Культработнікі Воранаўшчыны прадставілі ў Скідзелі спектакль, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і атрымалі шэраг узнагарод.

У мінулую суботу Скідзельскі гарадскі Дом культуры стаў сапраўднай тэатральнай пляцоўкай Гродзеншчыны. Там прайшла вялікая культурная падзея — свята “Несцерка запрашае”. Яно праводзіцца раз у два гады па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў. Са сваім спектаклем “Слязінкі Хатыні па ўсёй Беларусі” выступілі ўдзельнікі тэатральнага гуртка Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Надзеі Лісоўскай.
Моцная пастаноўка аматарскага калектыву вельмі ўразіла гледачоў. Яскравая ігра акцёраў, асабліва хормайстра Радунскага цэнтра нацыянальных культур Андрэя Жэгздрына, падмацоўвалася дакументальнымі кадрамі жахлівых падзей Вялікай Айчыннай вайны. Дзейства болем адгукнулася ў сэрцах гледачоў — і яны не змаглі стрымаць эмоцыі.
Удалы выступ — гэта напружаная праца не аднаго дня ўсяго творчага калектыву, адзначыла дырэктар Воранаўскага РЦКіНТ Ірына Камінская. Быў назапашаны вопыт выступленняў на патрыятычную тэматыку — гэта літаратурна-музычныя кампазіцыя і замалёўка “І памяць сэрца не маўчыць”, “У вайны не жаночы твар”, спектакль “Дзеці вайны” і іншае.
За прадстаўлены вопыт па патрычнаму выхаванню насельніцтва сродкамі мастацкага слова Ірына Камінская ўзнагароджана Падзячным лістом Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Яна ж атрымала дыплом за лепшую рэжысуру спектакля, а Андрэй Жэгздрын — за лепшую мужчынскую ролю. У намінацыі “Музычна-драматычны спектакль” у дарослай узроставай катэгорыі наш тэатральны гурток адзначаны дыпломам.
Наступнае свята “Несцерка запра-шае” праз два гады прыме Бераставіца.






Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота з архіва РЦКіНТ
і Кацярыны ГАЙЖЭЎСКАЙ.
