“Беларусь заўжды будзе ў маім сэрцы”
Вернікі воранаўскага каталіцкага прыхода Святых Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша развіталіся са сваім настаяцелем — ксяндзом Анджэем Вітэкам. Далей яго служба Богу і людзям пройдзе ў шпіталі Шчэціна — святар ад’язджае на радзіму ў Польшчу. Напярэдадні ён сустрэўся з журналістамі “ВГ” і расказаў пра свой душпастырскі шлях на воранаўскай зямлі.
Закаханы ў Сінявокую
Каб быць святаром, трэба адчуць пакліканне душою, упэўнены ксёндз Анджэй. Будуючы дарослае жыццё, спачатку бачыў сябе ветэрынарам, нават атрымоўваў адпаведную адукацыю. Аднак у пэўны момант зразумеў, што яго сапраўдны шлях — гэта святарства. Лёс звёў яго з прадстаўнікамі закона палатынаў. Анджэю імпанавала харызма гэтых людзей, іх памкненні несці Бога па ўсёй зямлі. Практычна напрыканцы вучобы меў намер адправіцца на місію ў Паўднёвую Карэю. Але ў 1990 годзе трапіў на практыку ў Беларусь, рыхтаваў дзяцей да Святой Камуніі ў Германішках і дапамагаў святару ў Воранаве.
Праведзены на беларускай зямлі час, па прызнанні ксяндза Анджэя Вітэка, вельмі ўскалыхнуў яго душу. Ён назаўжды закахаўся ў нашу краіну. І трыццаць чатыры гады з задавальненнем працаваў на духоўнай ніве воранаўскай зямлі.
Гонар — санктуарый у Тракелях
Свой шлях як душпастыр ксёндз Анджэй распачынаў у Беняконях, паралельна працаваў у Германішках.
З 1992 года ксёндз Вітэк пачаў штодзённа абслугоўваць і тракельскі прыход. Хоць слава пра цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай выходзіла за межы Воранаўскага раёна, аднак вялікага прыцягнення паломнікаў не было.
Праз год святар арганізаваў першую пешую пілігрымку ў Тракелі. Яна сабрала больш за тысячу вернікаў. Дарэчы, сёлета ў Тракелях узносілі свае малітвы аж пад сем тысяч пілігрымаў. Старанні святара былі апраўданы — былы ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч аб’явіў гэтае месца дыяцэзіяльным санктуарыем. Ксёндз Анджэй ганарыцца сваім дзецішчам. Культ Маці Божай Тракельскай штогод пашыраецца, напаўняючы сэрцы вернікаў дабрынёй, пяшчотай і любоўю.
З асаблівай цеплынёй субяседнік успамінае працу з дзецьмі і моладдзю. Ён праводзіў урокі рэлігіі ў дзевяці кропках — ад Беняконяў да Ліды. Пры сустрэчах з ужо дарослымі гадаванцамі з задавальненнем прыгадваюць сумесныя гульні ў мяч, размовы па душы з міністрантамі і ўдзельніцамі касцёльнага хора. Усё гэта, несумненна, яднала моладзь.
20 гадоў — у воранаўскім прыходзе
— Здаецца, што прайшоў адзін дзень, — падводзіць вынік сваёй працы настаяцель. — Час насколькі хутка праляцеў, што нават і не мог падумаць, што давядзецца пакінуць Воранава. Аднак ёсць абавязак, як у кожным законе, і, атрымаўшы новае накіраванне, не маю права адказацца.
Настаяцель пакідае добры след душпастырскай працы. Сталі ўтульнымі святыня і яе тэрыторыя: з’явіліся прыгожыя вітражы, ацяпленне, зялёныя насаджэнні, малыя архітэктурныя формы… Але найбольш ксяндза Анджэя хвалюе духоўны складальнік. Ён заўжды імкнуўся духоўна ўзбагачаць сваіх прыхаджан, памнажаць іх веру на прыкладах Маці Божай і ўсіх святых.
— Наш касцёл носіць найменне Божай Міласэрнасці. У 2016 годзе, які лічыўся Годам міласэрнасці, наша святыня атрымала статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, — распавёў ксёндз Анджэй Вітэк пра яшчэ адзін свой здабытак. — Лічу, што гэта стала магчыма таму, што ў свой час святая сястра Фаўстына, якая вядома як мастачка абраза Ісуса Міласэрнага, праязджала праз Воранава ў Вільнюс. Пэўна, глядзела ў бок нашага пасёлка, што і паспрыяла годнай Богу справе. Дарэчы, нам пашчасціла выдаць кнігу пра гісторыю воранаўскага касцёла, дзе таксама ёсць інфармацыя пра Божую Міласэрнасць. Гэта пакіну ў спадчыну маім дарагім вернікам.
Дабрачыннасць
Доўгі час Анджэй Вітэк быў дырэктарам гродзенскага філіяла “Карытас”. Колькі малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў раёна, нягледзячы на веравызнанне, змаглі атрымаць матэрыяльную дапамогу, не злічыць. А з дзецьмі ў касцёле праводзілі час сёстры-палатынкі: арганізоўвалі гульні, духоўныя гутаркі.
Дабрачыннасць — богаўгодная справа, падкрэслівае святар. Таму Гасподзь падтрымлівае ўсе памкненні і ўсе пачынанні.
Душою зрадніўся з беларусамі і іх традыцыямі
— Ксёндз Анджэй, наколькі мне вядома, Вы заўжды цікавіліся культурай і традыцыямі нашай мясцовасці...
— Духоўныя і матэрыяльныя традыцыі, звычаі, якія існуюць на гэтай зямлі, увайшлі ў маё жыццё. Заўсёды дзяліўся імі з матуляй, расказваў, нават гатаваў нацыянальную беларускую кухню.
Беларусь стала для мяне другім домам, яна заўжды будзе ў маім сэрцы, як і людзі, якім служыў. Ведаеце, калі знаходзіўся на адпачынку ў Польшчы і ад’язджаў на Воранаўшчыну, заўжды казаў маме, што еду да хаты. Душпастырскую працу на беларускай зямлі буду ўзгадваць, як найлепшы час на жыццёвым шляху.
Ад сэрца кажу, што тут жывуць добрыя, гасцінныя і прыветлівыя людзі. Варанаўчане вельмі адкрытыя, духоўна багатыя. Хацелася б быць тут і надалей. Таму не хачу разрываць сувязі. Было б цудоўна, каб час ад часу маглі бачыцца там, дзе буду працаваць. Разам мы збудуем трэці санктуарый — толькі ўжо духоўны.
Дзякуй за вялікае сэрца і добры настрой
У мінулую нядзелю падчас імшы такія словы падзякі выказалі вернікі. Развітацца прыйшло вельмі шмат людзей. Запэўнілі святара, што ён будзе ў іх сціплых сэрцах і шчырай малітве.
Разам з удзячнымі словамі, кветкамі і падарункамі ксёндз Анджэй Вітэк атрымаў Грамату Воранаўскага райвыканкама.
— Ваша служэнне ў касцёле Божай Міласэрнасці пакінула незабыўны след у сэрцах людзей, — звярнулася да настаяцеля намеснік старшыні райвыканкама Гражына Крахмальчык. — Вы былі не проста святаром, але і сапраўднай духоўнай апорай для многіх сем’яў, актыўным удзельнікам шматлікіх раённых мерапрыемстваў, сацыяльных ініцыятыў. Мы заўжды маглі разлічваць на Вашу падтрымку і мудрую параду. Няхай Ваша дзейнасць і надалей прыносіць плён на ніве духоўнай працы.
Ксёндз Анджэй вельмі расчуліўся. Дзякаваў мясцовай уладзе за падтрымку і паразуменне, вернікам — за сумесныя малітвы і духоўны вопыт. Шчыра папрасіў прабачэння, калі кагосьці незнарок пакрыўдзіў. Запэўніў вернікаў, што заўжды будзе ўзгадваць іх у сваіх малітвах. У яго сэрцы заўсёды будзе жыць Воранаўшчына — прывабны куточак Беларусі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.
