуальдам Уладзіслававічам Бенем. Даведалася новыя паданні, якія абавязкова раскажу сваім сябрам. Запомніўся конкурс “Беларускія асілкі”, дзе юнакі паказвалі не толькі сваю сілу, але і розум, кемлівасць, вынослівасць. З нецярпеннем чакаю экскурсіі па Воранаўшчыне”.

Улада Мікалэйка, вучаніца 6 класа Канвелішскай СШ: “Агра-Лета” — мой любімы лагер. Тут весела і цікава. У мяне з’явіліся новыя сябры, паглядзела па-іншаму на нашых настаўнікаў: у лагеры яны крэатыўныя, умеюць жартаваць і падняць настрой. З задавальненнем удзельнічаю ў розных конкурсах, зарабляю “грошы”. Так-так, у нашым лагеры ёсць свая грашовая сістэма — гэта “бульбікі”. У мяне іх ужо тры. Грошы атрымліваюць самыя актыўныя ўдзельнікі дня”.

Дар’я Квецень, вучаніца 10 класа Беняконскай СШ: “Лагер “Агра-Лета” — гэта спецыфічная гаспадарка, у нас нават ёсць свой старшыня — Паліна Юргель. Кожную раніцу мы праводзім планёркі, дзе абмяркоўваем вынікі за мінулы дзень і ставім задачы на сённяшні. Мне падабаецца, што можна праявіць ініцыятыву і творчасць, што ў аснове ўзаемаадносін — дэмакратыя і ўзаемапавага”.

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-382.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-494.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-571.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-621.jpg

Ягор Сахарэвіч, вучань 9 класа Канвелішскай СШ: “Мае тата і мама працуюць у КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”. Тата — механізатар. Я таксама хачу працаваць з тэхнікай, мару быць механікам, паступіць у Жыровіцкі аграрны каледж. Мне падабаюцца заняткі аб’яднання па інтарэсах “Падарожжа ў свет аграрных прафесій”, дзе мы знаёмімся з цікавымі прафесіямі, якія запатрабаваны на вёсцы”.

Аляксандр Садоўскі, вучань 6 класа Канвелішскай СШ: “Мой тата таксама механізатар, ён ездзіць на чырвоным сучасным трактары. І я яму крышачку зайздрошчу, бо ў яго ёсць магчымасць працаваць на вялікіх палетках: сеяць, араць, апрацоўваць глебу. Тата — хлебароб, я таксама хачу працаваць на вёсцы. У лагеры нас знаёмілі з аграрнымі ўстановамі адукацыі, я выбраў Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, каб рамантаваць і абслугоўваць сельскагаспадарчую тэхніку”.

Аляксей Макарэвіч, вучань 10 класа Канвелішскай СШ: “Мне падабаецца ў нашым аздараўленчым лагеры, бо для сябе выбраў аграрны накірунак, мару паступіць у Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, каб стаць у будучым інжынерам-энергетыкам. Лагер дапамагае лепш зразумець спецыфіку прафесій, сустрэцца са спецыялістамі —аграномамі, заатэхнікамі, ветэрынарнымі ўрачамі, інжынерамі”.

Адно з заняткаў “Школы юных аграрыяў” праводзіла наша сяброўка, выпускніца аграрнага класа Таццяна Собаль.

— Гэта маё апошняе лета дзяцінства, — падзялілася Таццяна. — Два гады наведвала заняткі аграрнай групы і па мэтавым накіраванні паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Буду аграномам, каб укараняць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі, каб заўсёды на нашым стале быў смачны духмяны хлеб і карысная гародніна. Пасля вучобы вярнуся ў якасці маладога спецыяліста ў самую лепшую для мяне гаспадарку раёна — КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”. Будучыня вёскі залежыць ад нас, маладых”.

изображение_viber_2026-07-22_16-36-02-121.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-02-227.jpg

изображение_viber_2026-07-22_16-36-01-997.jpg

Наш лагер “Агра-Лета” — гэта не проста летні адпачынак. Гэта мост паміж школай і прафесіяй, магчымасць убачыць сучасную сельскую гаспадарку і зразумець: тут чакаюць нас, маладых, энергічных, гатовых працаваць на зямлі. Магчыма, менавіта гэтае лета стане для кагосьці з нас першым крокам да паспяховай кар’еры ў аграпрамысловым комплексе Воранаўскага раёна.

Паліна ЮРГЕЛЬ,

вучаніца 10 класа Канвелішскай СШ, удзельніца лагера “Агра-Лета”, слухач Школы юнага журналіста пры “Воранаўскай газеце”.

Фота з архіва Канвелішскай СШ.

Добавление комментария
CAPTCHA
*