Канікулы ў краіне кніг

22 марта 23 349
Канікулы ў краіне кніг

Паважаныя дзеці і бацькі, дарагія нашыя чытачы, запрашаем вас на вясновых канікулах наведаць Воранаўскую раённую бібліятэку і пазнаёміцца з кнігамі беларускіх пісьменнікаў. Творы, на якія мы прапануем звярнуць увагу, прынясуць вам непаўторную асалоду чытання. Прыгоды, фантастыка, казакі, паэзія перанясуць вас у свет, які падорыць цікавае, карыснае, непаўторнае падорожжа па краіне Чыталія.

▪ Т. І. Дамаронак “Аўтамабіль Пеця і яго сябары”. Колькі ўсяго цікавага і незвычайнага адбываецца ў нашым жыцці! Маленькі цацачны Трактар здольны ўзараць бабулін агарод, вясновы Трамвайчык прывозіць у горад чараўніцу Вясну, дзеці катаюць зайцаў на веласіпедзе. А яшчэ ў звычайным горадзе пасяліўся жывы дзіцячы аўтамабіль.Ён умее сябраваць і вельмі любіць дзяцей. Да таго ж ён заўзяты вандроўца. Пра прыгоды аўтамабіля Пеці і яго верных сяброў вы даведаецеся, калі прачытаеце гэтую займальную кнігу.

▪ Кнігі радунскай пісьменніцы А. Ч. Запаснік “Забота о Матушке-Природе» і «Подарок волшебника» напісаны на рускай мове і прысвечаны роднай прыродзе і экалагічным праблемам. Незвычайныя прыгоды ў лесе, на рэчцы, нават у космасе дапамогуць дзецям навучыцца беражлівым адносінам да прыроды. На старонках кніг ажываюць жывёлы, птушкі, кветкі і нават садавіна. Кнігі А. Ч. Запаснік дапамогуць лепш пазнаць навакольны свет, вырасці добрымі, смелымі і разумнымі.

▪ Г. В Марчук «Прыгоды ката Фокуса»: казкі. Кот — найлепшы сябра і дзяўчынкі, і бабулі, і ўсіх добрых людзей. Асабліва, калі гэта кот Фокус. Прыгодаў з ім мала не бывае: як ратавалі Фокуса, каго ратаваў сам Фокус і як ён быў ільвом. Казкі, з якімі цікава, казкі, якія робяць жыццё казачным, — для вас, дарагія чытачы.

▪ Г. Б. Пшонік «Бліскучая краіна». Як вы, шаноўныя хлапчукі і дзяўчынкі, наконт таго, каб не проста пагуляць у відэагульню, а зазірнуць у яе асабіста, гэта значыць — з адваротнага боку камп'ютарнага экрана? А пазнаёміцца з магчымасцямі чароўнага шарыка, што дапамагае выконвае жаданні, пра якія вы самі і не здагадваліся ? А даведацца, як вырошчваюцца «Крышталікі радасці» ? А пабываць на дзіўнай выспе забаў ? Тады разгортвайце і чытайце гэтую кнігу.

▪Г. Б. Пшонік «Чарадзейны калейдаскоп»: казкі для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Выданне ставіць перад дзецьмі пытанні ці варта намагацца быць праўдзівым, неэгаістычным, працавітым, спагадлівым да людзей, як патрабуюць дарослыя ? Не толькі варта, але і карысна, і нават цікава. Героі кнігі пачынаюць гэта разумець трапіўшы ў незвычайныя, часам рызыкоўныя, адным словам, казачныя сітуацыі. Кнігу для чытання можна набыць у Воранаўскай раённай і Радунскай гарпасялковай бібліятэках.

▪ К. Хадасевіч-Лісавая «Таямніца зачараванага балота: казачная аповесць. Дрыгва — небяспечнае мечца для гульняў, але толькі тады, калі ты маеш запрашэнне ад самога Багніка, гаспадара зачараванага балота, і першай лэдзі Кікімары. Вясёлая і адважная кампанія, у якую аб'ядналіся звычайныя дзеці Андрэй і Юля з іх незвычайнымі сябрамі Кімай, Марай і Балоцем, адкрые для чытачоў сакрэты зачараванага балота, зазірне ў самыя загадкавыя мясціны, запросіць у казачны свет і далучыць да незабыўных прыгод.

Ну што, зацікавіліся? Гэтыя выдатныя творы можна набыць для чытання не толькі ў Воранаўскай раённай бібліятэцы, але і ў сельскіх бібліятэках раёна.

Алена ВЕЛІГОР,

бібліёграф аддзела абслугоўвання

і інфармацыі ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*