Гукалi вясну

С праздником 15 марта 11 1599
Цікавае свята адбылося 4 сакавіка ў дзіцячым садку №3, што ў вёсцы Баяры. Там спачатку віншавалі матуль і бабуль са святам 8-га Сакавіка ў зале, а потым арганізатары мерапрыемства, у ролі якіх выступіў увесь калектыў супрацоўнікаў дашкольнай установы, усіх запрасілі на вуліцу. На тварах прысутных было відаць здзіўленне і нямое пытанне: “Чаму на вуліцу, што мы будзем там рабіць?” А на панадворку дзіцячага садка гучала вясёлая музыка, гарэла вогнішча — усё было гатова, каб пачаць святкаваць Масленіцу. На гэтае фальклорнае свята былі запрошаны і былыя выхаванцы садка, і дзеці, якія толькі рыхтуюцца яго наведваць. Для іх мерапрыемства стала своеасаблівым знаёмствам з вясёлым і пазнавальным жыццём у дзетсадаўскай краіне. Прыбылі на свята казачныя персанажы, ды нячыстая сіла завітала — як жа без яе? Усе разам гукалі вясну, спявалі прыгожыя песні, гулялі ў цікавыя беларускія народныя забавы, вадзілі навокал вогнішча карагоды. Як вядзецца здаўна, на Масленіцу паляць чучала — кажуць, разам з ім згараюць усе беды і непрыемнасці. Таму выхаванцы — як былыя і цяперашнія, так і будучыя — разам са сваімі бацькамі і выхавацелямі таксама спалілі на вогнішчы чучала.
А якая ж Масленіца без бліноў! На свежым паветры ды з духмянай гарбатай, ды пасля такіх гучных забаў бліны на талерцы расталі, як зімовы снег на вясеннім сонейку. На гэтым свяце дзеці не толькі падсілкаваліся блінамі і павесяліліся, але і даведаліся шмат новага і цікавага пра тое, як святкуецца Масленіца. Гэта яскравы прыклад патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, прывіцця ў яго любові да роднай краіны, яе мовы і звычаяў. І я ўпэўнена, што калектыў дзіцячага садка №3 ідзе ў правільным накірунку, бо, зберагаючы спадчыну, мы будуем сваю будучыню. Плёнаў вам у працы, паважаныя педагогі, і творчага натхнення ў такой нялёгкай справе — выхаванні сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь!
Наталля ПЕЦІНА.
На здымках: здымак на памяць; але ж і смачныя бліны; вось яна — Вясна.
Фота з архіва дзіцячага сада №3.   



Добавление комментария
CAPTCHA
*