Нацкая бібліятэка адзначае юбілей

01 февраля 24 330

5f206aafca17a3e570d051c5d7846bcd.jpg
Ёсць у вёсцы Нача месца, куды спяшаюцца людзі. Гэта месца — філіял “Нацкая сельская бібліятэка”. Кожны дзень яна прымае сваіх чытачоў, кожны дзень гасцінна расчыняе дзверы. Колькі іх было ў яе, дзён, напоўненых радасцю, адкрыццямі, пошукамі!

Калі пачаць з гісторыі, то ў вёсцы Нача бібліятэка пачала працаваць са студзеня 1949 года. Для яе былі выдзелены два невялікія пакоі ў будынку, які належаў Нацкаму каталіцкаму прыходу. Ёсць звесткі, што ў 1953 годзе фонд бібліятэкі папоўніўся на 975 кніг. З года ў год павялічваўся яе фонд, расла колькасць чытачоў. Сёння ў бібліятэкі больш за 250 карыстальнікаў, амаль 11,2 тысячы экзэмпляраў дакументаў: кнігі, часопісы, газеты, дыскі, аудыёкасеты. Бібліятэка-юбіляр адпавядае часу. Ёсць выхад у Інтэрнэт, электронная пошта. Гэта дазваляе аператыўна абслугоўваць чытачоў, хутка і якасна задавальняць іх запыты.   

777d6a48798633f22f2cd0831ca0fbba.jpg

Работа бібліятэкі накіравана на інфармацыйна-дакументнае забеспячэнне запытаў чытачоў, духоўна-маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, на адраджэнне, развіццё беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі і гістарычнай спадчыны. Яна працуе ў рамках мэтавай бібліятэчнай праграмы “Я люблю свой родны край”, разлічанай на 2021-2025 гады. У рамках краязнаўчага праекта “Адкрый свой родны край” сабраны багаты краязнаўчы матэрыял па гісторыі краю, пра яго знакамітых людзей, якія вызначыліся плённай працай і асабістымі заслугамі, створаны фоталетапіс “Мая вёска, мае аднавяскоўцы”. Аформлены альбомы «Нарбуты — старажытны шляхецкі род герба “Тромбы”, “Лепшы сын воранаўскай зямлі”, “Тэадор Остык-Нарбут”, “В.А. Шукевіч у памяці землякоў”, “Паслядоўнік Лінэя (С.Б. Юндзіл)”. На аснове краязнаўчага матэрыялу зняты відэафільм “Нача: крокі гісторыі”.

Бібліятэка заўсёды з’яўлялася для чытачоў “вугалком для адпачынку”. Пры ёй працуе аматарскае аб’яднанне «Натхненне», удзельнікамі якога з’яўляюцца непаўналетнія, якія з задавальненнем прыходзяць на майстар-класы і сваімі рукамі робяць вялікодныя ўпрыгожванні, вырабы з саломкі.                                         

У 2011 годзе Нацкая сельская бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчую справу”, атрымала трэцюю прэмію. За ўдзел у ХХХ рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў бібліятэчнай справе” ўзнагароджана дыпломам 1-й ступені. Бібліятэка неаднаразова станавілася пераможцам раённых конкурсаў і праектаў: “Нам ёсць кім ганарыцца” (2021г.), “Кніжная выстава: новы фармат” у намінацыі “Нетрадыцыйная кніжная выстава” (2021г.), бібліятэчны анлайн-праект “Правнуки нашей Победы” (2022г.).

Галоўнае багацце ўстановы — гэта людзі. Хочацца ўзгадаць тых, хто працаваў у Нацкай сельскай бібліятэцы: Малашэвіч, К. Вайткун, М.В. Матэйка, М.В. Чырская, А.А. Швед, В.П. Клімовіч, Т. Габіс, Г.Я. Амбражук, А.П. Паезднік, В.М. Запаснік. 

8aace587e6245c107ad75aec63d6c3ae.jpg

Цяпер у філіяле “Нацкая сельская бібліятэка” працуе Людміла Яўгеньеўна Берцэвіч, бібліятэкар 1-й катэгорыі, аддала любімай справе ўжо больш за 30 гадоў.

Прайшоўшы 75-гадовы шлях, бібліятэка ўнесла свой уклад у справу фарміравання і развіцця культуры раёна. Усе гэтыя гады яна была запатрабаваная і сацыяльна прывабная для яе карыстальнікаў. А гэта і ёсць прызнанне!

Таццяна ВАЗБАНОВІЧ,

намеснік дырэктара ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*