Прафарыентацыя для пачаткоўцаў у Доцішскай сярэдняй школе

01 декабря 21 108

image002.jpg

У Доцішскай сярэдняй школе, акрамя навучальнага працэсу, шмат увагі навучэнцаў скіравана на развіцце выхаваўчых, патрыятычных і грамадзянскіх адносін.

Педагогі лічаць, што нават малым дзецям неабходна расказваць пра месца, дзе яны нарадзіліся і жывуць, выхоўваць пачуццё любові да малой радзімы. Ужо з дашкольнага ўзросту дзеці павінны ведаць, у якой краіне яны жывуць, чым яна адрозніваецца ад іншых. Наша задача — прывучаць дзяцей беражліва ставіцца да таго, што створана бабулямі, дзядулямі, матулямі і татамі. Праз свой уласны прыклад прывучаць да падтрымлівання парадку і чысціні ў грамадскіх месцах, на вуліцы, у школе, у сваім двары. Своечасова дадзеныя дзецям веды абавязкова будуць садзейнічаць правільнаму фарміраванню грамадзяніна сваёй краіны.

Менавіта пагэтаму, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, педкалектыў нашай установы адукацыі вядзе работу, скіраваную на прафарыентацыю.Ужо сёння неабходна дбаць пра тое, хто сядзе за руль трактара або камбайна, хто будзе працаваць на фермах і ў полі праз 7-10 год.

Вядома, самым эфектыўным і цікавым спосабам успрымання інфармацыі, асабліва для дзяцей, з’яўляецца наглядны. У мясцовым КСУП “Доцішкі” ёсць шмат цікавых сельскагаспадарчых аб’ектаў, на якіх можна пабываць. Гэта і зрабілі навучэнцы 1-4 класаў, наведвальнікі групы падоўжанага дня нашай установы. Адправіцца вырашылі на малочна-таварную ферму аграгарадка Доцішкі. Кацярына Кулеш — загадчыца фермы ветліва сустрэла гасцей і правяла для іх цікавую экскурсію. Нам паказалі домікі-кабінкі, з якіх выглядалі цікаўныя маленькія цяляткі. Дзеці адразу прыняліся даваць ім мянушкі, пасля паспрабавалі паіць іх малаком. Маім выхаванцам настолькі спадабаліся гэтыя цяляткі, што яны нават захацелі іх выкупіць.

image001.jpg

Затым нам паказалі корпус з дойнымі каровамі, была магчымасць паназіраць за кармленнем жывёл. Падчас экскурсіі даведаліся, што частка працы людзей механізавана, што значна яе палягчае. Бачылі і халадзільнік-сховішча, у якім захоўваецца малако да таго часу, пакуль прыедуць малаказборачныя машыны і запоўняць цыстэрны, каб адвезці атрыманы прадукт на малочны завод.

Па заканчэнні візіту дзеці дзякавалі за цікавую экскурсію і прыйшлі да высновы, што праца на ферме вельмі цяжкая, але не менш патрэбная і важная. Многія з іх задумаліся звязаць свой лёс з фермерствам або ветэрынарыяй.

Галіна Шымялевіч,

выхавацель групы падоўжанага дня ДУА “Доцішская СШ”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*