В этом году у всех десятиклассников будут новые учебники: побывали на полиграфкомбинате и увидели, как они печатаются

Образование 06 августа 20 909
  В этом году у всех десятиклассников будут новые учебники: побывали на полиграфкомбинате и увидели, как они печатаются
Канвеер ведаў

 

Новыя падручнiкi заўсёды валодалi нейкай асаблiвай магiяй. Пах палiграфiчнай фарбы, шоргат свежай паперы, яркiя iлюстрацыi: разглядаць кнiгi, якiя толькi што выйшлi з друкарскай машыны, — адно задавальненне. Праўда, мала хто ведае, якi доўгi шлях яны праходзяць, перш чым трапляюць на парты школьнiкаў. Напярэдаднi навучальнага года карэспандэнты СБ  пабывалi на ААТ «Палiграфкамбiнат iмя Якуба Коласа» i здзiвiлiся, як шмат працы ўкладзена ў падручнiкi, заклiканыя стаць праваднiкамi ў свет ведаў.
У пачатку было слова

Мы патрапiлi на палiграфкамбiнат у самы пiк сезона. Праца ў дзве змены, адсутнасць выхадных — парушыць графiк i тым самым абдзялiць школьнiкаў кнiгамi ну нiяк недазваляльна. А ўлiчваючы, што прадпрыемства выпускае больш за 70 працэнтаў усiх падручнiкаў, на яго ўскладаюць асаблiвыя надзеi. Толькi ўдумайцеся: супрацоўнiкi палiграфкамбiната ўжо аддрукавалi больш за 2 мiльёны экзэмпляраў i тэмп змяншаць пакуль не збiраюцца: у гэтым месяцы яны плануюць выпусцiць падручнiкi па замежных мовах i беларускай лiтаратуры агульным накладам больш за 400 000 штук. У вераснi праца працягнецца: друкары плануюць выпусцiць другiя часткi падручнiкаў, якiя трапяць да дзяцей толькi ў трэцяй чвэрцi.

— Перш чым узяцца за працу, мы ўдзельнiчаем у палiграфiчным тэндары, якi праводзiцца выдавецтвамi: галоўны крытэрый адбору — якасць i прывабная цана. Наклады сур’ёзныя, адзiн падручнiк можа друкавацца ў больш чым 100 000 экзэмпляраў. Лiтаральна ўчора адгрузiлi навюткi «Русский язык» для 10 класа — 132 000 кнiг атрымалася, — Ларыса Шчэбетава, намеснiк дырэктара па вытворчасцi, праводзiць нас у друкарскi цэх. Ля ўвахода — вялiкiя ролiкi паперы, вагой больш за сотню кiлаграмаў. Перш чым патрапiць у друкарскую машыну, на спецыяльным абсталяваннi рулоны паперы разразаюцца на асобныя аркушы. Паралельна з гэтым на ўчастку дадрукарскiх працэсаў вырабляюцца друкаваныя формы па макетах выдавецтваў. Ну а далей справа тэхнiкi — друкарская машына, як гарачыя пiражкi, выдае на паддон асобныя аркушы з хуткасцю каля 15 000 штук у гадзiну.

Традыцыйны фармат

Як жа вялiкiя папяровыя палотны ператвараюцца ў старонкi падручнiкаў? Гэта ўсё адбываецца ў пераплётна-брашуровачным цэху. На фальцоўцы аркушы складаюцца ў сшытак, кожны са сваiм нумарам. Паралельна вырабляецца пераплётная накрыўка, прыклейваецца форзац, сшыткi падбiраюцца ў адзiны камплект i прашываюцца памiж сабой. I, нарэшце, апошнi этап: злучэнне прашытага блока з пераплётнай накрыўкай. Вуаля — у мяне ў руках падручнiк беларускай мовы для 10 класа, з яркiмi старонкамi якога зусiм хутка пазнаёмяцца нашы школьнiкi. Каб надрукаваць увесь тыраж, спецыялiсты трацяць адзiн-два тыднi.

— Дарэчы, наша прадпрыемства — адзiнае ў краiне, дзе вырабляюцца кнiгi са шрыфтам Брайля для дзяцей са слабым зрокам. Калi я бачу нашы падручнiкi i дзённiкi ў школьнiкаў, адчуваю гонар за прадпрыемства: мы займаемся важнай справай, — дзелiцца эмоцыямi Ларыса Шчэбетава. — Для мяне самы цiкавы падручнiк — гэта буквар, першая кнiга, якую бяруць у рукi маленькiя вучнi, у ёй шмат малюнкаў. Хоць цяпер усе кнiгi для школьнiкаў рыхтуюць настолькi скрупулёзна, што немагчыма вока адарваць. Якасць падручнiкаў моцна вырасла: калi раней для старэйшых класаў мы выкарыстоўвалi толькi дзве фарбы, то зараз — усе чатыры. Так, цяпер кнiгi сыходзяць у электронны варыянт, але, на маю думку, падручнiк павiнен заўсёды заставацца ў традыцыйным фармаце. Няхай дзецi iх трымаюць у руках i ведаюць, колькi працы мы ўклалi: гэтыя кнiгi зроблены з любоўю. Жадаем усiм школьнiкам поспехаў у новым навучальным годзе i трапяткога стаўлення да ведаў у вокладцы!

sb.by
Добавление комментария
CAPTCHA
*