Нашы мiласэрныя


Менавіта так называюць сацыяльных работнікаў Дзмітрыя і Святлану Верамовіч іх падапечныя — людзі пажылога ўзросту з Місявічаў, Курчоўцаў і Куклёў. У вёсцы Куклі Місявічскага сельсавета (тут пражывае гэтая сямейная пара) іх ведаюць як добрых і чулых суседзяў, якія паважліва ставяцца да старэйшых, заўжды дапамагаюць усім, а не толькі тым, за кім замацаваны сацыяльнай службай. Дарэчы, тут яны працуюць ужо не першы год. На абслугоўванні ў Дзмітрыя і Святланы 17 адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, да якіх патрэбна заглянуць не менш чым два разы на тыдзень і кожны дзень патэлефанаваць і спытацца пра стан здароўя і патрэбы.

Ужо з самага ранку Верамовічы пачынаюць свой аб’езд: патрэбна і ў магазін зайсці, каб купіць неабходнае для сваіх дзядкоў, ды і ў аптэку — за лекамі, бо, вядома ж, у людзей пажылога ўзросту заўжды знойдуцца нейкія хваробы. А потым ездзяць ад адной хаты да другой, і тут і там чакаюць іх, як самых родных. Бо толькі яны і вады прынясуць, і ежу прыгатуюць, а калі патрэбна, то Дзмітрый і лямпачку заменіць, і цвік прыб’е — уся мужчынская праца ляжыць на яго плячах, а вось Святлана, як добрая гаспадыня і чулая “дачка”, прыбірае, мые, нават ціск памерае і слова добрае скажа. Усе іх падапечныя бабулі і дзядулі не могуць нахваліцца на сваіх міласэрных, толькі добрыя словы гучаць у іх адрас, нават ад тых, у каго яны пабывалі на падмене адпачынку другіх супрацоўнікаў.

На мой погляд, гэта заканамерна, бо ў сацыяльнай службе няма выпадковых людзей. Тут працуюць самыя добрыя і чулыя. А Верамовічы ды і наогул тут нездарма, бо менавіта сам лёс ім наканаваў гэтую працу. Дзмітрый калісьці працаваў у мясцовай гаспадарцы шафёрам, а яго нябожчыца жонка Ірына — у сацыяльнай службе. Калі любая пачала хварэць, то ён стаў дапамагаць яе падапечным. Хвароба ўсё болей завалодвала жанчынай, і яна адышла з гэтага свету, пакінуўшы малую дачушку і мужа. Ірына, працуючы сацыяльным работнікам, аддала 15 год свайго жыцця на карысць людзям. Яе справу прадоўжыў Дзмітрый, ён не толькі спраўляўся з хатняй гаспадаркай, выхоўваў  дачушку, але і заваёўваў любоў і павагу сваіх падапечных. Прайшло некалькі гадоў, дачушка падрастала і патрабавала жаночай увагі. Родныя Дзмітрыя гэта заўважалі і раілі яму, каб ён знайшоў сабе жонку, а дзяўчынцы — тую, якая зможа даць ёй матчыну любоў і цеплыню. Аднойчы, калі мужчына гасцяваў у сваёй сястры ў г. Масты, яго пазнаёмілі з прыветлівай і чулай Святланай. У той час, так склаўся лёс, яна адна выхоўвала двух дзетак, працавала ў гандлі, але яшчэ па магчымасці дапамагала сваім бацькам, якія, дарэчы, таксама як і Дзмітрый, працавалі ў сацыяльнай службе. Так яны і знайшлі адзін аднаго, пажаніліся, пераехалі ў Куклі і сталі разам выхоўваць сваіх ужо трох дзетак. А пытанне, куды пайсці працаваць Святлане, неяк вырашылася само сабой: яна стала дапамагаць свайму мужу і так захапілася гэтай працай, што такога чалавека не маглі не ўзяць у сацыяльную службу.

Верамовічы не толькі ў сілу сваёй прафесіі, але і ад свайго чулага сэрца бяруць на сябе праблемы і боль сталых людзей і па меры сваіх магчымасцяў спрабуюць іх вырашыць. Яны ведаюць кожнага характар і патрэбы, адносяцца да іх, як да родных бацькоў, а тыя, у сваю чаргу, адказваюць ім узаемнасцю. І цяжка ўявіць сабе, што было б з гэтымі старэнькімі бабулямі і дзядулямі або інвалідамі і наогул з тымі, каму няма адкуль чакаць дапамогі, каб не сацыяльныя работнікі. Хочацца пажадаць усім, хто адзначае гэтае прафесійнага свята, здароўя, дабрабыту, а галоўнае, каб іх сэрцы ніколі не ачарсцвелі.

Наталля Івуць.

На здымку: Верамовічы ў сям’і ветэрана вайны Б. Русіновіча.

Фота Алега Бельскага.
Добавление комментария
CAPTCHA
*