Андрэй Гецэвіч, кандыдат гістарычных навук: «У 1930-я гады польскія ўлады ліквідавалі апошнія школы з беларускай мовай навучання ў Заходняй Беларусі»

Андрэй Гецэвіч, кандыдат гістарычных навук: «У 1930-я гады польскія ўлады ліквідавалі апошнія школы з беларускай мовай навучання ў Заходняй Беларусі»

Андрэй Гецэвіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы:

 – У перыяд да 17 верасня 1939 года, калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, беларуская мова перажывала вельмі складаны час. Польскія ўлады прымалі шмат мераў, каб поўнасцю выкараніць нашу мову. А таму адзін з важнейшых накірункаў развіцця народа – школьная адукацыя – ў Заходняй Беларусі была звязана з праблемай захавання беларускіх школ. У 1920-я гады польскія ўлады прынялі рад нарматыўных актаў, якія фармальна дазвалялі суіснаваць у сістэме адукацыі нашага рэгіёну як школ з польскай, так і беларускай мовамі навучання. Але ў гэты ж перыяд стаўка рабілася і на павелічэнне школ са змешанай мовай навучання – польскай і беларускай. Разам з тым, агульная тэндэнцыя да страты беларускай адукацыяй сваіх пазіцый была проста відавочнай.

Ужо ў 1930-я гады польскія ўлады, ігнаруючы ўсе міжнародныя і канстытуцыйныя абавязацельствы, увогуле ліквідуюць апошнія школы з беларускай мовай навучання, пераводзячы іх на польскую.

Трэба адзначыць, што польскія ўлады здолелі аднавіць і нават пашырыць сетку школ у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах, дабіцца некаторых поспехаў у ліквідацыі непісьменнасці. Але гэта гаворыць толькі аб тым, што менавіта праз адукацыю яны вырашалі стратэгічнае пытанне для Польшчы – асіміляцыю маладога пакалення этнічных супольнасцей, а гэта беларусы, яўрэі, украінцы, рускія, літоўцы, якія пражывалі на «крэсах усходніх».

За некалькі дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя насельніцтва Беларусі перажывала ўжо не адну асіміляцыю – русіфікацыю і паланізацыю. Відавочна, што такая сітуацыя не магла задаволіць мясцовае беларускае насельніцтва. Але патрэбна ўлічваць, што беларусы, якія ў массе сваёй мелі невысокі ўзровень жыцця, проста не маглі развіваць прыватныя беларускія школы. Разам з тым, барацьба за адукацыю на роднай мове стала адным з патрабаванняў беларусаў да польскіх уладаў, нараўне з патрабаваннямі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага характару.

Тады беларускія нацыянальныя арганізацыі і палітычныя партыі, негледзячы на ціск і рэпрэсіі з боку польскіх уладаў, сталі актыўна праводзіць працу па папулярызацыі культурна-гістарычнай спадчыны народа, ліквідацыі непісьменнасці, самаадукацыі.

І толькі ў 1939 годзе, пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР, пачаўся перавод навучання ў школах на родную мову. У гістарычнай літаратуры зафіксаваны нават канкрэтныя лічбы. Напрыклад, у 1941 годзе ў заходніх  абласцях БССР працавалі 4192 беларускія школы, 987 – польскіх, 173 – рускія, 168 – яўрэйскіх, 63 – літоўскія і 43 – украінскія школы. 

https://grodnonews.by/

Добавление комментария
CAPTCHA
*