Пытаннi без увагi не застануцца

Актуально 31 мая 11 2011
11 мая старшыні раённага Савета дэпутатаў Святаславу Конану на прамую лінію патэлефанавала 7 жыхароў нашага раёна. Усе іх пытанні ён выслухаў і зафіксаваў, а некаторыя з іх ужо вырашыліся на момант публікацыі матэрыялу.
Пенсіянер Ф. Мялько (в. Парубішкі) атрымаў соткі пад пасадку бульбы, за што з яго сельгаспрадпрыемствам утрымліваецца пэўная сума за іх абслугоўванне. Ён пацікавіўся магчымасцю плаціць танней, напрыклад, па расцэнках, устаноўленых для членаў саўгаса. А патрэбу сваю матывіраваў тым, што амаль трыццаць гадоў працаваў у  гэтай гаспадарцы. Дырэктар РУСП саўгас “Воранаўскі” І. Мялько паясніў, што такой магчымасці Фелікс Станіслававіч не мае, паколькі не з’яўляецца членам саўгаса — на пенсію выходзіў з другой арганізацыі.
Дзве жанчыны з Пераганцаўскага сельскага Савета паскардзіліся на нязручнасці, якія дастаўляе ім няспраўная каналізацыйная сістэма. Па гэтай прычыне затоплены падвал дома, у якім пражывае шматдзетная сям’я М. Войшніс (в. Навіянка). М. Ягелла (аг. Пераганцы) паведаміла, што ў двары прарвала каналізацыю, некалькі тыдняў няма вады ні ў яе, ні ў суседзяў. Аднак за паслугу водазабеспячэння неабходна плаціць. Разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы ў яе вырашэнні належыць жыллёва-камунальнай гаспадарцы і старшыні Пераганцаўскага сельсавета — ім адасланы даручэнні.
З просьбай аднавіць работу радыёкропкі звярнулася Т. Нарбут з г.п. Воранава. Сувязістам пераадрасавана і пытанне І. Андрушкевіч, якая пацікавілася тэрмінамі тэлефанізацыі вуліцы Веснавой: заяўленні яе жыхары напісалі яшчэ ў студзені гэтага года.
Пажаданне завозіць малако ў цэнтральны магазін аг. Беняконі раніцай, а не пасля абеду (цёплае надвор’е спрыяе хуткаму скісанню гэтага прадукту), выказанае жыхарамі гэтага населенага пункта, выканана дзякуючы садзейнічанню кіраўніцтва ААТ “Лідскі малочнакансервавы камбінат”.
Ф. Круповіч з вёскі Верхняя Ваверка набраў нумар прамой лініі, каб падзякаваць за аказанае садзейнічанне ў наладжванні пад’езда да хутара. Словы ўдзячнасці ён адрасаваў старшыні Воранаўскага райсавета дэпутатаў, Місявічскага сельсавета, кіраўніцтву ДРБУ-120.
Канструктыўная размова атрымалася ў С. Конана з насельніцтвам Гіркаўскага сельскага Савета 24 мая. Жыхары вёсак Клайшы і Салтанішкі, здаецца, і не былі настроеныя скардзіцца: яны прыйшлі пачуць ад прадстаўнікоў улады, пагранічнай і медыцынскай служб, праваахоўных органаў штосьці новае і карыснае. Дарослыя слухалі, а самыя маленькія вяскоўцы з цікаўнасцю назіралі за тым, што адбываецца. Увогуле, прысутнасць дзяцей надавала сустрэчы асаблівую атмасферу — добразычлівасці і даверу. Паступова  высветліліся пытанні, якія хвалююць людзей.
Вяскоўцы выказалі пажаданне атрымаць новую пашу, не задавальняе іх і прагон статка па цэнтральнай вуліцы, якая і ў Клайшах, і ў Салтанішках асфальтаваная. Гандлёвыя аб’екты нараканняў не выклікаюць, толькі цэны, якія апошнім часам “паўзуць” уверх:
— Усё ёсць у магазіне, абы толькі грошы. Толькі іх і не хапае... — жартаўліва-іранічна заўважылі яны.
Жыхары Салтанішкаў выказалі галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы А. Ануфрыеву пажаданне, каб фельчар наведваў нямоглых людзей на даму, паскардзіліся на чаргу каля кабінета тэрапеўта ў Радунскай бальніцы. Клайшанцы разумеюць занятасць іх доктара на ФАПе, але ў яе  адсутнасць няма каму адпускаць лекі, падкрэслілі неабходнасць атрымання стаматалагічных паслуг на месцы.
Агучаныя пытанні, канешне, не злабадзённыя, але ўсё роўна патрабуюць увагі. У тым, што яны будуць вырашацца ўсімі магчымымі спосабамі, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Конан  запэўніў сваіх суразмоўцаў.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
На здымку: на сходзе ў в. Салтанішкі.
Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*